Главная / Новости / Новости района
24.06.2025

Праздник деревни Малые Жуховичи отметили историческим балом

 Малажухавіцкі фэст апынуўся гістарычным балем у гонар свята вёскі Малыя Жухавічы. Ужо другі год запар жыхары і госці мястэчка збіраюцца на цэнтральнай плошчы, каб адзначыць свята сваёй маленькай радзімы, тым самым падтрымліваючы традыцыю продкаў, якая была ўзноўлена работнікамі Жухавіцкага Дома культуры ў мінулым годзе. 

Гісторыя

Цікава тое, што дзень нараджэння вёскі прыходзіцца на розныя даты, бо адзначаецца на хрысціянскае свята Дзявятнік, дзявяты чацвер пасля Вялікадня. Існуе легенда, што менавіта ў гэты дзень адбылося залажэнне храма Ражства Іаана Прадцечы, што і стала нагодай для адзначэння свята вёскі Малыя Жухавічы.

Свята

На плошчы развярнулася сапраўдная ярмарка: атракцыёны, гандаль, сувенірныя крамы, харчаванне і інш. Яркае адкрыццё харэаграфічнай кампазіцыяй “Край” у выкананні удзельнікаў танцавальнай студыі “Адчувай рытм”,прыцягнула ўвагу тых, хто сабраўся на плошчы. Вядучыя фэста Таццяна Звонка і Аляксандр Колб шчыра павіталі прысутных і павіншавалі ўсіх са святам. Канешне, на мерапрыемстве не абышлося без людзей, якія іграюць немалаважную ролю ў жыцці вёскі. Са словамі віншавання да аднавяскоўцаў звярнуліся кіраўнік спраў Жухавіцкага сельвыканкама Святлана Дука і настаяцель храма Ражства Іаана Прадцечы айцец Ігар.

Без былога, няма будучага…

Не бывае будучага без былога, таму Таццяна і Аляксандр перанеслі гледачоў на некалькі стагоддзяў таму, у часы Радзівілаў, калі Жухавіцкая замля належала ім. У сувязі з гэтым на свята запрасілі асаблівых гасцей, прадстаўнікоў двух з пяці шляхецкіх родаў, якія калісь валодалі мястэчкам. Гэта род Харлінскіх і род Несялоўскіх. Былыя ўладары падзякавалі жыхарам вёскі за тое, што яны зберагаюць наказ продкаў і прыкладаюць усе намаганні для ўзбагачэння і паляпшэння мястэчка. 

Баль

Па традыцыі госці з былога аб’явілі баль у гонар свята вёскі Малыя Жухавічы. Удзельнікі балю выканалі 3 танцы: “Паланэз”, “Мазурка-вальс” і “Кадрыля польская агульная”. Ад панны Харлінскай паступіла прапанова правесці майстар-клас па гісторыка-бытавых танцах, дзе усе жадаючыя вучыліся танцаваць “Паланэз”. Затым панна Несялоўская аб’явіла конкурс на лепшае ўбранне, пераможцу выбіралі гледачы.

Цудоўным дадаткам стала выступленне выдатных калектываў раёна: фальклорны танцавальны калектыў “Спадчына” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” і творчы калектыў філіяла “Мірскі Дом культуры”. 


Завяршэннем асноўнай часткі малажухавіцкага фэста стала узнагароджванне ўдзельнікаў свята спецыяльнымі дыпломамі, а пасля вядучыя аб’явілі традыцыйныя танцы пад адкрытым небам.

Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара