Главная / Новости / Новости района
09.09.2022

Первый заместитель начальника главного управления здравоохранения Гродненского областного исполнительного комитета Андрей Вертоградов встретился с молодыми специалистами Кореличской ЦРБ

 6 верасня ў Карэліцкай ЦРБ з маладымі спецыялістамі ўстановы сустрэліся першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Вертаградаў, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Галяк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка і загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка.

У пачатку сустрэчы Андрэй Сяргеевіч расказаў аб рэарганізацыі сістэмы аховы здароўя, якая плануецца ў бліжэйшы час:

— Ідзе невялікая рэарганізацыя ва ўсіх установах, і ў г. Гродна ў тым ліку. На гэта ёсць пэўныя аб’ектыўныя прычыны. Але гутарка не ідзе пра зніжэнне якасці аказання дапамогі. Задача – аказваць яе больш эфектыўна. Ад аптымізацыі мы чакаем невялікага скарачэння расходаў, а сродкі, якія вызваляцца пасля рэарганізацыі, пойдуць на патрэбы ЦРБ. Гэта робіцца для таго, каб палепшыць якасць дапамогі.

 

Таксама Андрэй Вертаградаў выказаў спадзяванне, што на гэтай сустрэчы атрымаецца наладзіць дыялог:

— Мы прыехалі паслухаць вас, каб пачуць, з якімі праблемамі вы сутыкнуліся, пагаварыць аб тым, як вы бачыце сябе на сваім рабочым месцы. Наша задача – зрабіць так, как вы на гэтым месцы замацаваліся, каб засталіся тут і дапамагалі насельніцтву раёна захоўваць здароўе.

Уладзіслаў Галяк нагадаў медработнікам аб тым, што ім дае званне маладога спецыяліста:

— У вашым калектыўным дагаворы ёсць нормы, якія дазваляюць вам як маладым спецыялістам атрымліваць, напрыклад, кампенсацыю за праезд і арэнднае жыллё. Вы можаце скарыстацца льготным крэдытам на атрыманне тавараў першай неабходнасці, які дапаможа стварыць умовы для пражывання.

Таксама Уладзіслаў Робертавіч сказаў, што ў невялікім раёне значна прасцей дасягнуць пэўнай пасады, але трэба, каб спецыяліст не проста “адпрацаваў дзень і пайшоў дадому”, неабходна паказаць сябе ў грамадскай рабоце, каб яго заўважылі.

— Вы зараз працуеце на свой аўтарытэт у канкрэтным раёне, Карэлічах. А потым, традыцыйна, гэты аўтарытэт будзе працаваць на вас. І пацыенты будуць імкнуцца патрапіць не проста да тэрапеўта, а менавіта да канкрэтнага доктара.

Нэлі Маісеенка павітала маладых спецыялістаў і расказала, якая задача стаіць перад мясцовай уладай:

— Наша задача – усталяваць з вамі кантакт, наладзіць дыялог. Мы павінны ведаць, чаго вам не хапае і што вас турбуе. Мы будзем працаваць, каб вам было прасцей прайсці адаптацыю.

Генадзій Карпаленка расказаў маладым спецыялістам аб арганізацыі работы з моладдзю і тых мерапрыемствах, якія плануюцца.

Закранулі на сустрэчы і тэму інстытута настаўніцтва. За кожным маладым спецыялістам павінен быць замацаваны настаўнік, які на працягу года будзе дапамагаць маладому ўрачу. У Карэліцкім раёне такая практыка існуе, і настаўнікі дапамагаюць сваім маладым калегам нават больш за год.

Маладыя спецыялісты ў сваіх пытаннях закранулі хвалюючыя іх праблемы. Урач акушэр-гінеколаг Анжаліка Лыскоўская спытала пра апарат КТГ з магчымасцю запісу рэзультатаў абследавання, які вельмі неабходны для іх працы. Андрэй Сяргеевіч запэўніў, што гэтая тэма будзе абмеркавана і ён пастараецца дапамагчы.

Урач-хірург Марыя Рымша выказала пажаданне аб набыцці для аддзялення лапараскапічнай стойкі для аперацый. Андрэй Вертаградаў сказаў, што ў кожнай невялікай бальніцы такое дарагое абсталяванне не паставіш, аднак зараз развіваюцца міжраённыя цэнтры, у якіх такі апарат будзе абслугоўваць некалькі раёнаў і пры неабходнасці складаную аперацыю можна правесці там.

Напрыканцы гутаркі госці пажадалі маладым спецыялістам плённай працы на карысць людзей.

Ангеліна Нікіценка, медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення, адзначыла: “Сёння я пачула усё, што хацела. Абмеркавалі ўсё, што турбавала калег. Адказы гасцей мяне парадавалі і абнадзеілі. Атрымалася змястоўная гутарка”.