Главная / Новости / Новости района
11.04.2023

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры праведзена дыялогавая пляцоўка, прысвечаная Сусветнаму дню здароўя

 У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры праведзена дыялогавая пляцоўка, прысвечаная Сусветнаму дню здароўя. Яе ўдзельнікамі сталі вучні СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра. 

Арганізатар мерапрыемства — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.

Мэта дыялогавай пляцоўкі — на канкрэтных прыкладах раскрыць паняцце «здаровы лад жыцця», даць магчымасць слухачам скласці сваё меркаванне, прасачыць часовы ланцужок уплыву на гісторыю і г. д. Гэта тэма для абмеркавання выбрана не выпадкова: здаровы лад жыцця дапамагае захаваць здароўе і знізіць рызыку неінфекцыйных захворванняў шляхам кантролю над фактамі паводзін групы рызыкі.
Удзельнікам сустрэчы на разгляд прапаноўваліся наступныя пытанні: «Што такое асабістая гігіена?», «Што такое правільнае харчаванне», «Чаму неабходна прафілактыка?», «Як змагацца са стрэсам у ХХІ стагоддзі?», «Чаму трэба займацца спортам ?» і іншыя. Вучням было над чым падумаць і паразважаць, пакуль выступалі спікеры дыялогавай пляцоўкі.
Галоўны санітарны ўрач ДУ «Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Аляксандр Германюк, заклікаючы маладое пакаленне адказна адносіцца да свайго здароўя, адзначыў, што калі хочаш быць здаровым, трэба паводзіць сябе адпаведным чынам. Для гэтага прадугледжаны хадзьба і бег, правільнае харчаванне і іншыя фактары. Разам з тым падчас сустрэчы Аляксандр Уладзіміравіч закрануў і пытанне карыстання смартфонамі. «Тэлефонам трэба карыстацца, але час абмяжоўваць, гэта ўплывае на здароўе», — сказаў галоўны санітарны ўрач.
Пра ўплыў ранняга палавога жыцця на здароўе падлеткаў расказала валеёлаг УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца», старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Санцэвіч. «Гэтая тэма не здаровага ладу жыцця, але тэма здароўя», — адзначыла Святлана Мікалаеўна і заклікала вучняў беражліва адносіцца да стану здароўя і думаць пра будучае.
«Здаровы лад жыцця ў эпосе і сучаснасці»— тэма выступлення рэжысёра
ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Аляксея Тананкі, у якім падрабязна прааналізаваў, што набыло ХХІ стагоддзе за эпохі і нагадаў пра прынцыпы фарміравання здаровага ладу жыцця.
Хочацца спадзявацца, што звесткі, якія вучні набылі падчас правядзення дыялогавай пляцоўкі, пойдуць ім толькі на карысць: яны будуць рабіць усё магчымае, каб захаваць сваё здароўе, весці здаровы лад жыцця, займацца спортам.