Главная / Новости / Новости района
08.05.2024

Память жертв Второй Мировой войны почтили в г.п. Мир

 Сёлета ў Беларусі адзначаецца васьмідзесяцігоддзе вызвалення тэрыторыі БССР ад нямецка-фашысцкай навалы. За час вайны, якія працягвалася 1418 дзён, былі забіты тысячы беларусаў, спалены сотні вёсак. Колькасць параненых і пацярпелых не паддаецца падліку. Таму ў гэтыя майскія дні ўдзячныя нашчадкі з павагай прыходзяць да помнікаў і брацкіх магіл, каб сказаць дзякуй тым, каго забрала вайна. Тым, хто цаной свайго жыцця адстаяў права нашчадкаў жыць.

Урачысты мітынг “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” адбыўся ў г.п. Мір. У глядзельнай зале Мірскага гарадскога Дома культуры не было вольных месцаў. Ушанаваць памяць прыйшлі мясцовыя жыхары, вучні і настаўнікі СШ імя Г. І. Сташэўскай, навучэнцы Мірскага дзяржаўнага каледжа.

— На тэрыторыі мястэчка Мір вайна пакінула глыбокую незагойную рану, — адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня Карэліцкага РА Беларускай партыі «Белая Русь» Яўген Чычкан. — У Мірскім гета захопнікі забілі 2900 мірных жыхароў. Сёння ў гарадскім пасёлку налічваецца амаль 2200 жыхароў. Складана ўявіць, праз што прыйшлося прайсці ўдзельнікам Другой сусветнай вайны. На жаль, з кожным годам сведкаў тых падзей застаецца менш. Мы, іх нашчадкі, павінны прыкласці ўсе намаганні для таго, каб памяць пра іх жыла ў гадах, і страшныя падзеі вайны ніколі не паўтарыліся.

— Фашысты забівалі міран толькі за тое, што лічылі іх “не такімі”, — сказаў старшыня Мірскага сельвыканкама Аляксандр Маркевіч. — Яны выганялі сялян са сваіх хатаў, рабавалі, катавалі, здзекаваліся. Савецкі салдат змог выгнаць непрыяцеля са сваёй зямлі і забіць нямецкую гідру ў самым яе логаве. Сёння сумна бачыць, як вызваленыя чырвонаармейцамі краіны, разбураюць помнікі Салдату-вызваліцелю, імкнуцца перапісаць гісторыю. Але мы шчыра абяцаем не забыць пра подзвіг савецкага народа!

Удзельнікі мітынгу перайшлі да Брацкай магілы Савецкіх воінаў і партызан, дзе адбыўся малебен у гонар савецкіх воінаў і ўсіх, хто загінуў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Да помніка былі ўскладзены кветкі.