Главная / Новости / Новости района
25.07.2024

Студотряд в ГП «Черняховский-Агро» помочь хозяйству рад

 Інтэнсіўна ўкараняецца ў жыццё практыка працоўнага выхавання падрастаючага пакалення. Штогод юнакі і дзяўчаты праходзяць “баявое хрышчэнне” ўдарнай працай на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу раёна.

Сельскагаспадарчы студатрад “Іскра”, што арганізаваны ў ДП “Чарняхоўскі-Агра” ў складзе 10 чалавек,  ужо другі тыдзень далучаецца да прафесіі аграрыяў і працоўнай дысцыпліны. Вось і ў дзень нашай сустрэчы юнакі і дзяўчаты з самай раніцы актыўна ўключыліся ў працу на зернесушылцы “Вялетава”, дзе яны і шуфлявалі, і падмяталі, і прыбіралі. Усе рабяты прайшлі інструктаж па ахове працы, бо вельмі важна, каб падлеткам забяспечваліся бяспечныя ўмовы.

— Узрост дзяцей  студатрада — ад 14 да 18 гадоў. Хоць яны ўсе розныя, але за час сумеснай працы паспелі пасябраваць. Для іх гэта стане добрым вопытам карыснага правядзення летніх канікул. Падлеткі занятыя на зернесушыльным комплексе. Займаюцца  добраўпарадкаваннем тэрыторыі, уборкай складоў, падбуртоўваюць зерне і іншае. Кожны дзень у іх — новыя задачы. Непаўналетнія працуюць па 4 гадзіны, а паўналетнія — 7, ва ўсіх ёсць перапынак на абед. Кожны імкнецца паказаць добры вынік, — сказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай  рабоце ДП “Чарняхоўскі-Агра” Алена Макар.

Мы прыехалі акурат у абедзенны час. На пытанне, ці смачна кормяць, усе рабяты дружна адказалі: ”Так!  Гэта не проста смачна, а яшчэ карысна і каларыйна. Кожны дзень новыя стравы і абавязкова салат са свежай агародніны”. Самым лепшым індыкатарам смачнай ежы сталі пустыя талеркі.

Ёсць сярод байцоў студатрада тыя,  хто прыйшоў на працу па загадзе сэрца і па слядах бацькоў:  у большасці рабят хаця б адзін з  бацькоў працуе ў сельскагаспадарчай сферы. Таму, натхніўшыся прыкладам старэйшага пакалення, яны старанна дапамагаюць роднаму прадпрыемству.

Намеснік камандзіра  атрада Дар’я Дубкова расказала, што ўжо  не першы год прымае ўдзел у студатрадаўскім руху.  Яна вучаніца  СШ № 1 райцэнтра  і не прапускае магчымасці ў летні перыяд свае канікулы правесці з карысцю.

— Мне падабаецца працаваць з аднагодкамі. Хоць праца нялёгкая, але нас гэта не палохае.  Добра, што сваёй працай мы можам дапамагчы.  Лічу, што студэнцкія атрады выхоўваюць у падрастаючага пакалення нямала добрых якасцяў, праца фарміруе самастойнасць і мэтанакіраванасць.

Студатрады працягваюць сваю працу. Наперадзе ў моладзі Карэліччыны яшчэ нямала працоўных будняў, напоўненых яркімі момантамі.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара