Главная / Новости / Новости района
27.03.2025

Староста деревни Заречье Наталья Бутько в числе победителей областного конкурса

 025 — Год добраўпарадкавання Пераможцаў спаборніцтва на лепшую работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў Гродзенскай вобласці па выніках 2024-га вызначылі ў некалькіх намінацыях. Сярод стараст і ўпаўнаважаных сёл, аграгарадкоў, вёсак трэцяе месца атрымала Наталля Іванаўна Буцько.

Да роднага парога

Наталля Іванаўна родам з Вілейскага раёна. Замуж выйшла за Івана Эдуардавіча Буцько з вёскі Зарэчча, што на Карэліччыне. Напачатку маладыя людзі прыязджалі да бацькоў мужа і дапамагалі па доме і гаспадарцы. На летніх канікулах тут бавілі свой вольны час іх чацвёра дзяцей: Алена, Віталій, Вадзім, Яўген.

Сям'я Буцько жыла і працавала ў Мінску. Калі суджэнцы пайшлі на заслужаны адпачынак, пераехалі са сталіцы на радзіму мужа. Гэта было ў 2010 годзе. Аднавяскоўцы станавіліся Наталлі Іванаўне блізкімі па агульных інтарэсах.  У 2019 г. на сельскім сходзе яе абралі старастай вёскі. 

— У вёсцы Зарэчча зараз дзесяць чалавек, — гаворыць жанчына. — Гэта людзі пенсійнага ўзросту. У свой час яны працавалі ў гарадах. З'яўляючыся ўраджэнцамі гэтай вёскі, на пенсіі вярнуліся да роднага парога. Іх сярэдні ўзрост — 70 гадоў. Працуюць на прысядзібных участках, прыводзяць у парадак свае падворкі і хаты, прымаюць удзел у добраўпарадкаванні вёскі. 

Наталля Іванаўна з задавальненнем успамінае самых актыўных. Гэта Анастасій Міхайлавіч Чабатарэвіч, Валянціна Данілаўна Куніцкая, Сяргей Міхайлавіч Свірыд і яго жонка Алена Аляксандраўна, Юрый Віктаравіч Свірыд і іншыя. Ініцыятыву па навядзенні парадку яны перанялі ад старэйшага пакалення, прадстаўнікі якога ў свой час шмат і шчыра працавалі, шанавалі свой родны куточак і стараліся захаваць царкву святых апосталаў Пятра і Паўла.

Зарачанскія рупліўцы

Ініцыятыву Наталлі Іванаўны па навядзенні парадку ў вёсцы падтрымлівае і дачка Алена, якая жыве ў Мінску. Тут, у Зарэччы, у яе таксама ёсць дачны домік. Дачка наведваецца ў маляўнічы куточак, каб адпачыць душой і дапамагчы родзічам і вяскоўцам у іх добрых справах.

У населеным пункце пастаянна праводзяцца работы па ліквідацыі кустоўя і ўборцы смецця, чысціцца рака Уша — і вёска прываблівае сваімі ваколіцамі. Тут светла, утульна, чыста, быццам знаходзішся ў райскім куточку.

— Я з аднавяскоўцамі ў добрых, сяброўскіх, дзелавых адносінах, тут прыжылася і стала сваёй, — прадаўжае Наталля Іванаўна і апавядае пра грамадскую пасаду. 

Стараста вёскі пастаянна знаходзіцца на сувязі з органамі ўлады і рознымі службамі — свайго роду з'яўляецца дыспетчарам. Свет патух — трэба неадкладна патэлефанаваць, каб спецыялісты яго наладзілі. Аўтамагазін затрымаўся — ізноў тэлефануе: што здарылася. Калі хтосьці з вяскоўцаў адлучыўся па сваіх справах, купляе прадукты харчавання. Ні ў чым, нікому і ніколі стараста вёскі не адмовіла. Такі ўжо ў яе характар, па-іншаму яна не можа і не жадае. Па яе меркаванні, зарэчанскія рупліўцы заслугоўваюць да сябе самых добрых і шчырых адносін, бо іх аб'ядноўвае любоў да райскага куточка, працавітасць, адзінства, дабрыня.

Тут пануе святасць

Царква святых апосталаў Пятра і Паўла

З Наталляй Іванаўнай стаім каля царквы святых апосталаў Пятра і Паўла. Побач знаходзяцца і мясцовыя могілкі. Навокал  чысціня і парадак. Блакіт неба і такі ж колер царквы робяць сваю справу: адчуваем заспакаенне душы. "Тут пануе святасць" — першае, што прыходзіць на памяць, і думкі спыняе аповед старасты вёскі:

— На добраахвотныя ахвяраванні вяскоўцаў адрамантавалі царкву. Замянілі шыфер, вадасцёк, адлівы, сафіты падшылі і званіцу пафарбавалі, абшылі дошкамі. Царкве 167 гадоў, і дзякуючы старэйшаму пакаленню, яго мужнасці і стойкасці, адстаялі і не далі разабраць падчас ганенняў на рэлігію. Мы прынялі эстафету захаваць і ўмацаваць святыню. Цяпер тут  праходзяць богаслужэнні. На могілках спілавалі векавыя і аварыйныя дрэвы дзякуючы Ярэміцкаму сельвыканкаму пад кіраўніцтвам тагачаснага старшыні Пятра Анатольевіча Навумовіча.

Раўнадушных няма

Стараста вёскі Наталля Буцько імкнецца ўспомніць тых, хто аказаў і аказвае падтрымку ў паўсядзённых справах па навядзенні парадку ў вёсцы і абуладкаванні жыцця зараччан:

— Пры ўмелым кіраванні прадстаўнікоў мясцовай улады зладжана працуюць усе службы раёна і дапамагаюць вырашаць  праблемы: рамонт дарог, маста, ачыстка ракі. Прыязджаюць перасовачны ФАП і аўтамагазін. Белтэлекам своечасова ўзмацніў нам мабільную сувязь. Таму і мы будзем добраўпарадкоўваць вёску. Трэба імкнуцца, каб прыязджала сюды моладзь, падтрымлівала нашы пачынанні і перадавала эстафету наступнаму пакаленню.

Анастасій Міхайлавіч ЧАБАТАРЭВІЧ, жыхар вёскі Зарэчча Ярэміцкага сельсавета, разважае:

Анастасій Міхайлавіч Чабатарэвіч

— Я родам з вёскі Зарэчча. Жыў і працаваў у Мінску. З часам прыехаў у бацькоўскі дом. Няма нічога цудоўней за гэтыя мясціны, недарэмна іх называюць маленькай Швейцарыяй. Тут спяваюць салаўі, а яшчэ вяртаюцца з выраю  жураўлі. І трэба бачыць гэты святочны парад птушак: яны ляцяць, і, здаецца,  танцуюць казачны танец. На бацькоўскай зямлі можна знайсці шмат спраў для сваіх рук — сумаваць не прыходзіцца.

Радуюць новыя дамы ў вёсцы Зарэчча Ярэміцкага сельсавета

Пра старасту вёскі Наталлю Іванаўну Буцько скажу: нам з ёй вельмі пашанцавала. Гэта няўрымслівы чалавек, яна таксама і нас арганізоўвае на карысныя справы, таму ў Зарэччы існуе такі адмысловы парадак. Сапраўды, райскі куточак, у якім хочацца жыць і сустракаць новы дзень.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА