

З дакладам выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Пётр Буляк.

Па стане на 1 студзеня 2026 года, на тэрыторыі Карэліцкага раёна зарэгістраваны і дзейнічаюць 20 рэлігійных абшчын, якія прадстаўляюць тры канфесіі: 11 праваслаўных, 3 каталіцкія, 5 хрысціян веры евангельскай, адна евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Рэгулярную дзейнасць ажыццяўляюць 14 святароў: 8 — у праваслаўных арганізацыях, 2 — у каталіцкіх, 3 — у евангельскіх, адна — у баптысцкай. У 2025 годзе ўсе рэлігійныя арганізацыі прайшлі перарэгістрацыю.
Міжканфесійная абстаноўка ў раёне стабільная. Канфліктных сітуацый паміж рэлігійнымі арганізацыямі і органамі ўлады ў справаздачным перыядзе не ўзнікала.
На пасяджэннях разглядаліся наступныя пытанні: аб узаемадзеянні са святарамі для прыцягнення прыхаджан да навядзення парадку на прыхрамавых тэрыторыях, сельскіх могілках, у месцах увекавечвання памяці ахвяр войн і каля памятных знакаў, аб прыцягненні святароў да работы грамадскага пункта аховы правапарадку, сельскіх сходаў, пасяджэнняў Саветаў дэпутатаў; аб ролі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў прафілактыцы сямейнага недабрабыту, суіцыдальных паводзін, правапарушэнняў непаўналетніх, супрацьдзеяння шкодным залежнасцям; аб дабрачыннай дзейнасці рэлігійных арганізацый раёна.

У 2025 годзе дапамогу ад сястрыцтва ў гонар святой страстацерпіцы царыцы Аляксандры пры храме Святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы атрымалі 300 грамадзян. Адзін раз у два тыдні ва УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» вядзецца падрыхтоўка жадаючых прыступіць да таінстваў споведзі і прычасця.
Сястрыцтва ў гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай пры храме Святой Жываначальнай Троіцы г.п. Мір сумесна з настаяцелем наведваюць адзінокіх хворых у аддзяленні сястрынскага догляду Мірскай бальніцы, а таксама састарэлых грамадзян на даму.
Гаспадаркі раёна аказвалі фінансавую дапамогу на добраўпарадкаванне храмаў. Сярод іх СВК «Маяк-Заполле», КСУП «Лукі-Агра»», СВК «Жухавічы». У 2025 годзе яна склала амаль 20 тысяч рублёў.
У справаздачным перыядзе сумесна з прыходамі арганізавана работа па добраўпарадкаванні прыхрамавых тэрыторый, могілак, месцаў увекавечвання памяці, абуладкаванні паклонных крыжоў. Шэраг суботнікаў па навядзенні парадку на могілках і ў памятных месцах прайшоў пад патранажам раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў пры ўдзеле дэпутацкага корпусу і Карэліцкага праваслаўнага благачыння.
Заслугоўвае асаблівай увагі сумесны праект раённага Савета дэпутатаў, Маладзёжнага парламенту і прыходу храма Святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы па аднаўленні крыніцы ў вёсцы Загор’е Красненскага сельсавета.

Уся работа праводзіцца ў рамках Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквою. Сумесныя мерапрыемствы асвятляюцца на афіцыйных сайтах устаноў адукацыі і Навагрудскай епархіі. Сярод іх — факультатыўныя заняткі, конкурсы і канферэнцыі, ваенна-патрыятычная работа, экскурсіі да праваслаўных святынь, інавацыйныя праекты ў адукацыі, Тыдзень бацькоўскай любові.
Праводзіцца пэўная прафілактычная работа: святары рэгулярна наведваюць класныя гадзіны, факультатыўныя заняткі, заняткі педагога сацыяльнага з вучнямі, у адносінах якіх вядзецца індывідуальная прафілактычная работа. З іх удзелам праведзены мерапрыемствы ў рамках прафілактыкі шкодных залежнасцей, месячніка прафілактыкі суіцыдальных паводзін, Тыдня прафілактыкі правапарушэнняў і духоўнай асветы.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Юрый Юрчык паведаміў аб задачах у сферы рэгулявання этнаканфесійных адносін на 2026 год.

З пытаннямі пажарнай абстаноўкі на тэрыторыі раёна пазнаёміў прысутных начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Яўген Чычкан заклікаў святароў да правядзення суботнікаў на могілках:
-Хутка адбудуцца вялікія праваслаўныя святы — Вялікдзень і Радуніца. Зразумела, людзі накіруюцца на могілкі, какб прыбраць месцы пахавання сваіх родных. Вядома, будзе збірацца смецце. Нешта вы разам з прыхаджанамі зможаце зрабіць. Калі бачыце больш буйныя пытанні, паведамляйце ў сельскі Савет альбо ў РУП ЖКГ.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ