Главная / Новости / Новости района
01.12.2022

Удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Аляксей Самец і Дар’я Карвіга пабывалі на восеньскім балі ў Гродне

 Баль — гэта заўжды свята. Яркае, маляўнічае, іскрыстае, вясёлае. Раней балі давалі амаль круглы год, сезон пачынаўся позняй восенню і працягваўся ўвесь зімовы перыяд. У канцы лістапада ў Гродне ўпершыню прайшоў асенні баль для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага профілю. Сярод сямідзесяці юнакоў і дзяўчат з усёй вобласці былі і ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” з Карэліцкага раёна Аляксей Самец і Дар’я Карвіга.

Удзельнікамі святочнага балю сталі прадстаўнікі Заходняга аператыўнага камандавання, Гродзенскай памежнай групы, абласнога ваеннага камісарыяту, упраўлення ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Інстытута памежнай службы і ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслана Абрамчыка, такія святы важна праводзіць часцей і з яшчэ большым маштабам.

— У нашай краіне праходзіць нямала яркіх баляў: Прэзідэнцкі баль напярэдадні Новага года ў сталіцы, беласнежны губернатарскі баль у абласным цэнтры, балі ў Мірскім замку і шматлікіх сядзібах. Сёння з’явілася новая традыцыя, — сказаў Руслан Юр’евіч. — Упэўнены, сённяшняе адчуванне палёту і натхнёныя зносіны з партнёрамі па танцах застануцца з удзельнікамі назаўжды.

— Мы ўдзельнічаем у многіх спаборніцтвах і мерапрыемствах ваенна-патрыятычнай накіраванасці, — расказвае кіраўнік ВПК “Віцязь” Уладзімір Матусевіч. — А гэтае мерапрыемства зусім іншага характару. Зразумела, што калі нам прапанавалі прыняць у ім удзел, мы згадзіліся.

На працягу трох тыдняў рабяты рыхтаваліся да балю, развучвалі танцы пад кіраўніцтвам педагога Алы Шурак. Аднак у Гродне ім таксама прыйшлося павучыцца: калі ў раёне яны танчылі ўдвух, то ў вобласці прыйшлося танчыць з прадстаўнікамі іншых раёнаў. На свяце пары выконвалі класічныя для такога выпадку танцы: “Паланэз”, “Польку”, “Кадрылю” і “Вальс”.

— У дзяцей была вельмі вялікая нагрузка, — дзеліцца Уладзімір Уладзіміравіч. — Прачнуліся рана, у шэсць гадзін раніцы выехалі, у палове дзясятай былі там і амаль да гадзіны трэніраваліся. На свяце ўсё было вельмі прыгожа, у рабят усё атрымалася.

У Год гістарычнай памяці важна адраджаць традыцыі продкаў, перадаваць іх з пакалення ў пакаленне. Зразумела, што на такое мерапрыемства паехалі лепшыя з лепшых, выдатнікі вучобы і спорту, якія маюць высокія дасягненні.

Дар’я Карвіга вучыцца ў адзінаццатым класе Лукскай СШ. З малых гадоў дзяўчынка наведвае ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь”, у 2018 годзе была ў складзе каманды, якая заняла трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Зарніца”, а цяпер з’яўляецца камандзірам атрада. Дар’я кажа, што першы ў яе жыцці баль прайшоў без хвалявання, яно проста знікла, калі дзяўчына ўвайшла ў залу.

— Мне было складана на рэпетыцыях, — прызнаецца Даша. — Я да гэтага не выконвала такіх танцаў, неабходна было запомніць рухі, іх правільнасць, паслядоўнасць. Зразумела, што я хвалявалася, бо не ведала, чаго чакаць. Пастаянна думала пра рухі і паставу.

Але, калі ўсё пачалося, хваляванне знікла. Прымаць удзел у такім мерапрыемстве, прадстаўляць на ім наш раён — вялікі гонар.

Партнёр Дар’і Аляксей Самец вучыцца ў дзясятым класе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Юнак мае высокія дасягненні ў вучобе і спорце. Разам з “Віцязямі” неаднаразова ездзіў на спаборніцтвы і паказальныя выступленні.

— Мне было нескладана. Я да гэтага восем гадоў займаўся танцамі, шмат разоў быў на падобных мерапрыемствах, але гэтае было асаблівым, — расказвае Аляксей. — За намі сачыла шмат ганаровых гасцей. Руслан Юр’евіч Абрамчык падыходзіў да нас, быў рады нас бачыць. Я вельмі рады, што паехаў. Хочацца сказаць вялікі дзякуй Але Анатольеўне, якая дапамагла нам падрыхтавацца. Атрымаў шмат эмоцый, і, калі на наступны год мне прапануюць паехаць яшчэ раз, абавязкова згаджуся. Хочацца яшчэ раз адчуць гэтыя эмоцыі.