Іван КУЛАК,
навучэнец тэатральнага аддзялення
ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў»,
уладальнік матэрыяльнай дапамогі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі:
— Я ўдзячны выкладчыкам Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў за тое, што яны змаглі раскрыць мой талент, і я дабіўся такіх вышынь. Гэта мая першая прэмія, і я ганаруся тым, што мае старанні заўважаны і адзначаны на такім высокім узроўні.
Аляксандр МЯЦЕЛІЦА,
выконваючы абавязкі старшыні
сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003»:
— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — галоўнае свята краіны, і як добра, што яно праводзіцца ў Карэлічах. На ўрачыстасці адзначылі і наш СВК як пераможцу па выніках вясновых палявых работ і лепшых работнікаў. На свята мы прадаставілі нашу новую тэхніку: трактар «Ростсельмаш», «Джон Дзір» з прэс-падборшчыкам, абмотчыкам, школьны аўтобус. На падворку сельгаскааператыва — ручнікі і стравы — гэта роднае і беларускае.
Ларыса ГІНАК,
галоўны бухгалтар
Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва:
— Я нарадзілася на Карэліччыне і ўсё свядомае жыццё прысвяціла роднаму краю. На прадпрыемстве бытавога абслугоўвання з 1987 года — 35 гадоў, і чвэрць стагоддзя — галоўным бухгалтарам. Мая высокая ўзнагарода — Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта — заслуга ўсяго калектыву. Мы, бытавікі, і далей будзем імкнуцца задавальняць попыт на паслугі і тавары жыхароў раёна і Беларусі, што рабілі і раней.
Святлана ВАРАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Райцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа»:
— Для мяне вялікі гонар — атрымаць Падзячнае пісьмо ад старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, тым больш у такі вялікі дзень, як 3 ліпеня. Кожны грамадзянін нашай краіны павінен быць патрыётам сваёй дзяржавы і ганарыцца гісторыяй, мінулым, сённяшнім днём. Таму сваім вучням на ўроках прывіваю любоў і павагу да роднай мовы.
Андрэй ШТЭЙН,
трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці
камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Лукі-Агра»:
— Больш за чвэрць стагогоддзя працую на зямлі, работа мне падабаецца. Я мясцовы, мой бацька таксама шчыраваў на родных палетках. Свята вельмі цудоўнае, яно перапаўняе душу. Узнагарод у мяне шмат, але Падзячнае пісьмо Карэліцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу таксама радуе, бо ўзнагарода за працу, а гэта ёсць сэнс майго жыцця. Увогуле свята атрымалася добрае: госці з Краснагорска, канцэрт сваіх і іншагародніх артыстаў, выстава майстроў, феерверк — усе весяліліся ад душы.
Нэлі МАІСЕЕНКА,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— Дзень Незалежнасці — адно з самых любімых свят беларусаў. Гэта і зразумела, бо няма нічога больш каштоўнага для чалавека і краіны, чым свабода, незалежнасць і суверэнітэт. І толькі разам, як казалі раней вяскоўцы, талакой, мы можам гэтае свята арганізаваць і разам правесці. Сёлетняя ўрачыстасць — таму пацвярджэнне. Выдатна папрацавалі ўсе, пачынаючы ад сферы гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі да сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, аховы здароўя, адукацыі, праваахоўнікаў і выратавальнікаў.
Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якія не толькі арганізавалі гасцінныя падворкі, тэматычныя выставы, але і прадаставілі гасцям свята для азнаямлення сваю сельскагаспадарчую тэхніку. Сваю гасціннасць прадэманстравалі СВК “Свіцязянка-2003”, ДП “Чарняхоўскі-Агра”, установа “Замкавы комплекс “Мір”, якія сустракалі на сваёй зямлі дэлегацыі з горада-пабраціма Краснагорска Расійскай Федэрацыі. Размяшчэннем нашых расійскіх сяброў займаліся ў Карэліцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным ліцэі.
Вялікі дзякуй СВК “Маяк-Заполле” за прадастаўленую магчымасць паслухаць выступленне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”.
Вочы радавала выстава майстроў народнай творчасці, якія прадэманстравалі наш нацыянальны каларыт. Краязнаўца Віктар Сакель змог прывесці некалькі сваіх каштоўных экспанатаў, якія захоўваюцца ў сядзібе-музеі “Мірскі пасад”.
Шмат эмоцый выклікалі выступленні работнікаў сферы культуры раёна, якія дапамаглі адчуць гонар за нашу нацыянальную спадчыну, багатую культуру і гісторыю.
Думаю, усе годна ацанілі феерверк, які адбыўся дзякуючы ўсім жыхарам раёна, прыняўшым удзел у раённым суботніку.
Вялікі дзякуй раённаму выканаўчаму камітэту за падтрымку ў арганізацыі і правядзенні святкавання галоўнага свята краіны.