Адным з тых, хто вырашыў змагацца з захопнікамі, стаў Міхаіл Белуш, які нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Руда Ліпічанская Лідскага павета Мінскай губерні (цяпер Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці). Бацька юнака быў бедным селянінам, аднак зрабіў усё магчымае, каб сын атрымаў пачатковую адукацыю ў мясцовай школе. Удзячны Міша вучыўся на выдатна, валодаў добрай памяццю.
У 1938 годзе Белушаў напаткала гора — памёр гаспадар, і ў Мішы павялічылася колькасць абавязкаў. Сваёй зямлі ў сям’і было толькі два гектары, таму Мішыны бацькі батрачылі на князёў Чацвярцінскіх. Пасля заняткаў хлопчык працаваў: касіў траву, пасвіў гаспадарскую карову. З вялікай радасцю ён сустрэў навіну аб тым, што да вёскі набліжаецца Чырвоная Армія, сустракаць якую хлопец бег першым.
У пачатку вайны ў Руду Ліпічанскую ўварваліся немцы. Хадзілі па хатах, выганяючы з іх сялян. Мішыну маці з аднавяскоўцамі забралі ў Германію. Юнак, схапіўшы малодшага брата, уцёк у лес, адкуль хлопчыкі назіралі, як полымя ахапіла суседскую хату, школку, а затым і бацькоўскую сядзібу.
Юначае сэрца прагла помсты. Міша марыў сустрэцца з партызанамі, і гэты момант настаў. Вось што ўспамінаў пра першую сустрэчу з Мішам член партызанскага атрада “Кастрычнік”, ураджэнец Ліды, ветэран вайны Альфрэд Іванавіч Кур’ян (са зборніка В. Дончыка “Пабрацімы Матросава”, 1984 г.):
«У лістападзе 1942 года я быў накіраваны ў складзе дыверсійнай групы ў тыл ворага. Мы прыбылі ў Ліпічанскую пушчу ў Гродзенскай вобласці. Неяк вясной 1943 года мне давялося спыніцца ў адным з дамоў вёскі Зачэпічы Шчучынскага раёна, у якім знаходзіўся хударлявы хлопец гадоў пятнаццаці, а разам з ім яго малодшы брат. Слова за слова, і пацякла гутарка. Я даведаўся, што яго завуць Міша. Ён даўно гарыць жаданнем змагацца з ворагам і шукае сустрэчы з партызанамі. Спачатку не хацеў прызнавацца, хто я і адкуль, але, адчуўшы яго шчырасць, сказаў, што прыбыў сюды па заданні партызан. Тады Міша Белуш даверліва распавёў, што ў яго ёсць схованка са зброяй. Калі сцямнела, мы непрыкметна прабраліся да схованкі і дасталі з яе некалькі вінтовак з патронамі. А потым разам з Мішам адправіліся ў партызанскі атрад “Кастрычнік” Першамайскай брыгады, якім камандаваў А. А. Гарэлік».
Хлопец прапанаваў лясным братам сваю дапамогу, прасіў даць яму любое заданне, і яго прынялі ў атрад. У 1943 годзе юнак стаў радавым атрада “Кастрычнік” патрызанскай брыгады “Першамайская”. Праўда, у атрадзе атрымалася замінка. Хлопца не зацелі прымаць у партызаны з-за яго ўзросту. Але праз час лясныя браты не пашкадавалі, што Міша папоўніў іх шэрагі. Юнак быў кемлівым і смелым, і аказаўся незамянімым у разведцы. Мішы шмат разоў даводзілася хадзіць у населеныя пункты, дзе немцы і паліцаі амаль не звярталі на яго ўвагі. Ён хадзіў у разведку ў Навагрудак, Карэлічы, Мір і навакольныя вёскі. Нягледзячы на акалічнасці, юнак вяртаўся ў атрад пасля кожнага баявога задання.
Вялікі ўнёсак у разгром войскаў вермахта ў Беларусі зрабіла “рэйкавая вайна”. Партызаны, пускаючы цягнікі пад адхон, затрымлівалі пастаўкі варожай зброі і прадуктаў харчавання. На рахунку Міхаіла Белуша восем падарваных эшалонаў на ўчастку Баранавічы-Ліда, а таксама мноства дарожных мастоў і тэлеграфных ліній. Без Мішы не праходзіла ні адна баявая аперацыя. У баях з гітлераўцамі юнак узмужнеў і загартаваўся. Яго прынялі ў шэрагі УЛКСМ.
У чэрвені 1944 года атрад атрымаў загад разбіць варожы гарнізон у вёсцы Купіск Навагрудскага раёна. Наступленне было назначана на гадзіну ночы 16 чэрвеня. Спачатку партызаны павінны былі наступаць з флангаў — для адцягнення агню, затым з фронта, з пераходам праз Нёман. Узышло сонца, але ні адна з флангавых груп не выйшла на праціўніка. Партызаны, якія павінны былі атакаваць з правага боку, былі выяўлены і не змаглі фарсіраваць раку. Атрад, які заняў пазіцыі за Нёманам і павінен быў наступаць на праціўніка з фронта, чакаў каманды да наступлення. У цэнтры вёскі, якую неабходна было атакаваць, размяшчаўся стары, часоў Першай сустветнай вайны, дот. Ён злучаўся з цаглянай надбудовай, закрытай траншэяй, у сценах якой была амбразура. Гэта збудаванне было абнесена калючым дротам.
На світанні над Нёманам загрукаталі кулямёты — левафлангавая група адцягнення ўвагі пад камандаваннем А. А. Гарэліка ўступіла ў бой. У адказ гітлераўцы падпалілі вёску запальнымі кулямі.
Партызаны знайшлі два броды і па іх пераходзілі Нёман. Левы фланг прыкрываў камісар атрада Сямён Паўлавіч Ляснічы. З групай аўтаматчыкаў, трыма ручнымі кулямётамі і разлікам супрацьтанкавых ружжаў ён пераправіўся праз Нёман і заспяшаўся да вёскі. Немцаў, якія не знаходзіліся ва ўмацаваннях, хутка змялі, і яны адышлі ў палі.
У цэнтры вёскі Купіск працягвалася сеча. Партызаны настойліва ішлі наперад: накідвалі на агароджу з дроту плашч-палаткі, ватоўкі, тужуркі, пераадольваючы такім чынам перашкоду. Раптам па партызанах ударыў кулямёт.
Пад кіраўніцтвам камандзіра ўзвода Мясіна з дабравольцаў была створана штурмавая група. У яе ўвайшлі партызаны Гарэлік, Ковенскі, Кур’ян, Белуш і іншыя. Група атрымала загад узарваць варожы дот, які абаранялі гітлераўцы.
На світанку штурмавая група пачала бой. Партызаны рваліся наперад, але свінцовы дождж прыціскаў іх да зямлі. У кароткія перапынкі паміж кулямётнымі чэргамі некаторым байцам удавалася перабрацца за агароджу, але ўсё больш іх падала на зямлю. Навечна. Варожы дот здаваўся непрыступнай крэпасцю.
Бясконцы чэрвеньскі дзень быў у самым разгары, а кулямёт касіў і касіў людзей. Не дапамог і трыццацікілаграмовы зарад толу, узарваны на яго макушцы. Кулямёт працягваў паліваць агнём. Захапіць уваход таксама не атрымлівалася: яго прыкрываў станковы кулямёт.
Да дота падпаўзлі некалькі партызан, сярод якіх быў і Міша Белуш. Юнак падабраўся бліжэй і кінуў гранату. Агнявая кропка на час змоўкла, і партызаны падняліся ў атаку, але кулямёт загрукатаў зноў. У гэты час Міша прыняў апошняе ў сваім жыцці рашэнне і сваім целам закрыў амбразуру дота. Кулямёт замоўк у абдымках юнака. Мішын таварыш Мікалай Кадоўбік застрэліў кулямётчыка і кінуўся да вузкага ўваходу ў дот. Гітлераўцы, упэўненыя ў надзейным прыкрыцці, вельмі позна заўважылі партызан за сваёй спінай. Калі баявыя таварышы падбеглі да Мішы, то ўбачылі, што ён мёртвы. Яго з гонарам пахавалі каля вёскі Купіск. Разграміўшы гарнізон, народныя мсціўцы сышлі за Нёман.
Пасля вайны астанкі Міхаіла Белуша перанеслі ў Карэлічы. За мужнасць і самаадданасць юнаму герою быў прысвоены ордэн Айчыннай вайны І ступені і медаль “Партызану Айчыннай вайны” І ступені. Пасмяротна.
На месцы гібелі юнака ў в. Купіск устаноўлены помнік-абеліск. У 1977 годзе ў роднай вёсцы Руда Ліпічанская ўстанавілі мемарыяльны знак з надпісам “Земляку Міхаілу Белушу, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава”. Імем юнага героя названы вуліцы ў Гродне, Мастах, Навагрудку, Дзятлаве і Карэлічах. Дарэчы, па словах старажылаў, да другой паловы ХХ ст. вуліца Белуша ў Карэлічах насіла назву Людвікаўская. Пазней яна была перайменавана ў гонар юнага героя.