Главная / Новости / Новости района
17.07.2023

Працягваем падарожжа па турыстычным маршруце «Дарогамі Другой сусветнай вайны» і наведваем Крынкі, Лукі, Асташын, Цырын, Варончу і Райцу

 (Працяг. Пачатак у №№ 50, 54 ад 28.06.2023 г. і 12.07.2023 г.)

Па дарозе ў вёску Крынкі, якая стане першым прыпынкам у другі дзень вандроўкі, можна заехаць у вёску Беразавец, дзе размешчаны руіны старой царквы Святой Жываначальнай Троіцы, разбуранай у гады Першай сусветнай. Недалёка ад сцен храма б’е з-пад зямлі прыродная крынічка з чыстай і свежай вадой. У саміх Крынках размясціўся ўсталяваны ў 1966 годзе помнік загінулым жыхарам вёсак Некрашэвічы, Крынкі і Беразавец. Тры стэлы аб’яднаны агульным пастаментам. На дзвюх бакавых стэлах — барэльефная выява воіна і партызана.

Наступным пунктам маршруту стане аграгарадок Лукі, у цэнтры якога — помнік землякам, усталяваны ў 1999 годзе ў памяць аб 41 земляку, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Лукскі помнік непадобны да іншых: у цэнтры стэлы ўсталяваны крыж, па баках — гранітныя таблічкі з імёнамі загінулых. Непадалёк ад яго знаходзіцца помнік у гонар сельскагаспадарчай Камуны „Праца“ імя У. І. Ульянава-Леніна, якая была ўтворана ў лютым 1919 г. былымі батракамі на чале з бальшавіком Васілём Іосіфавічам Бучацкім. Але праіснавала яна нядоўга. У красавіку 1919 г. Васіль Бучацкі быў забіты ў Міры праціўнікамі савецкай улады.

У Вялікую Айчынную вайну многія жыхары вёскі пайшлі змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскія атрады. Аднак асноўная частка жыхароў вёскі — удзельнікаў вайны прызвана ў Чырвоную армію пасля вызвалення Беларусі, у 1944 г. Ваявалі выхадцы з Лук пераважна на франтах у Польшчы, Усходняй Прусіі, а затым у Манчжурыі супраць японскіх войскаў. Няпроста склаўся лёс некаторых лукскіх мужчын, прызваных у польскую армію напярэдадні Другой сусветнай вайны. Ім давялося змагацца з немцамі ў складзе арміі генерала Андэрса ў Паўночнай Афрыцы і Італіі. Самая жахлівая ў беларускай гісторыі вайна забрала жыцці 42 жыхароў вёскі Лукі.

З Лук пераязджаем у вёску Асташын, якая, дарэчы, з’яўляецца адной з найстарэйшых вёсак у Карэліцкім раёне. Тут, сярод ліп, размяшчаецца помнік 70 землякам, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Абеліск узведзены ў 1966 годзе. Побач — брацкая магіла, дзе пахаваны два невядомыя салдаты.

Жыхары Асташына разам з групай ваеннаслужачых Громава і Заруднева, якія пражывалі ў гэтай і навакольных вёсках, у чэрвені 1942 г. стварылі партызанскі атрад імя Золатава (па прозвішчы камандзіра Чырвонай арміі, які гераічна загінуў у пачатку вайны), які ўзначалілі лейтэнант Чырвонай арміі Заруднеў і мясцовы жыхар Лапацкі. У маі 1943 г. атрад быў уключаны ў Першамайскую брыгаду, дзе стаў называцца атрадам імя 1 Мая.

Па дарозе да наступнага помніка, які размяшчаецца ў аграградку Цырын, можна ўбачыць знакаміты Чортаў камень Асташынскі. Згодна з легендай, у даўнія часы сярод асташынскіх пагоркаў на ўзвышэнні стаяў кальвінскі збор. Мясцовы люд радаваў яго “прысадзісты сілуэт, вясёлы і светлы”, як пісаў Ян Булгак. Але адзін чорт вырашыў яго разбурыць. Узяў камень і паляцеў у Асташын. Ды ад радасці так спяваў песні, што згубіў камень па дарозе.

У цэнтры аграгарадка Цырын — даўняга магдэбургскага мястэчка гістарычнай Наваградчыны, у якім кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза сустракаў войска, што вярталася з Масквы, — знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, дзе пахаваны 24 воіны 41-га стралковага корпуса Трэцяй арміі другога Беларускага фронту, якія загінулі падчас вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, і шасці партызан. У 1965 годзе на магіле ўсталяваны помнік — скульптура жанчыны ў смутку. Па абодва бакі ад скульптуры — таблічкі з імёнамі жыхароў вёсак Цырын, Краснае, Быкевічы і Аканавічы, якія загінулі ў баях у гады Вялікай Айчыннай вайны. Жыхары Цырына актыўна прымалі ўдзел у стварэнні ў 1942 годзе на акупаванай тэрыторыі атрада “Громава”, у які ўваходзілі ваеннаслужачыя, што не выйшлі з акружэння. Атрад узначаліў лейтэнант У. Угрумаў. Партызаны ў красавіку і маі 1942 г. разграмілі гарнізон у вёсцы Цырын і захапілі зброю. У засадзе на шашы Навагрудак-Баранавічы разбілі тры аўтамашыны. У баі ў вёсцы Літараўшчына разбілі атрад карнікаў. Знішчаючы жывую сілу ворага, партызаны захоплівалі ўзбраенне, якое з поспехам выкарыстоўвалася супраць акупантаў. У верасні 1942 г. атрад зрабіў налёт на Варанчанскі спіртзавод. Было пашкоджана абсталяванне і забіта два немцы. У лістападзе 1942 года каля вёскі Пудзіна Лідскага раёна атрад у баі панёс вялікія страты і быў рассеяны. Частка партызан пайшла ў атрад “Золатава”, астатняя да снежня дзейнічала самастойнай групай, потым улілася ў атрад “Іскра”.

Ад Цырына едзем у бок аграгарадка Варонча, якую класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч назваў “вечным музеем”. Недалёка ад касцёла Святой Ганны, пабудаванага ў 1773 годзе, знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, партызан і ахвяр фашызму з усталяваным у 1967 годзе помнікам. Тут пахаваны адзін воін, тры партызаны і 15 мірных жыхароў.

Заязджаем у Райцу. На гары ўзвышаецца адзіны ў Беларусі храм у стылі Замкавай готыкі — Царква Святой Варвары, пабудаваная ў 1817 годзе. Магутную чатырохгранную вежу вянчае не звыклы купал альбо шпіль, а зубчасты парапет.

Маршрут прыводзіць нас да помніка Герою Савецкага Саюза Мікалаю Францавічу Гастэлу, які нібыта імкнецца ўвысь. Бацька будучага лётчыка жыў у вёсцы Плужыны Райцаўскага сельсавета. 26 чэрвеня 1941 года, падчас баявога вылету ў раёне Радашковічы — Маладзечна, падпалены самалёт капітана Гастэлы здзейсніў таран механізаванай калоны варожай тэхнікі. Ноччу сяляне з вёскі Дзекшняны вынялі трупы лётчыкаў з самалёта і, абгарнуўшы целы ў парашуты, пахавалі іх побач з месцам падзення бамбавіка. «Вогненны таран» Гастэлы стаў адным з самых вядомых прыкладаў гераізму ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

На абрэзанай вяршыні абеліска ўсталяваны бюст Мікалая Гастэлы. Сродкамі пластыкі перададзены момант здзяйснення подзвігу, калі лётчык накіраваў свой самалёт у навалу варожых танкаў і машын.

Недалёка ад абеліска — помнік, усталяваны ў 1967 г. у гонар 182 землякоў, 6 — у партызанскай барацьбе, 35 жыхароў, якія загінулі ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі. Устаноўлена шэсць стэл з імёнамі 223 загінулых, на першай стэле — цытата чэшскага паэта Віцязслава Нязвала ў перакладзе савецкага паэта Канстанціна Сіманава:

«Не жалей, что я умер.
Я умер, себя не жалея, 
За тебя и за мать,
за просторы родимых полей!
Хочешь быть как отец?
Стой в бою, где всего тяжелее,
И себя, если надо, как он, не жалей!»
(Працяг будзе)