Рэспубліканскі конкурс “Залатое пяро “Белай Русі” праводзіцца РГА “Белая Русь” ужо больш 10 гадоў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі. Удзел у ім прымаюць навучэнцы і працоўная моладзь, а таксама маладыя карэспандэнты раённых, гарадскіх газет, тэлебачання, інтэрнэт-сайтаў ва ўзросце да 35 гадоў. Асноўныя яго задачы – папулярызацыя культурна-гістарычных і духоўных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, заахвочванне, стымуляванне творчай і грамадскай актыўнасці моладзі.
Па словах удзельніцы, у 2024 годзе агульная тэма конкурсу “Быць Беларусам!” была прысвечана лёсам жыхароў нашай Радзімы, якія адстаялі гонар і незалежнасць краіны.
— Мяне асабіста да напісання эсэ натхніла выступленне на ўроку гісторыі адзінаццацікласніцы Веры Казак. Вучаніца расказала пра свайго прадзеда, які быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Я сама зацікавілася лёсам гэтага, на мой погляд, незвычайнага чалавека. Для мяне, як і для маёй вучаніцы, Пётр Раманаў – герой, ён здолеў вытрымаць напор вайны, не зламаўся, праявіў сваю грамадзянскую пазіцыю. Менавіта такія людзі ствараюць гісторыю і перамагаюць. Мы павінны быць ім удзячныя, бо мы перад імі ў неаплатным даўгу! Пётр Піменавіч – прыклад адвагі і гераізму і ў ваенны час, і пасляваенны. Гэта сапраўдны патрыёт, чалавек з вялікай літары. Яго жыццё – своеасаблівы наказ маладому пакаленню: “Радзіма як маці: яе не выбіраюць, ёю ганарацца, абараняюць ад ворагаў, робяць прыгажэйшай і лепшай”.
Бываюць складаныя моманты ў маім жыцці, але я ўспамінаю, праз што прайшоў разведчык Раманаў, і гэта дае мне сілы, – адзначыла малады настаўнік.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара