Да яго пачатку спяшаюся пагутарыць з удзельнікамі свята. У іх ліку — прадстаўнікі розных прафесій: служачыя дзяржаўных структур, праваахоўнікі, працаўнікі сельскай гаспадаркі, рабочыя і іншыя. Яны ахвотна расказваюць пра сябе і дзеляцца сваімі меркаваннямі.
Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ДУ «Дзіцячая юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна» Аляксандр Маліноўскі з’яўляецца бацькам двух дзяцей: пяцікласніцы Валерыі і другакласніка Мацвея. «Я адправіў дзяцей у спартыўную школу на гандбол. Спорт для мяне — гэта сэнс майго жыцця. Хачу, каб дзеці раслі здаровымі, моцнымі духам, маглі развівацца. Мой асабісты прыклад для іх — аўтарытэт: 17 гадоў адпрацаваў трэнерам і пастаянна ўдзельнічаю ў спаборніцтвах», — сказаў Аляксандр Міхайлавіч.
Мікалай Жук з аграгарадка Турэц працуе трактарыстам-машыністам у КУСП «Чарняхоўскі-Агра». У сям’і падрастаюць двое дзяцей: Яраслаў — чацвёртакласнік, Ульяне тры гады. Сын паведаў пра бацьку, што ён вельмі добры і клапатлівы. Разам гуляюць у шахматы і настольны хакей. Дапамагае па англійскай мове. «Сёння ў нас двайное свята: не толькі адзначаем Дзень бацькі, а і дзень нараджэння матулі. Я іх моцна люблю», — прызнаўся Яраслаў.
Святар Андрэй Абрамовіч таксама быў у ліку запрошаных на раённае свята. Па яго меркаванні, сёння шмат увагі ўдзяляецца аднаму баку медаля: бацька павінен матэрыяльна ўтрымліваць сям’ю. Вось толькі забываецца яго галоўны абавязак, які заключаецца ў тым, каб навучыць сваіх дзяцей маліцца Богу і верыць у Бога, вучыць дзяцей захоўваць Божыя запаведзі. Калі чалавек іх захоўвае, ён найхутчэй стане добрым, спагадлівым, паважаючым іншых. «Як бацька, я стараюся ўсё гэта рабіць для сваіх дзяцей разам з матушкай Кацярынай», — запэўніў святар.
Слова для адкрыцця свята прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыні РА РГА «Белая Русь» Яўгену Чычкану. Дарэчы, на раённае свята Яўген Мікалаевіч прыйшоў не толькі як прадстаўнік мясцовай улады, але і як бацька, чыё прозвішча таксама значыцца ў «залатым спісе» запрошаных. Прамоўца адзначыў, што бацькоўскі статус у Беларусі ацэнены па заслугах — устаноўлены Дзень бацькі. Выказаў словы ўдзячнасці калектыву сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, што дэлегавалі на гэтую сустрэчу, а спадарожніцы жыцця за тое, што ідзе побач па жыцці і раздзяляе яго будні.
Хочацца паведаць пра яшчэ аднаго прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва раёна, які не толькі сумленна выконвае свае прафесійныя і бацькоўскія абавязкі, а дорыць часцінку сваёй душы іншым людзям. Аляксандр Абадзінскі — вядучы інжынер па тэхнічным наглядзе РУП «Беларускі дарожны цэнтр». На свяце Аляксандр Паўлавіч выканаў цудоўную песню, а выхаванцы клуба па шатакан-каратэ «Белы тыгр», якім ён кіруе, прадэманстравалі сваё майстэства.
Хто яны, удзельнікі раённага свята, дзеля каго яно ладзілася? Адказ далі самі: «Мужчына. Гаспадар. Абаронца для дзяцей і жонкі», а іх спадарожніцы жыцця дапоўнілі: «Самы галоўны чалавек у сям’і».
Дзень бацькі на Карэліччыне адзначалі ўпершыню, як і па ўсёй краіне. На ўрачыстасці разам з жонкай і дзецьмі мужчыны сядзелі ў светлай зале за гасціннымі столікамі, на якіх красаваліся асеннія букецікі хрызантэм, стаялі цукеркі, пячэнне, мандарыны… Сям’я была разам: тата, мама, дзеці. Для іх ладзілі добрае і лагоднае свята, на ім не гучала вялікіх прамоў, а для яго ўдзельнікаў была арганізавана святочна-забаўляльная праграма. Гэта мужчынам прапаноўвалі розныя конкурсы, для іх гучалі музычныя мелодыі. Не забыліся і пра самых маленькіх: у зале была ўстаноўлена дзіцячая гульнёвая пляцоўка. Вядучыя, работнікі культуры Аляксей Тананка і Аксана Басюк пастараліся на «ўра»: твары ва ўдзельнікаў раённага свята свяціліся ад шчасця. Моцнай палове чалавецтва патрэбны добрыя ўрачыстасці для душы, і Дзень бацькі гэта паказаў.