Ушанаваць перадавіка і падзякаваць за працу прыехалі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская, кіраўніцтва гаспадаркі.
Барыс Іосіфавіч добра ведае цану хлебнага дабра. Ужо 33 гады шчыруе на жухавіцкай зямлі. Яго “МАЗ-6501”, які курсіруе па маршруце поле-зернесушыльны комплекс, цяжка не заўважыць. Кожная адгрузка збожжа на працягу пяці дзён, а гэта азімы ячмень, папаўняла хлебаробскі рахунак усё новымі дзясяткамі тон. Таму і вынік адпаведны. Барыс Кулак ужо з моманту старту ўборачнай кампаніі значыўся ў лідарах сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў.
– Зараз у работнікаў аграпрамысловага комплексу гарачая пара, і гэта не толькі ўборачная, – адзначыў Яўгеній Бусько. – Спецыфіка сельскай гаспадаркі ў тым, што многія віды сельгасработ вядуцца адначасова. Вось і ў гэтыя дні адны шчыруюць на камбайнах і “МАЗах”, імкнучыся ў аптымальна кароткія тэрміны сабраць ураджай, другія працуюць над папаўненнем запасаў травяністых кармоў для грамадскага статка. Трэція гатовыя прыступіць да работ па падрыхтоўцы глебы пад азімую сяўбу, як толькі ад хлеба будуць вызваленыя палі. Удзельнікам жа жніва ад імя райвыканкама і ад сябе асабіста жадаю толькі здароўя, цярпення і вытрымкі.
Цёплыя словы хлебаробу адрасаваў таксама кіраўнік гаспадаркі Дзмітрый Янкоўскі. Першаму тысячніку раёна ўручылі Падзячнае пісьмо раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, падарункі, грамату і прэмію СВК “Жухавічы”.
Падчас сустрэчы з гасцямі кіроўца ні слова не сказаў пра цяжкасці, пра тое, што даймае спякота і як няпроста цэлы дзень накручваць сотні кіламетраў. Барыс Іосіфавіч любіць сваю працу, выконвае яе бездакорна. Удзячныя яму і камбайнеры, таму што ведаюць: у дарозе не затрымаецца, як толькі камбайн спыніцца – адразу накіруе да яго свой МАЗ. Вопытны вадзіцель ведае сваю машыну да шрубкі. Кажа, што сам не чакаў такога выніку – бо жніво толькі пачалося.