Главная / Новости / Новости района
16.08.2023

Школы и детсады Кореличского района получили сертификаты готовности к учебному году

 Школьнікі ўсё яшчэ атрымліваюць асалоду ад самых доўгіх канікул у годзе, а тым часам установы адукацыі актыўна рыхтуюцца да сустрэчы з вучнямі і ўжо здаюць свой “экзамен” на гатоўнасць да новага 2023/2024 навучальнага года.  9 і 10 жніўня ўстановы адукацыі раёна наведалі дзве прыёмныя камісіі.

 

Адну з камісій узначальвае начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч. Разам з ёй і іншымі членамі камісіі адправіўся па навучальных установах і  журналіст  газеты “Полымя”.

Першым аб’ектам аб’езду групы становіцца  ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”. Дырэктар  Наталля Бурак распавядае, што сёлета  быў выкананы вялікі аб’ём работы: адрамантаваны дах, заменена плітка ў двух санвузлах і  пакладзена на ганку школы, зроблены касметычны рамонт кабінетаў, спартыўнай залы, калідораў, пафарбавана падлога.

Члены камісіі адпраўляюцца на абход школы. Не прапускаюць ні адзін кабінет, зазіраюць у падсобныя памяшканні, спартзалу і сталовую.

Ірына Валер’еўна станоўча адзначае работу тэхнічнага персаналу і заклікае арганізавацца педагагічных работнікаў.

Здаецца, усе работы выкананы, аднак яшчэ ёсць над чым папрацаваць: камісія выявіла некалькі невялікіх недапрацовак. Улічваючы, што на календары пачатак жніўня,   небагата часу на ліквідацыю ёсць.

Камісія тым часам пераязджае ў сярэднюю школу № 1 г.п. Карэлічы.  Адміністрацыя школы  на чале  з дырэктарам Аленай Вярбіцкай   сустракае правяраючых у двары школы і адразу пачынае распавядаць, што работы па мадэрнізацыі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, рамонце кабінета працы яшчэ  працягваюцца, але хутка ўсё будзе зроблена. Праходзім па нязвыкла ціхіх і пустых школьных калідорах, аглядаем чыстыя і ўжо гатовыя сустрэць дзяцей класы.  Члены камісіі са станоўчага боку адзначаюць якаснае абнаўленне кабінета рускай мовы, кветнікі і метадычную напаўняльнасць кабінетаў.

Тым часам камісія накіроўваецца ў  СШ № 2 райцэнтра. Гэта ўстанова ўжо на працягу многіх гадоў славіцца азеляненнем і  з густам аформленымі клумбамі. Сёлета да навучальнага года тут быў выкананы   вялікі  аб’ём работ:  рамонт вентыляцыі ў харчаблоку, пакладзена плітка ў фае, на ганку, зняты лінолеум і пафарбавана падлога на калідоры першага паверха, праведзены работы і на спартыўнай пляцоўцы.

У гэты дзень камісія таксама наведалася ў дзіцячыя садкі №1 і № 2 райцэнтра, дзе супрацоўнікі сур’ёзна  паставіліся да падрыхтоўкі  да новага навучальнага года і выправілі ўсе ранейшыя прадпісанні.

Усяго дзвюма міжведамаснымі камісіямі  была наведана 21 установа адукацыі раёна. Усе аб’екты практычна гатовы да пачатку навучальнага года. Правяралася  ўсё: стан навучальных кабінетаў, аснашчэнне харчаблокаў сучасным тэхналагічным абсталяваннем,  надворнае абсталяванне, база спартыўных залаў і стадыёнаў, добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглай тэрыторыі. Стварэнне бяспечных, камфортных і здароўезберагальных умоў ва  ўстановах адукацыі   —  асноўная задача, якую ставіць перад сабой  кожны кіраўнік.

На пасяджэнні з удзелам кіраўнікоў устаноў адукацыі   падчас  сваіх справаздач кіраўнікі рабочых камісій расказалі прысутным аб гатоўнасці ўстаноў да навучальнага года.  Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч адзначыла:

— Ва ўсіх школах і дзіцячых садах улетку традыцыйна праводзяцца асобныя віды работ у рамках бягучага рамонту. Асвяжаецца фарба на сценах і столях, афарбоўваецца падлога, абнаўляюцца санвузлы, рамантуюцца дахі і фасады, выконваецца дробны бягучы рамонт. Ні адна школа не застаецца  без увагі: выдзяляюцца бюджэтныя сродкі, а таксама выкарыстоўваюцца сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, розныя віды спонсарскай дапамогі, у тым ліку грошы  папячыцельскага савета.

Па словах Ірыны Валер’еўны,  на першае верасня новага вучэбнага года будзе функцыянаваць 21 установа адукацыі.  Паволе папярэдняга падліку, сёлета ў раёне будзе навучацца  1548 вучняў і 417 дашкольнікаў.  Для правядзення рамонтных работ  ва ўстановах адукацыі сёлета выдаткавана каля 120 тыс. рублёў. На падрыхтоўку аўтобусаў для падвозу вучняў  затрачана 8300 рублёў. Акрамя фарбы, цэменту, у будынку былога раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі на суму больш  за 66 тыс. рублёў  устаноўлены  ўнутраныя санвузлы. Дарэчы,  сёлета гэты будынак перайшоў на баланс СШ № 2 г.п. Карэлічы, дзе будуць праводзіцца факультатыўныя заняткі і мерапрыемствы ў актавай зале. На мадэрнізацыю аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі  ў СШ № 1 райцэнтра зрасходавана 48 тыс. рублёў. Таксама да новага навучальнага  года набыты тры адзінкі халадзільнага і дзве тэхналагічнага абсталявання, у стадыі набыцця пасудамыйная машына за 12 тыс. рублёў і электрапліта  за 4700 рублёў. Для падвозу вучняў будзе задзейнічана 11 аўтобусаў, якія будуць абслугоўваць 411 вучняў. Плануецца, што ў пачатку навучальнага года СШ № 2 райцэнтра атрымае новы аўтобус. А той, што працаваў раней, згодна з  патрабаваннямі будзе рэзервовым.

Гатоўнасць харчовых блокаў да новага навучальнага года, нормы СанПіНа  па асвятленні класных пакояў агучыла намеснік галоўнага ўрача ДУ “Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Валянціна Бузюк.

— Калектывы аднесліся да правядзення добраўпарадкавання  сумленна, зроблена вялікая работа, — такую ацэнку даў падрыхтоўцы спартыўнай базы ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама  Аляксандр Галушка.

Па выніках прыёмкі сертыфікаты гатоўнасці атрымалі 20 устаноў адукацыі раёна.  СШ № 1 г.п. Карэлічы такі дакумент атрымала 15 жніўня  пасля праверкі пуска-наладачных работ аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.