Главная / Новости / Новости района
18.09.2026

У Карэлічах адзначылі Дзень народнага адзінства і ўрачыста адкрылі Дом культуры пасля капрамонту

 Дзень народнага адзінства — свята сталасці нашай нацыі. Беларусы прайшлі праз многае, але захавалі галоўнае — уменне быць разам, падтрымліваць адзін аднаго, верыць у лепшае. Беларусь — краіна моцных духам людзей, якія шануюць мір, згоду, працу. Наша сіла — у адзінстве, у тым, што разам будуем будучае, захоўваем традыцыі, ганарымся Радзімай.

17 верасня на Карэліччыне адсвяткавалі Дзень народнага адзінства і ўрачыста адкрылі Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці пасля капітальнага рамонту. Урачыстасць стала сапраўдным святам для карэліччан і гасцей гарпасёлка.

Тры добрыя нагоды

Меліся тры добрыя нагоды для правядзення ўрачыстасці — і тры аднолькава важныя. Па-першае, свята мае вялікае значэнне ў жыцці кожнага беларуса. Яно нагадвае аб тым, што мы — адзіны народ, з агульнай гісторыяй, агульнай культурай, агульным будучым.

Па-другое, хутка гарадскі пасёлак Карэлічы прыме гасцей на абласным фестывалі-ярмарцы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026». Нашы землякі чакаюць яго з нецярплівасцю і ўносяць свой уклад у росквіт роднага пасёлка.

Па-трэцяе, у гэты дзень адкрываецца Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці пасля капітальнага рамонта. Тут будзе гучаць музыка — і культура будзе жыць і развівацца.

Урачысты момант свята

Наведвальнікі ўрачыстасці збіраюцца каля цэнтральнага ўваходу ў раённую ўстанову культуры.

Сярод іх —  ганаровыя госці: старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Курыла, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, кіраўніцтва раёна і дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Навагрудскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне» Аляксандр Булыка.

Яны выступілі з прывітальным словам і выказалі прызнанне тым, дзякуючы каму ўстанова культуры ператварылася ў сапраўдны палац, а гэта сотні метраў новых камунікацый, абноўленыя сцены, светлыя залы, новая сцэна, цёплыя вокны.

На ўрачыстасць запрашаюцца прадстаўнікі трох пакаленняў: ветэран сферы культуры Валянціна Струк, сённяшні дырэктар раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік і юная ўдзельніца ўзорнай студыі мастацкага слова “Эксперымент” Ганна Радзюк.

З рук у рукі яны перадаюць сімвалічны ключ як памяць, вопыт і цяпло. 

У адрас маладога пакалення  гучыць наказ: «Дарагі сябар, трымай гэты ключ моцна. Заўтра ты адчыніш гэтыя дзверы для новых ідэй, новых песень, новых імён».

Права перарэзаць чырвоную стужку прадастаўляецца  Аляксандру Курыле і Аляксандру Булыку.

Разам мы здольныя на многае

Свята прадоўжылася ў фае глядзельнай залы абноўленага Карэліцкага РЦКіНТ, дзе была прэзентавана выстава да Года беларускай жанчыны. Розныя сферы дзейнасці Карэліччыны расказалі пра сваіх цудоўных і таленавітых працаўніц.

Для віншавання на сцэну запрашаецца старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Курыла:

— Паважаныя карэліччане, госці! Ад усёй душы віншую вас з першым знакавым юбілеем — 5-годдзем Дня народнага адзінства — святам, якое з 2021 года займае асаблівае месца ў календары Рэспублікі Беларусь.

Сямнаццатае верасня — не проста дата ў календары. Гэта сімвал аднаўлення гістарычнай справядлівасці, дзень, калі ў 1939 годзе адбылося ўз’яднанне беларускага народа, падзеленага штучнымі межамі. Гэта падзея стала паваротным момантам у нашай гісторыі, давёўшы, што адзінства — не абстрактнае паняцце, а жывая сіла, здольная пераадольваць любыя перашкоды.

Сёння, азіраючыся на пройдзены шлях, мы бачым: наша дзяржава, якая вырасла на падмурку перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — гэта вынік адзінства пакаленняў. Нашы дзяды і бацькі прайшлі праз найцяжэйшыя выпрабаванні, каб мы маглі жыць пад мірным небам. І сёння кожны з нас, працуючы на карысць Рэспублікі Беларусь і нашага раёна, працягвае іх справу, пацвярджаючы вернасць Айчыне не словамі, а справамі.

Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка дакладна адзначыў на патрыятычным форуме ў 2021 годзе: «Уся наша гісторыя не раз пацвярджала старажытную мудрасць: сіла ў адзінстве». Гэтыя словы асабліва значныя для нас, жыхароў раёна, чые землякі ўнеслі неацэнны ўклад у нацыянальна-вызваленчы рух Заходняй Беларусі.

Мікалай Арцюх, Уладзімір Царук, Павел Жалезняковіч — гэтыя імёны назаўжды ўпісаны ў летапіс нашай зямлі. Яны не пабаяліся аддаць самае дарагое — жыццё — дзеля адзінства народа. Іх памяць увекавечана ў назвах вуліц і сельскагаспадарчых арганізацый, але галоўнае — яна жыве ў нашых сэрцах і перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Што ж ляжыць у аснове нашага адзінства? Гэта гістарычная памяць, якую мы беражліва захоўваем. Гэта прыхільнасць традыцыям, якія робяць нас тымі, хто мы ёсць. Гэта шанаванне дзяржаўных сімвалаў, якія аб’ядноўваюць нас у адзінае цэлае.

Патрыятызм — паняцце, якое часта зводзяць да лозунгаў. Але для нас гэта нешта большае. Гэта штодзённая праца, клопат пра блізкіх, імкненне зрабіць сваю зямлю лепшай. Гэта жыццёвая пазіцыя, якая праяўляецца ў кожным учынку — ад апрацаванага поля да пабудаванага дома, ад выхаванага дзіцяці да захаванага слова.

Мы ганарымся тым, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, захавалі і прымножылі лепшую спадчыну продкаў. Мы пабудавалі самастойную дзяржаву, у якой ёсць сучасныя тэхналогіі, даступная медыцына і якасная адукацыя. Мы забяспечваем сябе харчаваннем і таварамі, будуем жыллё і развіваем інфраструктуру, працуем і гадуем дзяцей — і ўсё гэта робім на сваёй зямлі, па сваіх правілах.

Увядзенне Дня народнага адзінства ў каляндар — гэта прызнанне значнасці гістарычных падзей, важны крок для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Яшчэ гэта напамін: мы павінны жыць так, каб не паўтараць памылак мінулага. Толькі захоўваючы пільнасць, адзінства і гатоўнасць да працы, мы зможам годна адказаць на любыя выклікі часу.

Няхай гэтае свята стане для нас крыніцай натхнення і напамінам: разам мы здольныя на многае. Аб’яднаўшыся, мы можам дасягнуць вялікіх вышынь і стварыць лепшую будучыню для нашых дзяцей і ўнукаў. Быць гаспадарамі на ўласнай зямлі, забяспечваць годнае жыццё — у гэтым сутнасць Дня народнага адзінства.

Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і згоды. Няхай у кожным доме пануюць дабро і паразуменне, а ў сэрцах — гонар за нашу зямлю і яе людзей.

Са святам, дарагія землякі!

Ад душы і для душы

У гэты знамянальны для беларусаў дзень сваю творчасць землякам і гасцям урачыстасці дарылі работнікі ўстаноў культуры Карэліччыны. Сярод іх — калектывы Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў: народная вакальная група «Вилланелла» (кіраўнік Таццяна Кулак), дзіцячы ўзорны танцавальны калектыў «Юнацтва» (кіраўнік Людміла Касаткіна), інструментальны ансамбль «Славянскі БІТ» настаўнікаў установы; народныя ансамблі песні: «Забава» Карэліцкага РЦКіНТ (кіраўнік Ірына Бондарава), «Турэцкі гасцінец» Турэцкага філіяла Карэліцкага РЦКіНТ (кіраўнік Аляксандр Чарапанаў), «Вечарынка» Жухавіцкага філіяла Карэліцкага РЦКіНТ (Аляксандр Колб), дуэт «Свои», выканаўцы Іларыя Пахіленка, Наталля Кулініч, Ірына Кляноўская і Анастасія Аляшкевіч.

Нумары мастацкай самадзейнасці выкананы  ад душы і для душы.  Выканаўцы ўкладвалі ў іх часцінку сваёй душы. Мелодыі і танцы глыбока краналі — у іх адчувалася наша адзінства,  яно — у сіле, згуртаванасці, згодзе. У жаданні дарыць слухачам і гледачам вялікую радасць і добры настрой.

Завяршылася канцэртная праграма музычнай кампазіцыяй «Мір вашаму дому» ў выкананні творчых калектываў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў. Дык няхай на нашай зямлі пануе мір, а людзі радуюццца новаму дню і знаходзяць радасць у стваральнай працы! Няхай пануюць шчасце і згода ў дамах беларусаў!

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ларысы ШУГЛІ