Главная / Новости / Новости района
09.06.2024

Улица имени героя. Дважды Герой Пётр Машеров, который руководил Беларусью

 Беларусь стала калыскай для многіх таленавітых людзей, вядомых за межамі нашай краіны. Сярод іх — вучоныя, паэты, пісьменнікі, мастакі, палітыкі. У бясконцым спісе знакамітых беларусаў, пра якіх у свой час гаварылі ва ўсім свеце, ганаровае месца займае імя партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава. У 1960-1970-я гады, калі Машэраў узначальваў Савецкую Беларусь, краіна перажывала эканамічны ўздым. Пад яго кіраўніцтвам Беларусь заняла перадавое месца ў СССР як па развіцці гаспадаркі, так і па ўзроўні жыцця насельніцтва. Пры ім людзі сталі жыць адчувальна лепш, у рэспубліцы з’явіўся шэраг знакавых прадпрыемстваў, у Мінску пачалі будаваць метро. Культавыя мемарыялы: “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь”, “Курган Славы” — таксама ствараліся пры ўдзеле Машэрава. Ён быў двойчы Герой — Савецкага Саюза і Сацыялістычнай працы.

Будучы палітык нарадзіўся 13 лютага 1918 года ў в. Шыркі Магілёўскай губерні. Бацькі — небагатыя сяляне. Тата Мірон Васільевіч шмат працаваў, а мама Дар’я Пятроўна ва ўсім была яму дапамогай. У Пятра Міронавіча было сем братоў і сясцёр, з якіх выжылі толькі пяць, якія змаглі выбіцца ў людзі і папоўніць шэрагі ваенных і ўрачоў.

Каб стаць адукаваным чалавекам, Машэраў з малых гадоў пераадольваў сур’ёзныя цяжкасці. Бліжэйшая школа знаходзілася ў суседняй вёсцы, за 9 кіламетраў. Туды і назад — 18 кіламетраў кожны дзень, летам — пешшу, зімой — на лыжах. Так загартоўваўся характар і ўмацоўвалася здароўе.

Беднае і цяжкае дзяцінства Пятра Машэрава на ўсё жыццё навучыла яго паважаць чалавека працы, шанаваць дабрыню з боку людзей і імкнуцца плаціць ім тым жа.

У 16 юнак скончыў сямігадовую школу і паступіў на рабфак, а ў 1935 годзе стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (які ў будучым будзе называцца ў гонар свайго вядомага выпускніка). Пасля заканчэння ў 1939 годзе быў накіраваны на працу настаўнікам матэматыкі і фізікі ў сярэднюю школу г. Расоны Віцебскай вобласці. Юнак планаваў паступіць у аспірантуру, але гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца — грымнула вайна.

У жыцці Машэрава былі два няпростых для савецкага чалавека эпізода: у 1937 годзе яго бацьку рэпрэсіравалі, ён памёр на лесапавале (праз два дзесяцігоддзі абвінавачванні ў антысавецкай агітацыі былі прызнаныя лжывымі, і мужчыну пасмяротна рэабілітавалі). Сам Машэраў у ліпені 1941 года трапіў у нямецкі палон. Машэрава не паспелі прызваць: ён накіраваўся на ўсход у пошуках “сваіх” і трапіў у акружэнне. Праўда, у немцаў Машэраў прабыў некалькі дзён.

— Тата расказваў, што цяплушка была забіта так, што нельга было паварушыцца, — успамінае дачка Пятра Машэрава Наталля. — Ён знайшоў яшчэ некалькі такіх жа хлопцаў, з якімі вырашыў уцякаць. На кожнай станцыі стаялі аўтаматчыкі, у цяплушцы — плач і крыкі, але калі ў вагоне даведаліся, што хлопцы хочуць уцякаць, наступіла цішыня. Усе старанна перакручваліся, пхалі гэтых уцекачоў, і яны ў нейкі момант змаглі выскачыць з акенца.

Вярнуўшыся ў Расоны, Машэраў уладкаваўся пры нямецкай адміністрацыі рахункаводам, а затым ізноў стаў настаўнікам матэматыкі.На першы погляд магло здацца, што Машэраў скарыўся і прызнаў новую ўладу. Толькі самыя правераныя і дасведчаныя ведалі: школьны настаўнік збірае падпольную групу, пачаў арганізоўваць супраціўленне акупантам у тыле. У красавіку 1942 года група падпольшчыкаў пад кіраўніцтвам Машэрава пайшла ў лес. Пётр Міронавіч узначаліў атрад імя Шчорса, які дзейнічаў на тэрыторыі Расонскага раёна і суседніх раёнаў РСФСР і Латвійскай ССР.

Імкнучыся зламаць партызанаў, гітлераўцы расстрэльвалі іх блізкіх. У верасні 1942 года фашысты схапілі маці Пятра Міронавіча Дар’ю Пятроўну і пасля шматлікіх здзекаў расстралялі.

— На якім бы мерапрыемстве мы не былі, што б не адбывалася, як толькі гучала слова “мама”, асабліва ў песнях, у Пятра Міронавіча ўвесь час беглі слёзы, — успамінаў былы Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Іванавіч Дземянцей. — Машэраў успамінаў, як немцы арыштавалі аднаго з падазраваемых у сувязі з партызанамі. Пад пыткамі ён выдаў імёны некалькіх чалавек. Была сярод іх і Дар’я Пятроўна. Усіх іх, восем чалавек, жорстка збілі, а потым расстралялі на беразе возера Расона. Вялі са звязанымі калючым дротам рукамі.

…Ён прывёў на тое месца Палякова (Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР — заўвага рэдакцыі) і мяне. Там помнік загінулым усталявалі. Расказаў, што магіла маці знаходзілася якраз на беразе. Часам пры разлівах вада накрывала яе. 26 чэрвеня 1966 года ў Расонах адкрылі помнік на агульнай магіле, куды перапахавалі астанкі загінулых. Казаў, да моманту эксгумацыі захаваліся нават валасы і фрагменты твараў. Плакаў… Уяўляеце, як цяжка даваліся ўспаміны? Сябе вінаваціў, што не збярог. Кветкі ўвесь час прыносіў.

Пётр Міронавіч і яго жонка Паліна Андрэеўна падчас адпачынку на Нарачы

— Гэта быў такі боль,.. — успамінае Наталля Машэрава. — Ён, нават калі на яе магілу прыходзіў — гэта ведаюць усе Расоны, — ён не сыходзіў, павярнуўшыся спінай. Ён ішоў па алеі — тварам да яе, спінай да ўваходу. Ён лічыў, што вінаваты ў яе гібелі. Бабуля, яго маці, была сувязной партызанскага атрада. Яе катавалі і расстралялі. Калі праз суткі вызвалілі Расоны, то ўсе падпольшчыцы былі ўжо расстраляныя. І бабуля таксама. Калі іх выкапалі з агульнай ямы, тата змог пазнаць бабулю толькі па сукенцы ў гарошак, настолькі гэтыя жанчыны былі змучаныя. Вядома, трэба было забіраць родных у партызаны. Але ўсіх забраць было немагчыма…

У сакавіку 1943 года Машэраў стаў членам КПСС, з таго ж часу — камісарам партызанскай брыгады імя К.К. Ракасоўскага, якая дзейнічала ў Віцебскай і Вілейскай абласцях. У верасні 1943 года Пётр Міронавіч быў абраны першым сакратаром Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ. На гэтай пасадзе ён працаваў аж да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Машэраў не любіў успамінаць пра вайну. У архіве захаваўся дакумент аб прадстаўленні яго да звання Героя — два лісты машынапіснага тэксту з апісаннем нападзенняў, баёў, аперацый, пералікам нямецкіх страт і характарыстыкай: “Паказаў сябе стрыманым у баявой абстаноўцы, ініцыятыўным, рашучым і валявым”. Да вышэйшай узнагароды яго прадставілі ў 43-м, уручылі яе ў 44-м.

Першай мірнай пасадай Машэрава стаў пост першага сакратара абкама камсамола ў Маладзечне. Горад быў разбураны на 90%, але Машэраў заявіў, што неабходна не толькі аднаўляць старое, але і будаваць новае. Неабходна думаць на гады наперад, пашыраць чыгуначны вузел, самы час закладваць новы станкабудаўнічы завод.

У гады вайны Машэраў, якога ведалі пад баявым псеўданімам Дубняк, паднімаў іншых у атаку ўласным прыкладам. У мірны час ён сваёй энергіяй і  самааддачай заражаў іншых, што дапамагала вырашаць задачы, якія яшчэ ўчора здаваліся невырашальнымі.

Перспектыўнага кіраўніка перавялі на працу ў Мінск. Спачатку ён узначаліў увесь беларускі камсамол, а ў ліпені 1954 года Машэраў стаў другім сакратаром Мінскага абкама партыі. 1 жніўня 1955 года яго абралі першым сакратаром Брэсцкага абкама КПБ. Па ініцыятыве Машэрава ў Брэсцкай вобласці пачалося паскоранае развіццё машынабудаўніцтва. Пётр Міронавіч актыўна садзейнічаў увекавечанню абароны Брэсцкай крэпасці: у 1956 годзе быў адкрыты музей, а хутка пачалася падрыхтоўка да будаўніцтва мемарыяльнага комплексу. Машэраў надаваў вялікую ўвагу развіццю культуры і адукацыі ў Брэсцкай вобласці, адшукваў сродкі для набыцця музычных інструментаў і літаратуры. Па ўспамінах касманаўта Пятра Клімука, у Брэсцкай вобласці заўжды добра адгукаліся аб дзейнасці Машэрава:

— Яшчэ не будучы асабіста знаёмым з Пятром Міронавічам, у юнацкія гады я чуў шмат добрых слоў ад настаўнікаў, жыхароў роднай вёскі Камароўкі на Брэстчыне ў адрас Машэрава, які ўзначальваў у той час Брэсцкую абласную партыйную арганізацыю. Знаходзячыся на вучобе і службе за межамі Беларусі, з вялікай радасцю ўспрымаў навіны аб поспехах роднага краю ў эканоміцы, навуцы, культуры і мастацтве.

Машэраў заўжды разважаў сістэмна і неардынарна. З іншага боку, ён вельмі моцна любіў людзей.

На высокай пасадзе Машэраў захоўваў сціпласць і прастату, на службу хадзіў пешшу і карыстаўся павагай мясцовых жыхароў, якія прызнавалі і шанавалі яго заслугі. А тым часам кіраўніка перавялі ў Мінск, дзе да 1965 года ён даслужыўся да першага чалавека рэспублікі. Стаўшы першым сакратаром ЦК КПБ, дзяржаўны дзеяч заняўся актыўным развіццём прамысловасці і сельскай гаспадаркі. За эпоху Машэрава валавая вытворчасць у Беларускай ССР вырасла ў чатыры разы, даходы рэспублікі павялічыліся ў тры разы. Гомельскі хімічны завод, Бярозаўская дзяржаўная раённая электрастанцыя, камбінат “Палімір”, камбінат “Азот” у Гродне – гэта толькі малая частка прадпрыемстваў, пабудаваных пры Машэраве.

Узровень развіцця сельскай гаспадаркі ў сучаснай Беларусі досыць высокі. Але не ўсе ведаюць, што магутны штуршок развіццю гэтай галіны даў Машэраў. З урадлівымі землямі ў Беларусі справа ішла горш, чым у суседняй Украіне, але рэспубліканскі лідар не сумаваў. Ён актыўна прыцягваў да справы вучоных. У выніку ўраджайнасць збожжавых у рэспубліцы дасягнула паказчыка ў 27 ц/га, агульны збор збожжа — 7,3 мільёна тон.

Пералік таго, чым Беларусь абавязана Машэраву, зойме некалькі старонак. Здаецца, што людзей з такімі заслугамі і такой рэпутацыяй не бывае, таму не дзіўна, што ў выніку ён спатрэбіўся ў Маскве. Лічыцца, што назначэнне Машэрава на пасаду Старшыні Савета Міністраў СССР павінна было адбыцца ў канцы кастрычніка 1980 года. Але 4 кастрычніка 1980 года “Чайка”, на якой ехаў Машэраў, на трасе Масква-Мінск урэзалася ў грузавік ГАЗ, гружаны бульбай. Вадзіцель і ахоўнік Машэрава загінулі на месцы. Сам кіраўнік рэспублікі памёр праз некалькі хвілін.

Следства потым высветліла, як “Чайка” Машэрава сутыкнулася з грузавіком з бульбай. Грузавік выскачыў на сустрэчную, ратуючыся ад сутыкнення з МАЗам, які ішоў наперадзе. Кіроўца МАЗа заўважыў картэж і прытармазіў.

Дагэтуль існуе меркаванне, што аварыя, у якой загінуў Машэраў, была падстроенай. Але пісьменнік Мікалай Чэргінец, які ў 1980-м годзе быў намеснікам начальніка УУС Мінскага гарвыканкама, упэўнены, што так дакладна разлічыць час і выбудаваць на патрэбныя пазіцыі ўсіх удзельнікаў гэтага ДТЗ немагчыма. Аднак многія, у тым ліку і родныя Машэрава, у афіцыйную версію не вераць.

У канцы жніўня 1980 года Машэраў апошні раз наведаў родную Віцебшчыну. Праверыў, як ідзе ўборка, выслухаў просьбы людзей. Разам з ім у паездцы быў і Мікалай Дземянцей:

— Я заўсёды быў атэістам, работа такая. Але, успамінаючы гэты апошні палёт на малую радзіму, дагэтуль думаю: ёсць нейкія вышэйшыя сілы, напэўна, якія далі яму знак — трэба развітацца і з Шыркамі, і з Расонамі, і з маці… ён быў другі ў гэтай паездцы, не такі, як звычайна. Не ведаю, што гэта, растлумачыць дагэтуль не магу.

Аб тым, што гэта паездка Машэрава была незвычайнай, успамінае і былы першы сакратар Расонскага райкама КПБ Вячаслаў Русаковіч:

— Прама на вуліцы столік накрылі, паставілі малако і мёд, гэта ён любіў вельмі. Я даў справаздачу аб выкананых даручэннях, атрыманых год таму, ён застаўся задаволены. Зрабіў камплімент вяскоўцам, што ва ўсіх усмешкі прыгожыя, бо ў 1979-м даслаў да нас стаматолага. Быў нейкі асаблівы, кранальны, ці што. На развітанне абняў мяне, як блізкага сябра, пацалаваў. Вы разумееце? Ды ніколі раней не было такога! Звычайна ён проста паціскаў руку. У мяне і радасць на сэрцы была, і хваляванне.

— Апошнія дні жніўня 1980 года… прыбыла цэлая дэлегацыя на чале з Машэравым, — успамінае былы першы сакратар Сенненскага райвыканкама Рыгор Міхайлавіч Храмчанка. — Спачатку працоўныя моманты абмяркоўваліся, вырашалі, дзе і што будзем сеяць вясной 1981-га. Затым Пётр Міронавіч павёў нас па родных мясцінах. Ды мы там былі ўжо не раз, усё ведалі. Але гэтая экскурсія! Паказваў кожную сцяжынку. Мур, праз які бегаў у школу. Месцы, дзе збіраў чарніцы, куды насіў прадаваць да чыгункі. Чатыры гадзіны вадзіў за сабой па лесе, полі і кустах! Уяўляеце? Усе стаміліся, адбілі ногі, а ён працягваў расказваць. Палякоў кажа: «Пётр Міронавіч, вам тут трэба помнік пры жыцці паставіць». Той адказвае: “Ведаеш, Іван, я гэтага не заслужыў”.

Развітацца з Пятром Машэравым прыйшло шмат простых людзей. Нягледзячы на дождж, за труной прайшлі дзясяткі тысяч чалавек.

Сведчаннем народнай памяці сталі названыя імем Машэрава вуліцы гарадоў, школы, прадпрыемствы і нават цеплаход. Вуліца Машэрава ёсць і ў вёсцы Міратычы Карэліцкага раёна.