Главная / Новости / Новости района
07.05.2026

У Карэлічах адбылася дыялогавая пляцоўка «Вайна. Перамога. Памяць»

6 мая ў Карэліцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі праведзена дыялогавая пляцоўка «Вайна. Перамога. Памяць». Яе ўдзельнікі — вучні школ райцэнтра і ветэраны працы гарпасёлка.


Адкрыла сустрэчу старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур. «Перамога — сімвал трываласці і гераізму нашага народа, які назаўсёды ўпісаны залатымі літарамі ў гісторыю краіны. Нашы сэрцы захоўваюць памяць аб іх гераізме і любові да Радзімы. Вайна ж — гэта гора, боль, слёзы, страты, знявага. Яна не шкадавала ні дарослых, ні дзяцей, ні старых. Падзеі тых гадоў забыць немагчыма, яны назаўсёды застануцца ў нашай памяці і сэрцах», — адзначыла прамоўца. На беларускай зямлі захопнікі знішчылі каля трох мільёнаў чалавек, разбурылі 209 гарадоў, гарадскіх пасёлкаў, райцэнтраў, больш 9 тысяч сёл і вёсак, стварылі больш 260 лагераў смерці, турмаў і гета. Краіна страціла больш паловы свайго нацыяльнага багацця. Сярод 34,4 мільёна савецкіх воінаў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны, звыш 1,3 мільёна — беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Акупанаваная фашыстамі Беларусь стала краінай, дзе разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. Супраць захопнікаў змагаліся звыш 374 тысяч партызан, больш за 70 тысяч удзельнікаў налічвала антыфашысцкае падполле.
Не абышла вайна і Карэліцкі раён. Жыхары даведаліся аб яе пачатку 22 чэрвеня, а ў канцы месяца нямецка-фашысцкімі войскамі былі захоплены Карэлічы. Акупацыя Карэліч і ўсяго раёна працягвалася больш трох гадоў — да 8 чэрвеня 1944 года.
У час вайны на тэрыторыі раёна ствараліся партызанскія атрады, яны з’явіліся вясной 1942 года, а праз год разрозненыя атрады сталі фарміравацца ў брыгады. У той час дзейнічала падпольная друкарня Мірскага райкама партыі. Выпускалі газету «Сцяг свабоды», рэдактарам быў Вячаслаў Хілімонаў. Янка Брыль дапамагаў выпускаць гэтае выданне, а таксама сатырычны лісток «Партызанскае джала». Выходзіла газета «Чырвоны партызан». Тады была праблема з паперай, і на лістках вучнёўскага сшытка выпускалі гэтыя газеты.


У гады вайны з нашага раёна было вывезена на прымусовыя работы ў Германію і яе краіны-саюзніцы каля 1200 чалавек.
Карэліцкі раён з 7 па 8 ліпеня вызваляла 120-я стралковая дэвізія пад камандаваннем генерал-маёра Яна Янавіча Фогеля і палкоўніка Канавалава. Каля вёскі Малюшычы Ян Фогель атрымаў цяжкае раненне. Яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Валянціна Кошур нагадала пра ўрон, які нанесены нямецка-фашысцкімі захопнікамі нашаму раёну ў гады вайны: ён склаў прыкладна 530 мільёнаў рублёў. На тэрыторыі раёна пахавана больш 500 воінаў, знішчана амаль 4 тысячы мірных жыхароў, загінулі 132 партызаны і падпольшчыкі. На сённяшні дзень засталося два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і чатыры малалетнія вязні.
«Сёння мы памятаем і ўшаноўваем тых, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Іх подзвігі назаўсёды застануцца ў нашай памяці і будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне. Мы павінны працаваць, каб наша краіна стала моцнай і незалежнай, каб кожны беларус мог жыць у міры і дабрабыце», — рэзюмавала раённы лідар ветэранаў.


Пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны расказаў пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын. Як адзначыў прамоўца, Дзень Перамогі — гэта памяць, якую беражліва захоўвае кожная сям’я. Гэта тое, што аб’ядноўвае нас і робіць непераможнымі перад любымі іспытамі. Вайна супраць фашызму — самая крывавая і жорсткая ў гісторыі чалавецтва. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе следства дапытана 21497 пацярпелых і сведкаў па справе, праведзена 582 агляды ўчасткаў мясцовасці чакаемых месцаў знішчэння і пахаванняў мірнага насельніцтва, праведзены 134 раскопкі, вядуцца пошукавыя работы на месцах, устаноўлена 578 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва на тэрыторыі Беларусі (лагераў смерці), уключаючы раней вядомыя 101, устаноўлена не менш 12 868 поўнасцю альбо часткова спаленых населеных пунктаў, уключаючы раней вядомыя 3 668, не менш 2090 населеных пунктаў, раздзяліўшых долю Хатыні, устаноўлена не менш 166 раней невядомых месцаў знішчэння і пахавання ахвяраў генацыда, судом пастаноўлена 7 абвінаваўчых прыгавораў за генацыд беларускага народа.
Следчай групай па Карэліцкім раёне ў рамках расследавання справы атрымана інфармацыя аб пяці гета, два з якіх існавалі ў Ярэмічах, адно — у Турцы і дадаткова па аднаму ў Карэлічах і Міры. Раней было вядома толькі аб двух гета ў Карэлічах і Міры. Дадаткова ўстаноўлены 19 населеных пунктаў, спаленых у гады вайны, якія дабавіліся да раней вядомых 43. Гэта вёскі Аканавічы, Вышкава, Малюшычы, Малыя Тупалы, хутары Прыбалтоўскага, Карніцкіх, Чорная і іншыя.
Віктар Аўдакушын нагадаў аб тым, што праведзена расследаванне па крымінальнай справе ў адносінах каменданта паліцэйскага гарнізона ў Міры Серафімовіча Сямёна Сцяпанавіча, які пры адступленні немцаў з тэрыторыі БССР пад выглядам польскага афіцэра збег на Захад, а з 1949 года жыў у Англіі ў прыгарадзе г. Лондана, тым самым пазбегнуў крымінальнай адказнасці за ўчыненыя ў час вайны дзеянні.
28 сакавіка 2025 года прыгаворам Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь С. С. Серафімовіч прызнаны вінаватым у генацыдзе, г. зн. ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 127 УК Рэспублікі Беларусь.
У цяперашні час праводзяцца следчыя дзеянні па зборы матэрыялаў у адносінах каменданта Турэцкага паліцэйскага гарнізона П. П. Галецкага, які ў гады вайны на тэрыторыі Карэліцкага раёна сумесна з падначаленымі яму асобамі здзейсніў шматлікія злачынныя дзеянні ў адносінах мірнага насельніцтва, а затым таксама пазбегнуў крымінальнай адказнасці.
«Сёння наш маральны абавязак — беражліва захоўваць і перадаваць падрастаючым пакаленням памяць пра падзеі тых суровых гадоў. Мы павінны разам рашуча супрацьстаяць любым спробам сказіць і фальсіфікаваць гісторыю, пераглядзець вынікі Вялікай Айчыннай вайны, апраўдаць жудасныя злачынствы, якія ўчынілі нацысты.


Першы сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вольга Аляшкевіч адзначыла, што напярэдадні Дня Перамогі ідзе гаворка аб самым важным — памяці, якая звязвае пакаленні і робіць нас адзіным народам. На пытанне: «Як моладзь можа захаваць памяць аб подзвігах ветэранаў?», адказала, што, перш за ўсё, праз асабісты ўдзел: валанцёрскія акцыі, догляд за помнікамі, сустрэчы з ветэранамі і працаўнікамі тылу. «Важна не толькі ведаць гісторыю, а пражываць яе: удзельнічаць у пошукавых рухах, ствараць праекты, расказваць аб героях у сацсетках, каб подзвіг не стаў проста старонкай у падручніку», — адзначыла Вольга Аляшкевіч і заклікала, каб памяць аб мужнасці і самаадданасці нашых продкаў стала для нас не толькі гонарам, але і кіраўніцтвам да дзеяння, бо захаваць памяць — значыць працягваць справу герояў, будаваць будучае, дастойнае іх подзвігу.


Член Маладзёжнага савета пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў, член Маладзёжнага парламента Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Юрчык правёў віктарыну на тэму: «Нам дадзена права памятаць». Пераможцай стала ветэран працы жыхарка г.п. Карэлічы Вера Віктараўна Сцяцко.


Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ