Дзяўчына з дзяцінства марыла быць урачом, бо ёй падабаецца дапамагаць людзям. Ангеліна лічыць, што медыкі ўвесь час даведваюцца аб нечым новым. Гэтая якасць імпануе дзяўчыне, якая прызнаецца, што сама не любіць спыняцца на дасягнутым.
Для таго, каб спраўдзіць мару стаць урачом, Ангеліна з 10 класа займаецца біялогіяй з рэпетытарам, у школе вывучае прадмет на павышаным узроўні, наведвае алімпіядную групу, але, прызнаецца дзяўчына, універсітэцкая алімпіяда стала для яе складанасцю.
— Алімпіядныя заданні былі па тым матэрыяле, які мы не вывучалі ў школе, бо першы этап быў яшчэ 26 лістапада, у пачатку другой чвэрці, і мы яшчэ проста не пачыналі некаторыя тэмы. Але я мэтанакіравана рыхтавалася да алімпіяды і верыла, што ў мяне ўсё атрымаецца.
Ангеліна кажа, што з-за заняткаў і падрыхтоўкі да экзаменаў вольнага часу ў яе няма. Але, калі ў дзяўчыны выдаецца свабодная хвілінка, яна з задавальненнем праводзіць час з сябрамі. На дадзены момант Ангеліна не вызначылася з вузкай спецыялізацыяй, але выбрала лячэбны факультэт.
Хочацца пажадаць, каб усе пачынанні дзяўчыны спраўдзіліся і ў яе ўсё атрымалася.