Главная / Новости / Новости района
29.08.2022

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў расказвае пра вагу раённага каравая, складанасці жніва гэтага года і імпартазамяшчэнне па-карэліцку

 Па выніках уборачнай кампаніі бягучага года Карэліччына ўвайшла ў пяцёрку мацнейшых раёнаў Гродзеншчыны, якія атрымалі 100-тысячны намалот збожжа.

Сёння, калі на палях  раёна гучаць апошнія акорды жніва, старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў расказвае пра вагу раённага каравая, складанасці жніва гэтага года і імпартазамяшчэнне па-карэліцку.


— Генадзій Мікалаевіч, наколькі жніво бягучага года аказалася няпростым?

— Сёлета ўборачная кампанія праходзіць у цяжкіх умовах з прычыны анамальнай спякоты. Тэмпература за 30, адсутнасць дажджоў — усё гэта прыводзіць да засыхання сельгаскультур, існуе небяспека пажараў, але самае галоўнае — ламаюцца камбайны. Тэхніка не вытрымлівае перакалу.

 — Ці задаволены Вы вагой раённага каравая?

— На сёння мы маем 104276 тон збожжа супраць 84222 тон у мінулым годзе. Тэмп росту вытворчасці складае 123,8%. Сабралі па 61,9 цэнтнера зерневых і зернебабовых культур на круг. Безумоўна, гэтыя паказчыкі радуюць, але спачываць на лаўрах мы не збіраемся. У асобных гаспадарках намалот мог быць і лепшым. Яшчэ падчас аб’езду пасеваў было бачна, хто сёлета атрымае важкі каравай. Напрыклад, у СВК «Маяк-Заполле» ўраджайнасць склала 91,9 ц/га. Нават у самым ураджайным 2015 годзе, калі намалот у раёне складаў 137 тысяч тон, у «Маяку» атрымалі 17223 тоны збожжа, то сёння яны змаглі намалаціць 17794 тоны — на 571 тону больш. Адносна ўзроўню мінулага года тэмп прадукцыйнасці збожжа ў іх склаў 142%.

Высокія паказчыкі маюць СВК «Свіцязянка-2003» і «Жухавічы». Астатнія сельгаспрадпрыемствы, маючы такую ж рэльефнасць і прыкладна такі ж склад глебы, як у лідараў жніва, не паказваюць добрых вынікаў. Аднак пры гэтым палепшылі ўраджайнасць аграрыі ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» і КУСП «Чарняхоўскі-Агра».

— Нейкія памылкі гэтага года будуць улічаны пры закладцы новага ўраджаю?

— Мы поўнасцю адмовімся ад насення трэцяй і чацвёртай рэпрадукцыі. Стаўку будзем рабіць толькі на якаснае насенне і, безумоўна, захаванне тэхналогіі. Аб гэтым пастаянна гаворыць Кіраўнік нашай дзяржавы. Ён патрабуе ад раслінаводаў няўхільна выконваць тэхналогіі вытворчасці сельгаскультур для атрымання высокіх ураджаяў.

 

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі

Аляксандр Лукашэнка:

— Для высокага ўраджаю важна строга выконваць тэхналогіі, а месцамі гэтага не робяць, у тым ліку з-за халатнага стаўлення да вынікаў агульнай працы. Фермеры па-іншаму ставяцца да свайго збожжа. Сваё — да яго па-іншаму ставішся. Яны выконваюць тэхналогіі. Яны ўвесь час у полі. А ў нас кіраўнік планёрку правёў, і ўсе шчокі надзімаюць. Давайце адміністрацыйны рэсурс уключаць і прымушаць рабіць так, як трэба. Час пачынаць па-сапраўднаму працаваць.

У ходзе рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён

Мінскай вобласці,

16 жніўня 2022 г.

 

— Сёлета нагрузка на адзін камбайн была дастаткова высокай. Ці плануецца абнаўляць камбайнавы парк раёна?

— На жаль, тры новыя камбайны, якія сёлета набылі нашы сельгаспрадпрыемствы, з-за дэфектаў практычна не працавалі. Адзін з іх прыйшлося вярнуць на завод. Нам прыйшлося адмовіцца ад камбайнаў «Ліда», яны сёлета ў нас не працавалі. Безумоўна, новая тэхніка будзе набывацца. У першую чаргу камбайны патрэбны ў ДП «Лукі-Агра» і «Малюшычы». Але, яшчэ раз паўтаруся, усё залежыць ад дакладнай арганізацыі працы. Мы гэта ўбачылі на прыкладзе ДП «Царука», якое ў ліку першых на Гродзеншчыне завяршыла жніво.

— Штогод аграрыі атрымліваюць дзяржпадтрымку. Як ішлі справы сёлета?

— Была распрацавана праграма па выдзяленні ўгнаенняў і паліва. Таму прастояў тэхнікі не было. Усяго было ў дастатку.

— Сёння адно з найважнейшых пытанняў — імпартазамяшчэнне. Якія магчымасці Карэліцкага раёна ў гэтым напрамку?

— У гэтым годзе мы пасеялі рапс на максімальнай колькасці плошчаў. Вырабляем рапсавы алей на рэалізацыю і рапсавы жмых для малочнай жывёлагадоўлі. У гэтым годзе ў ДП «Малюшычы» пасеялі 90 га сланечніка ў чыстым выглядзе, з якога атрымаем алей для харчовых мэт і жмых для дойнага пагалоўя. Раней жмых даводзілася купляць за мяжой, зараз мы пачалі вырабляць яго самі. Плануем вырошчваць і сою — бялковую сыравіну, якая неабходна для атрымання вялікага малака. Вывучаем вопыт Гродзенскага і Нясвіжскага раёнаў. Відавочна, што клімат у нас мяняецца і трэба пераходзіць на паўднёвыя культуры.

На сённяшні дзень мы маем 300 т ільнонасення, яшчэ 200 т будзе накіравана на перапрацоўку з атрыманнем ільнянога алею. На базе ААТ «Карэлічы-Лён» у гэтым годзе будзе перапрацавана 400 т рапсу, што дасць магчымасць атрымаць рапсавы жмых і алей.

 

— Што б Вы хацелі сказаць нашым аграрыям?

 

— Безумоўна, словы вялікай удзячнасці за тую няпростую працу, якую яны выканалі, за высокую арганізацыю работы. Хлебаробы працавалі да 12 гадзін ночы і выходзілі ў поле раніцай. Самае галоўнае, што Кіраўнік дзяржавы пры наведванні Гродзенскага раёна даў высокую ацэнку рабоце нашай вобласці ў перыяд уборачнай кампаніі.