Главная / Новости / Новости района
04.03.2024

Оперуполномоченный отделения криминального розыска Кореличского РОВД Максим Меленяко: «Мы собираем данные по крупицам, которые потом складываются в общую картину»

 Многія ў дзяцінстве мараць стаць супрацоўнікамі міліцыі. Прыгожая форма, статус і павага – усё гэта і не толькі прыцягвае юнакоў  і дзяўчат. Ураджэнец  вёскі Горная Рута Максім Меляняка   таксама вырашыў прысвяціць сябе службе ў міліцыі, каб ахоўваць грамадскі парадак і бяспеку людзей, і ажыццявіў сваю мару.

– З ранняга дзяцінства ведаў, што буду насіць пагоны міліцыянера, –  пачынае свой аповед  оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку старшы лейтэнант міліцыі Карэліцкага РАУС Максім Меляняка. – У працы міліцыянера  я заўсёды бачыў шмат важных плюсаў, і гэта не толькі арганізаванасць, адказнасць, высокая заработная плата і прыгожая форма, але, вядома ж, юрыдычная граматнасць, магчымасць дапамагаць людзям у розных жыццёвых сітуацыях.

З органамі ў свой час звязалі сваё жыццё блізкія  юнаку людзі: адзін дзядзька нёс службу ў Карэліцкім РАУС, адсюль і пайшоў на заслужаны адпачынак, а другі  доўгі час працаваў у Навагрудку, дзе быў супрацоўнікам ДАІ. Так што ўзор сапраўды адказнага стаўлення да справы чалавека ў пагонах   заўсёды быў перад вачыма.

– Пасля атрымання атэстата  ў 2009  годзе спрабаваў паступаць у Акадэмію МУС, але на той час гэта было няпростым выпрабаваннем для выпускніка школы, бо ў вну быў вялікі конкурс. І мне не хапіла некалькі балаў, каб ажыццявіць мару дзяцінства. Пайшоў служыць у армію, і ўжо тады вырашыў, што гэты вопыт дапаможа  мне  стаць супрацоўнікам міліцыі. Так і выйшла, –  з усмешкай сказаў Максім.

Спасцігаць асновы зносін з далёка не законапаслухмянымі грамадзянамі ён пачаў у Мінску: спачатку працаваў у Мінскім  аддзяленні ўнутраных спраў на паветраным транспарце, потым два гады праслужыў у патрульнай службе,  затым  – у аддзяленні крымінальнага вышуку. У 2021 годзе вырашыў вярнуцца на родную Карэліччыну.

–  Ужо з асабістага  вопыту работы магу сказаць, што аснову працы супрацоўніка крымінальнага вышуку складаюць зносіны з людзьмі. Ні ў адной акадэміі не могуць падрыхтаваць да гэтага на 100%. Кожны чалавек – гэта новы свет, новае бачанне, новы метад зносін і зусім іншыя падыходы да кожнага. У задачу супрацоўнікаў аддзялення крымінальнага вышуку ўваходзяць не толькі размовы з правапарушальнікамі, якія ахвотна распавядаюць, што яны нарабілі, але і з тымі, хто да апошняга маўчыць і думае, што гэтым ён засцеражэ сябе ад пакарання за зробленае. У любым выпадку аператыўніку трэба ўмець знайсці тыя нітачкі, за якія можна пацягнуць – і чалавек раскрыецца.  Думаю, што кожны з маіх калег  лічыць сваёй маленькай перамогай, калі падазраваны, які адмаўляўся ісці на кантакт, пачынае гаварыць. Некаторым з парушальнікаў ад гэтага нават лягчэй становіцца, яны нібы груз з душы скідаюць. Але тут яшчэ таксама важна дайсці да ісціны, таму што часам нават у такім прызнанні можа хавацца маленькая хлусня. Гэта таксама трэба ўбачыць, часам нават адчуць інтуітыўна. Намаганні оперупаўнаважанага амаль ні ў адным дакуменце і выніковай справаздачы не адлюстроўваюцца. Гэта  праца нялёгкая і амаль нікому не бачная. Аднак без яе любое злачынства вельмі цяжка раскрыць. Аператыўнікі збіраюць звесткі па крупінках,  яны  затым складаюцца ў адзін агульны вынік, – адзначыў важнасць  справы оперупаўнаважаны.

Пра ўсе тонкасці сваёй працы як аператыўніка распавесці ён не можа нават пры ўсім жаданні. У супрацоўнікаў крымінальнай міліцыі шырокі аб’ём работы – ад радавых скаргаў насельніцтва да рэзанансных злачынстваў. З кожным выпадкам трэба разбірацца не па шаблоне, хоць многія справы падобныя і паўтараюцца па ўжо вядомых схемах.  Але самае галоўнае  – умець правільна ацаніць  сітуацыю і зрабіць правільныя высновы.

Як і для любога іншага прадстаўніка праваахоўных органаў,  Максіму важны надзейны тыл. Жонка Анастасія,  дачка Сафія і маленькі Мацвей акружаюць мужнага служыцеля закона клопатам і ўвагай, разумеюць, што калі ён адправіўся ў пазаўрочны час на работу, то справа сур’ёзная. Анастасія заўсёды падтрымлівае мужа, з разуменнем ставіцца да  выклікаў, бо  ведае, што злачыннасць не дрэмле.  Шасцігадовая дачушка татам вельмі ганарыцца, а калі ён апранае форму, то глядзіць на яго з захапленнем, а сынок яшчэ маленькі  і шмат чаго  не разумее, але заўсёды па-дзіцячы радуецца, калі бацька з ім гуляе.

Максім Меляняка ганарыцца сваёй прафесіяй і з радасцю чакае любімае свята — Дзень беларускай міліцыі. Усім тым, хто ў гэтым годзе стаіць перад выбарам будучай прафесіі, жадае выбраць справу па душы. Ён упэўнены, што сярод іх будзе нямала тых, хто спыніць выбар на службе ў міліцыі,  бо стаяць на варце правапарадку — ганарова ва ўсе часы!

Не сакрэт, што праца ў праваахоўнікаў —  не з лёгкіх, у ёй нямала асаблівасцяў. Часам бывае складана, але ў такіх сітуацыях калегі прыходзяць адзін аднаму на дапамогу, працягваючы слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў. Згуртаванасць і ўзаемадапамога дапамагаюць вартавым правапарадку паспяхова вырашаць задачы любой складанасці.