
АДКУЛЬ КАРАНІ
Ніна нарадзілася ў вёсцы Дорагава Цырынскага сельсавета. Бацька быў дорагаўскім, маці — застадольскай. Сям’я бацькі Уладзіміра Мікалаевіча Крывіцкага з вёскі была адзінай у партызанах, яму тады было сямнаццаць гадоў. Калі арганізаваўся калгас імя Маленкова, стаў першым старшынёй. У далейшым працаваў брыгадзірам, трактарыстам. Пайшоў з жыцця рана, ва ўзросце 48 гадоў.

Мама выйшла замуж за ўдаўца, які меў чацвярых дзяцей. У новай сям’і нарадзілася яшчэ чацвёра. «Як тата памёр, мне было пяць гадоў, меншай сястры Валянціне — тры. Матуля гадавала ўсіх», — кажа Ніна Уладзіміраўна і дадае: зараз іх засталося сямёра, брат Пётр памёр у 47. Яны сустракаюцца і дапамагаюць адзін аднаму. Жывуць у розных кутках краіны: Мінску, Салігорску, Лідзе, сястра Вольга ў Крыме, сама ж Ніна — на сваёй зямлі і ў бацькоўскай хаце.
Ніна Уладзіміраўна скончыла Варанчанскую сярэднюю школу. Паступіла ў медвучылішча. Затым вярнулася дамоў, каб дапамагаць матулі. Адразу працавала вагаўшчыцай у калгасе «Ленінскі шлях», затым — дыспетчарам на мехмайстэрнях.
У 1987 годзе выйшла замуж. Абраннік жыцця аказаўся тутэйшым, з вёскі Альшаны. Пазней ёй прапанавалі працу брыгадзіра на ўчастку Дорагава-Застадолле. Паступіла вучыцца завочна ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які скончыла з адзнакай. Амаль трыццаць гадоў працуе брыгадзірам. У сям’і — двое сыноў, Аляксандр і Яўгеній. Радуюць трое ўнукаў: Дзяніс, Андрэй, Цімафей.
СЯРОД ЛЮДЗЕЙ
Чацвёртае скліканне Ніна Уладзіміраўна Жыдко з’яўляецца дэпутатам Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў, зараз па Застадольскай выбарчай акрузе № 5. Увесь гэты час яна стараста вёсак Дорагава і Застадолле. Даводзіцца вырашаць розныя пытанні — ад навядзення парадку ў населеных пунктах да клопату пра састарэлых вяскоўцаў: падвезці ў бальніцу ці памераць ціск. У зімовы час у Дорагаве — 12 жылых дамоў. Летам прыязджаюць дачнікі.
Раней жылі шматдзетныя сем’і. Тут вырошчвалі добры лён-даўгунец, звеннявая Валянціна Іванаўна Фалейчык ездзіла на ВДНГ. Зараз у асноўным пажылыя вяскоўцы, доўгажыхарка Аляксандра Адамаўна Фалейчык мае 94 гады. У Застадоллі жылых дамоў каля трыццаці, ёсць і маладыя сем’і.
Пастаянна праводзяцца сельскія сходы, на якія прыязджаюць прадстаўнікі розных раённых службаў. На сустрэчах узнімаюцца пытанні навядзення парадку на зямлі, пажарнай і маёмаснай бяспекі, захавання правілаў дарожнага руху пешаходамі пры паездцы на гужавым транспарце і веласіпедах, тэлефоннага махлярства.
Раней стан дарог у вёску не надта радаваў. У раёне на звароты адрэагавалі — у 2025 годзе на ўчастку дарогі Застадолле-Дорагава паклалі асфальт.
Наведваюцца да сельскіх жыхароў работнікі культуры, якія радуюць добрымі песнямі.
Аўтамагазін прыходзіць два разы на тыдзень: у аўторак і чацвер, дзве суботы ў месяц. Робіць тры прыпынкі ў Застадоллі і пяць у Дорагаве — для зручнасці пакупнікоў.
— У нас вельмі добры паштальён Аляксандр Конан, які прыязджае з райцэнтра. Можна заплаціць за камунальныя паслугі і заказаць прадуктовыя тавары. Яго ласкава называем Сашам, бо людзі пажылыя, і вельмі рады ўвазе, — гаворыць стараста вёскі.
З гонарам Ніна Уладзіміраўна апавядае пра візітную картку Дорагава — возера. Яно займае 25 гектараў. Міхаіл Дрозд узяў у арэнду і наводзіць парадак. Устаноўлены домікі і альтанкі. Летам прыязджаюць жадаючыя з начоўкай. База адпачынку мае назву «Клёвае месца» — і рыбакі не скардзяцца на ўлоў. Тут можна адпачыць душой — навакольная прыгажосць радуе вока.
СВЯТОЕ МЕСЦА
Стараста вёскі апавядае пра навядзенне парадку на мясцовых могілках :
— Гэта была свайго роду традыцыя — спачатку ў Дорагаве, а затым у Застадоллі наводзіць парадак на могілках. Яшчэ мая матуля з аднавяскоўцамі хадзілі і прыбіралі нічые магілы. На святым месцы высякалі кустоўе і спілоўвалі дрэвы. Зараз, калі ёсць магчымасць, пасылаем на гэтыя работы паляводаў, і могілкі набываюць належны выгляд.
Ніну Уладзіміраўну радуе, што да святых месцаў у людзей увогуле паважлівыя адносіны: яны даглядаюць могілкі і наводзяць парадак. Асабліва кранае, што ўнукі мяняюць старыя помнікі дзядоў і абкошваюць траву каля іх.
ДОРАГАВА — ЛЮБА-ДОРАГА
— Я люблю родную вёску. Тут нарадзілася і жыву. Нашы дзеці любяць сюды прыязджаць. Вёсачка дарагая мне і прыгожа называецца — Дорагава. Спрадвеку тут жылі добрыя людзі. Маёй матулі Любові Іосіфаўне Крывіцкай дапамагалі, як шматдзетнай маці. Зараз я дапамагаю як дэпутат Цырынскага сельсавета і стараста пажылым аднавяскоўцам, — кажа Ніна Уладзіміраўна.
Яе старанні аказаліся недарэмнымі: 20 сакавіка ў Гродне яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё мясцовага самакіравання ў Гродзенскай вобласці.
Ніна Уладзіміраўна Жыдко выказала словы прызнання старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксею Гаўрошу за падтрымку ў вырашэнні жыццёва важных і надзённых пытанняў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Яраславы МАНКЕВІЧ