ААТ “Карэлічы-Лён” — знакавае прадпрыемства не толькі для раёна, але і для Гродзеншчыны, і ўвогуле для рэспублікі. Своечасовая дзяржаўная падтрымка, аказаная льнозаводу ў выглядзе льготнага крэдытавання на будаўніцтва новага цэха, дазволіла прадпрыемству нарасціць вытворчыя магутнасці, працаваць на карысць сабе і раёна, пастаўляць ільноперапрацоўчым прадпрыемствам якасную сыравіну, экспартаваць ільновалакно ў Расійскую Федэрацыю і Кітайскую Народную Рэспубліку. У асартыменце прадукцыі — ільняное валакно, ільняны алей, ільняны жмых на корм жывёле, паліўныя кастрабрыкеты для ацяплення, кастрабрыкеты для падсцілу коней.
Карэспандэнт газеты пабываў на прадпрыемстве ААТ “Карэлічы-Лён” і пагутарыў з людзьмі, якія з вялікай адказнасцю ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў і гэтым самым умацоўваюць эканамічную бяспеку краіны.
Ільнотраста падаецца на перапрацоўчую лінію
— Сёлета ААТ “Карэлічы-Лён” атрымала добры вынік ад праведзенай работы, — адзначае дырэктар завода Фёдар Жук. — Лён-даўгунец вырашчаны сіламі двух сваіх мехатрадаў на 4321 га і на 200 га — гаспадаркамі Навагрудскага раёна, лён алейных гатункаў займаў 322 га. Нарыхтавана 16 185 т ільнотрасты пры ўраджайнасці 47,6 ц/га, ільновалакна — 15,8 ц/га. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у краіне. Сярэдні нумар ільнотрасты роўны 1,16. За 10 месяцаў выкананы гадавы дзяржаўны заказ на Аршанскі льнокамбінат па доўгім ільновалакне ў памеры 760 т і кароткім — 765 т.
На лідскім участку ААТ «Карэлічы-Лён», акрамя перапрацоўкі льнотрасты, вырабляюць ільняны і рапсавы алей. Сыравіны нарыхтавана дастаткова, каб забяспечыць бесперабойную працу цэха. Наколькі рэнтабельна працуе ўчастак, расказала галоўны эканаміст ільнозавода Галіна Болзан:
— У бягучым годзе ў ААТ «Карэлічы-Лён» было пасеяна 322 гектары алейнага лёну. Нарыхтавана 598,4 тоны насення пры ўраджайнасці 18,6 ц/га, гаспадаркамі Карэліцкага і Лідскага раёнаў атрымана 460,2 тоны насення рапсу. За 10 месяцаў цэхам па вытворчасці раслінных алеяў перапрацавана 287 тон насення лёну і 100 тон насення рапсу. Атрымана 58 тон ільнянога алею, 221 тона льнянога жмыху, 26 тон рапсавага алею і 71 тона рапсавага жмыху. За 10 месяцаў 2022 года аб’ём вытворчасці прадукцыі склаў 577 тыс. рублёў. Тэхнічны алей адгружаецца на лакафарбавыя і хімічныя прадпрыемствы рэспублікі: ААТ “Лакафарба”, ААТ “Лідахлебапрадукт”. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі па цэху алею за 10 месяцаў 2022 года склала 826 тыс. рублёў, прыбытак ад рэалізацыі склаў 34 тыс. рублёў. Рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі — 5,2 працэнта.
Аб капрызным характары лёну ведаюць усе, хто працуе з гэтай культурай. І зямлю цёплую любіць, і да ўмоў надвор’я пераборлівы — не трывае ні засухі, ні багацця ападкаў. А пра тое, каб адступіць ад тэхпрацэсу, і гаворкі не ідзе. Вось і выходзіць, што ўся праца льнаводаў напрамую залежыць ад ураджаю. Каб не страціць ва ўраджайнасці і якасці трасты, трэба строга па рэгламенце праводзіць усе аперацыі, а іх дзясяткі, – дакладна ўкладвацца ў пэўныя тэрміны і ўмець зварочваць на сваю карысць капрызы нябеснай канцылярыі. Для гэтага неабходны глыбокія веды і навыкі працы з культурай. Таму, як правіла, у льнаводстве няма выпадковых людзей: усе спецыялісты аддаюць гэтай сферы дзясяткі гадоў сумленнай працы, назапашваючы каштоўны вопыт.
— Лён – культура, якую яшчэ пашукаць, легкадумных адносін да сабе не даруе, – выказвае сваю думку галоўны аграном ільнозавода Яўгеній Жук. – Для пасеву выбіраюцца льнопрыгодныя землі. Пасля выбару зямельных участкаў праводзяцца мерапрыемствы, нацэленыя на знішчэнне шматгадовага пустазелля. За апрацоўку і падрыхтоўку глебы да новага сезону адказваюць вопытныя спецыялісты мехатрада ААТ “Карэлічы-Лён”. Ужо зімой ідзе падрыхтоўка тэхнікі да новага сезону, падрыхтоўка насеннага матэрыялу і давядзення яго да пасяўных кандыцый. Перш чым трапіць у глебу, насенне праходзіць неабходныя этапы ачысткі і праверкі. У льнаводстве, як ні ў якой іншай галіне, выразна прасочваецца залежнасць тэрмінаў сяўбы і ўмоў надвор’я. Неабходна дакладна абраць час, бо лён не церпіць рэзкіх скачкоў тэмпературы і замаразкаў, якімі апошнія гады грашыць вясна. Сёлета ўсё спрыяла добраму ўраджаю, і ў параўнанні з мінулым годам ён вышэйшы на 12,5%.
Мы заходзім у сыравінны тамбур, дзе складзены рулоны льнотрасты, адкуль пачынаецца вытворчасць ільновалакна.
Начальнік участка па нарыхтоўках і выпрацоўцы льновалакна Лілія Чачотка расказвае:
Начальнік участка па нарыхтоўках і выпрацоўцы льновалакна Лілія Чачотка
— Адсюль мы падаём на лінію трасту, там адбываецца першаснае фарміраванне пласта, перапрацоўка льнотрасты. На заводзе працуюць дзве лініі. Сучаснае абсталяванне дазваляе атрымліваць безадходную вытворчасць, кастра, якая атрымліваецца пасля перапрацоўкі першаснай сыравіны, прасуецца ў паліўныя брыкеты. Імі забяспечваюцца аб’екты сацыяльнай сферы і насельніцтва раёна для ацяплення ў зімовы перыяд. Усе працэсы аўтаматызаваныя. За суткі перапрацоўваецца каля 50 тон сыравіны. Яна ў гэтым годзе паказальная, добрая. Па тэхналагічным працэсе з самага першага моманту, калі праходзіць фарміраванне пласта, ільнотраста паступае ў мялку, дзе адбываецца аддзяленне кастры ад сцяблінкі. Потым кастра трапляе ў кастрааддзяленне, а валакно далей па тэхналагічнай лініі ідзе ў трапальныя барабаны, дзе адбываецца канчатковае яе выдаленне. Атрымліваецца доўгае трапанае валакно, а гэта асноўны від прадукцыі прадпрыемства. Увогуле, на заводзе вырабляюць валакно рознага памеру. На кожнай партыі свой нумар. Чым ён вышэйшы, тым прадукцыя лепшая, а значыць будзе попыт. Цэніцца лён як на ўнутраным рынку, так і за мяжой, прадукцыя карыстаецца вялікім попытам.
Наладчык тэхналагічнага абсталявання Віктар Ткачанкоў
Лён любіць абыходлівасць. Пра гэта аператар паточнай лініі завода Алена Петрушэўская ведае не па чутках, бо працуе на заводзе дваццаць дзевяць гадоў. Яе задача — наладзіць скарасныя рэжымы апрацоўкі льнотрасты, сартыраваць і своечасова здымаць якаснае валакно, а неналежнае адпраўляць зноў на перапрацоўку.
– За доўгі час работы я і калегі па змене з лёгкасцю нават на першы погляд могуць вызначыць якасць і даўжыню валакна. Нам неабходна зняць якаснае валакно. Калі яно не зусім добрае, мы яго апраўляем на паўторную перапрацоўку, і ўжо пасля выходзіць чыстае валакно, – расказвае Алена Мікалаеўна.
Усё тэхнічнае абсталяванне кантралююць спецыялісты-наладчыкі. Задача ў іх вельмі адказная, бо ў выпадку нейкіх непаладак на лініі неабходна хутка іх ліквідаваць, каб працоўны працэс не спыніўся. Убаку ніхто не застаецца, з праблемамі спраўляюцца хутка. Так, наладчык тэхналагічнага абсталявання Віктар Ткачанкоў хоць і працуе на прадпрыемстве паўтара года, але адчувае ўсю адказнасць, якая ўскладаецца на яго. Ужо зарэкамендаваў сябе як надзейны, высакакласны спецыяліст, які за час работы добра ўсвядоміў, што для эфектыўнасці працы ўсёй змены на лініі наладчык – галоўны чалавек.
Паназіраўшы за працай прадпрыемства, паслухаўшы тых, хто там працуе, не застаецца ніякіх сумненняў, што ў гэтай культуры няма і не можа быць канкурэнтаў. Ільном жылі, яго насілі і спажывалі нашы продкі, гэта частка нашай гісторыі, ад якой ні ў якім разе нельга адмовіцца.
З пачатку года больш за 1 185 тон кароткага льновалакна адпраўлена на экспарт
– Нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, спецыялістам ААТ “Карэлічы-Лён” удалося нарыхтаваць дастатковы аб’ём сыравіны, каб загрузіць на поўную магутнасць абодва цэхі прадпрыемства – у Карэлічах і Лідзе. Гэта ўдалося дасягнуць дзякуючы строгаму выкананню тэхналагічных рэгламентаў. Пад будучы ўраджай ужо ўнесены гліфасатзмяшчаючыя прэпараты і мінеральныя ўгнаенні, праведзена поўнае заворванне. Тэхнікі для ўсіх працэсаў, пачынаючы ад апрацоўкі глебы, сяўбы і заканчваючы ўборкай, дастаткова. Кароткае валакно рэалізуеца на экспарт, і з пачатку года ўжо больш за 1185 тон адпраўлена ў Кітайскую Народную Рэспубліку і Расійскую Федэрацыю. Гэта 60% ад вырабляемага кароткага валакна. Экспартная выручка склала 1847 тысяч долараў ЗША. А гэта ў 1,4 раза больш, чым у мінулым годзе.
Усяго прадпрыемствам атрымана 15,9 мільёнаў рублёў выручкі, што вышэй узроўню мінулага года на 42%. Гэта гаворыць аб эфектыўнасці вытворчасці. Чысты прыбытак – 1184 тысячы рублёў, рост на 43,7%. Важна тое, што экспартны кошт на 19% вышэйшы, чым кошт па дзяржзаказе з улікам датацыі. Рэнтабельнасць рэалізаванага кароткага валакна па дзяржзаказе складае 12,9%, на экспарт – 16,1%, у выніку агульная – 14,6%. Гэта дазваляе льнозаводу разлічвацца з крэдыторамі, павышаць заработную плату, якая ў сярэднім па заводзе вырасла да 1399 рублёў.