Главная / Новости / Новости района
22.05.2023

Раскрываем секрет популярности натурального и вкусного хлеба, произведенного в КСУП «Малюшичи»

 У нашай краіне нават маленькія дзеткі ставяцца да хлеба з павагай.  Як лічыў вялікі вучоны К. А. Ціміразеў,  хлеб – гэта “найвялікшая праява чалавечага генія”.  Ён для беларуса ва ўсе часы  нароўні з бульбай  – прадукт харчавання нумар адзін. Вось чаму любая вытворчасць па выпечцы хлеба, можна сказаць, “асуджана на поспех”. Гэтую акалічнасць вырашылі скарыстаць у  КСУП “Малюшычы” і адкрыць сваю міні-пякарню, на якую наведаліся карэспандэнты газеты “Полымя”.

Дырэктар КСУП “Малюшычы” Міхаіл Валчэцкі падзяліўся:

– У  наш час асабліва папулярнае адкрыццё невялікіх пякарняў. На гэта ўплывае, як можна меркаваць, некалькі момантаў. Па-першае, хлеб і мучныя вырабы заўсёды знойдуць свайго пакупніка. Па-другое, міні-прадпрыемства патрабуе значна менш выдаткаў на сваю арганізацыю, чым паўнавартасны хлебазавод. Па-трэцяе, маленькая вытворчасць бліжэй да спажыўца, таму больш гнутка і больш актыўна рэагуе на попыт. Яе асартымент, як правіла, цалкам грунтуецца на вырабах, актуальных для насельніцтва канкрэтнай мясцовасці. Па-чацвёртае,  тут прасцей пайсці на эксперымент, спрабуючы новыя рэцэпты. Навінкі вельмі прывабныя, таму варта час ад часу ўносіць змены ў спіс прадукцыі. Словам, вытворчасць такога фармату можа нашмат хутчэй рэагаваць на перапады попыту, звяртаючы сітуацыю на сваю карысць. Узвесіўшы  ўсе моманты, вырашылі  адкрыць сваю вытворчасць. Пасля правядзення рамонтных работ у будынку былога магазіна “Родны кут“  у   вёсцы Баранавічы  закупілі абсталяванне і  запусцілі гандлёвы аб’ект “Гасцінец”, на базе якога размясцілася  міні-пякарня. З  яе адкрыццём  з’явіліся новыя рабочыя месцы. Так, у гэтай галіне вытворчасці сельгаспрадпрыемства задзейнічана парадку  шасці чалавек.  Што тычыцца планаў на перспектыву, то хочацца папоўніць штат пекараў для  работы цэха ў дзве змены, а  таксама адкрыць абсталяваную  кропку для рэалізацыі вырабаў на  рынку ў г.п. Карэлічы.

Малюшыцкія пекары вось ужо амаль чатыры месяцы выпякаюць і пастаўляюць  у  розныя  месцы раёна духмяны  хлеб і  здобныя хлебабулачныя вырабы.   Прадукцыя зарэкамендавала сябе сярод пакупнікоў. Аб бягучых справах на міні-пякарні  расказвае  загадчык гандлёвага аб’екта  “Гасцінец” Ірына Гурыновіч:

–  На абслугоўванні  хлебапякарнага абсталявання працуе тры  чалавекі.  Працоўны дзень у работнікаў  пачынаецца вельмі рана.  З пачатку адкрыцця цэха  аб’ёмы  прадукцыі былі  меншыя. Мы выпякалі каля 600 штук  хлебабулачных вырабаў  шырокага асартыменту. У апошні час, калі наша печыва запатрабаванае і карыстаецца попытам  у насельніцтва,  працуем на ўсю моц. Штодня выпякаем больш за тысячу розных хлебабулачных вырабаў: шэсць відаў хлеба і пяць –  розных багетаў,  дзесяць найменняў  здобных булак. Нядаўна прадставілі на суд пакупнікоў   дваякія аладкі і пячэнне двух гатункаў.

Пакупнікоў прыцягвае свежая прадукцыя, таму мы рэалізуем вырабы  на месцы, у  кафэ ”Гасцінец”.  Падтрымліваем супрацоўніцтва з  КСУП “Лукі-Агра”, Карэліцкім УКП БАН.  Акрамя таго, нашы салодкія  булкі і  смачны хлеб любяць і ў г.п Карэлічы, Мір. Разбіраюць іх і ў агр. Лукі, Райца.  Не абдзелены смачным печывам і мясцовыя аграрыі, якім  падчас абеду або падвячорку прапануецца хлебабулачная  прадукцыя ўласнай вытворчасці.

Асноўнай сыравінай для вытворчасці  вырабаў з’яўляецца мука, якую купляем  у ААТ “Лідахлебапрадукт”.  Таксама цесна супрацоўнічаем з філіялам ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат “Навагрудскія дары”, КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. Каб вырабляць якасны і смачны хлеб, у муку не дадаём ніякіх  штучных інгрэдыентаў.  Заказваем  дрожджы ў праверанага пастаўшчыка. У пякарні персанал прытрымліваецца ўсіх неабходных санітарна-гігіенічных нормаў.

Жанчыны-пекары, Алена Баяронак і Рыта Патук, працуюць у цэху з пачатку яго адкрыцця. Крыху пазней да іх далучылася Алена Чубрык. Жанчыны  добра  ведаюць, ужо спрактыкавалі, што  да хлеба неабходна ставіцца з душой з самага замесу.

– У нашай справе вынік бачны адразу. Калі  выконваеш работу ў пазітыўным настроі, то і выпечка будзе радаваць залацістай падрумяненай скарыначкай. Асаблівасці гэтай прафесіі звязаны з пэўнай спецыфікай работы, неабходна валодаць цярпеннем і мець вытрымку,  бо  не кожны зможа рана падымацца на працу, стаяць каля гарачай духавой шафы, – дзеляцца жанчыны і дадаюць: – Вынік радуе: прыемна чуць, што нашы вырабы знайшлі свайго пакупніка, ды і аплата нашай працы дастойная. Цёплы хлеб і свежыя булачкі – вось што, спадзяёмся, хутка  прынясе даход сельгаспрадпрыемству. А якімі прыцягальнымі  могуць быць гандлёвыя хлебныя прылаўкі, напоўненыя свежымі караваямі, сайкамі і адмысловымі закусачнымі крэндзелькамі, вам з захапленнем раскажуць тыя, хто спрабаваў усё гэтае хараство.

Прадавец гандлёвага аб’екта «Гасцінец» Алена Коцік

Акрамя хлеба, рознага печыва,  у сельскім  кафэ можна набыць мясныя паўфабрыкаты:  катлеты, галубцы, каўбаскі і іншую свежую прадукцыю. Там заўсёды рады пакупнікам.  Заказы на прадукты вытворчасці можна зрабіць па тэлефоне 7-64-51.

Ведаючы пра ролю хлеба ў нашым жыцці, можна смела рэкамендаваць бізнесу такія віды прадпрыемстваў. Арганізацыя пякарні як самастойнай вытворчасці або ўключэнне яе як аднаго з напрамкаў сельгасвытворчасці можа прынесці добры прыбытак, любоў аматараў печыва, а таксама глыбокае задавальненне ад таго, што вы робіце. «Хлеб – усяму галава», – сцвярджае  прыказка, і з гэтым цяжка не пагадзіцца.