Главная / Новости / Новости района
11.07.2022

У аграгарадку Варонча правялі свята да Дня рыбака

 

Да Дня рыбака свята ладзілася ў маляўнічым і прыгожым куточку Варончы, і жадаючыя не толькі прысвяцілі сябе любімаму занятку і паспаборнічалі ў конкурсе па лоўлі рыбы, а наталіліся навакольнымі краявідамі і адпачылі душой.

Невялікі астравок у цёплы ліпеньскі надвячорак сабраў варанчанцаў і гасцей. Тут усё  віруе і з кожнай хвілінай набірае размах.

Знаёмлюся з мужчынам, які гатуе юшку «Царскую па-варанчанску»: Гоцка Уладзімір Іванавіч — карэнны жыхар. 43 гады адпрацаваў на мясцовым спіртзаводзе: пачынаў шафёрам і закончыў аператарам кацельні, сем гадоў на пенсіі. Наконт сакрэту прыгатавання любімай стравы гаворыць: «У ваду кладу рыбу, бульбу, укроп…» і пры гэтым дадае: «Не я вару, агонь варыць…» А вось жадаючых паспрабаваць «Царскую па-варанчанску» было сапраўды ўдосталь, як-ніяк любімая страва многіх.


На пляцоўку для ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца тры каманды рыбакоў: СВК «Свіцязянка-2003» «Прамудры пяскар», мясцовага спіртзавода «Люстраны карп», рыбаловаў-аматараў «Залатая рыбка». Яны агучваюць прывітанні: «Хто палюе і вудзіць, у таго ўсё ў жыцці будзе», «У харошых рыбакоў няма ў вёдрах берагоў!», «І на сушы, і ў вадзе будзем першымі ўсюды!» Нагадаўшы прыметы добрага ўлову рыбы і адказаўшы на пытанні віктарыны, рыбаловы накіроўваюцца на возера.


Рыбу не толькі трэба ўмець злавіць, але ўмець і прыгатаваць. На свята свае стравы прадаставілі Кацярына Андрэеўна Красоўская, Таццяна Віктараўна Мялешка, Раіса Іванаўна Прыёмка, Валерый Уладзіміравіч Кітун. У ліку рыбных шэдэўраў былі фаршыраваная і вэнджаная скумбрыя, «канверцікі» з таўсталобікамі, фаршыраваны шчупак, бутэрброды з ікрой, квас.


А якое свята без добрай песні? Музычныя кампазіцыі дарылі творчыя калектывы Цырынскага і Ярэміцкага Дамоў культуры, выступленні выканаўцаў суправаджаліся гучнымі апладысментамі гледачоў.


Да ўвагі прысутных былі прадастаўлены і розныя конкурсы, у якіх дзеці ахвотна прымалі ўдзел. Дзейнічалі гульнёвая пляцоўка і бяспройгрышная латарэя, у продажы былі сувеніры і папкорн. Прыехаў аўтамагазін. Як гаворыцца, на любы густ і любы ўзрост, было б толькі жаданне. Прыйшоўшыя на свята не ўпускалі магчымасці, каб добра павесяліцца, паспытаць удачу, купіць ласункі.


… І вось надыходзіць адзін з самых хвалюючых момантаў свята. Называюцца вынікі конкурсу рыбаловаў: першае месца заняла каманда СВК «Свіцязянка-2003», другое — рыбаловы-аматары і трэцяе — каманда мясцовага спіртзавода.

Загадчык сектара «Варанчанскі сельскі клуб» Антаніна Скіпар выказала ўдзячнасць кіраўніцтву СВК «Свіцязянка-2003» за значную дапамогу ў арганізацыі свята.

Галіна Іванаўна КАРПОВІЧ,
жыхарка аграгарадка Варонча:
— Я сама з Варончы, тут пражыла ўсё жыццё. Закончыла мясцовую школу і працавала лабарантам хімічнай ачысткі вады на спіртзаводзе. Варонча — гэта ўтульны і мілы сэрцу аграгарадок. Раней было шмат моладзі, праводзіліся цікавыя мерапрыемствы. Вось і зараз свята да Дня рыбака адзначаецца другі год, і гэта вельмі радуе. Вельмі цікава, збіраюцца варанчанцы і госці. Хочацца выказаць словы вялікай ўдзячнасці яго арганізатарам, такія святы вельмі патрэбны вяскоўцам.