Главная / Новости / Новости района
08.11.2023

Ураджэнец вёскі Лукі Васіль Іосіфавіч Бучацкі быў удзельнікам трох рэвалюцый

 Адной з лёсавырашальных падзей пачатку ХХ стагоддзя становіцца барацьба расійскіх рабочых і сялян за сваю свабоду. За два дзесяцігоддзі ў Расійскай імперыі ўспыхваюць тры рэвалюцыі. Першая — рэвалюцыя 1905-1907 гг. — была падаўлена царскім рэжымам. У выніку другой — Лютаўскай 1917 г. — было звергнута самадзяржаўе. Пасля трэцяй — Кастрычніцкай 1917 г. — да ўлады ў Расіі прыйшлі бальшавікі. Ураджэнец вёскі Лукі Васіль Іосіфавіч Бучацкі праявіў сябе ў час усіх трох расійскіх рэвалюцый.

Пісьмовых звестак аб ім зусім няшмат. Вядома толькі, што ў 1918 ён узначальваў камітэт беднаты ў Луках; быў адным са стваральнікаў камуны “Праца” імя У. І. Леніна ў пачатку 1919 г., і загінуў ад рук ворагаў савецкай улады. Гісторыю жыцця рэвалюцыянера пачаў збіраць настаўнік гісторыі Лукскай СШ Іосіф Уладзіміравіч Пацалуйка. Шукаючы факты з жыцця земляка, гісторык сустрэўся з унукам Васіля Іосіфавіча Міхаілам Сямёнавічам і праўнукам Аляксандрам Сямёнавічам. У іх дачы ў агр. Лукі беражліва захоўваюцца старыя дарэвалюцыйныя фотаздымкі дзеда і прадзеда. Патомкі рэвалюцыянера даглядаюць яго магілу на лукскіх могілках.

Дата нараджэння Васіля Іосіфавіча да гэтага часу застаецца дакладна невядомай. Меркавана гэта 1864 год. Невядома таксама, дзе будучы рэвалюцыянер атрымаў пачатковую адукацыю.

У канцы ХІХ стагоддзя (у кнізе Э. А. Карніловіча “Беларусь: сузор’е палітычных імёнаў” указаны 1897 г.) Васіль адпраўляецца ў Пецярбург, дзе працуе на заводзе Леснера, а потым на Абухоўскім і Іжорскім заводах. Вось як успамінае пра земляка Заслужаная калгасніца, узнагароджаная ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Лідзія Міхайлаўна Мацко (успаміны прыведзены ў кнізе “Памяць. Карэліцкі раён”, 2000 г., с. 106):

«Чалавек ён быў, відаць, талковы. Паехаўшы без капейкі ў кішэні ў Пецярбург на заробкі, хутка вывучыўся. Стаў спачатку слесарам, а потым механікам на заводзе Леснера. Там далучыўся да марксізму…»

Васіль Бучацкі, 1904 г.

Рабочыя і механікі Абухоўскага завода, трэці злева — В. Бучацкі, 1910 г.

У 1904 годзе Бучацкі стаў членам партыі бальшавікоў. 9 студзеня 1905 г. Васіль Іосіфавіч ішоў у калоне рабочых да Дварцовай плошчы, бачыў расстрэл мірнай дэманстрацыі, на вул. Багамолаўскай выступіў на мітынгу, быў пабіты жандармамі.

9 студзеня (па новым стылі 22 студзеня) 1905 г. успыхвае першая расійская рэвалюцыя, пачаткам якой стала “Крывавая нядзеля”, калі войскамі была расстраляна мірная дэманстрацыя рабочых у Пецярбургу. Працуючы на Абухоўскім заводзе, Васіль Бучацкі быў членам баявой дружыны, якую ўзначальваў Яўген Пятровіч Ануфрыеў. Баявая дружына дзялілася на дзясяткі, адну з якіх узначальваў менавіта Васіль Іосіфавіч. Дружыннікі абаранялі мітынгі і бастуючых рабочых ад чарнасоценцаў (рэакцыйныя, контррэвалюцыйныя і антысеміцкія групы, якія з патурання ўладаў ажыццяўлялі напады на рэвалюцыйныя групы і здзяйснялі яўрэйскія пагромы) і выкрывалі правакатараў. Па рашэнню 5-га Лонданскага з’езда РСДРП у 1907 годзе баявыя дружыны былі распушчаны.

Пасля паражэння першай расійскай рэвалюцыі Васіль Бучацкі састаяў у рэвалюцыйным падполлі, а потым вярнуўся дамоў, у Лукі. Ажаніў сына і праз некаторы час зноў паехаў у Пецярбург.

У 1912 годзе Васіль Іосіфавіч пераходзіць на працу ў Колпіна на Іжорскі завод механікам у гарматны цэх. Менавіта на гэтым заводзе праявіліся лідарскія здольнасці будучага арганізатара камуны. Праз два гады ўспыхвае “Сусветны пажар”, пачынаецца Першая сусветная вайна, у пекла якой былі ўцягнуты 38 краін. З 1915 года лукская дыяспара ў Пецярбургу пашыраецца: на Іжорскі завод уладкоўваецца вучнем слесара ў гарматны цэх будучы сакратар камуны “Праца” Андрэй Тананка.

У снарадным цэху на заводзе Таварыства франка-рускіх рабочых працуюць ураджэнец Лук Міхаіл Крапіўніцкі і яго жонка Зося. У пачатку 1916 г. Міхаіла прызвалі ў царскую армію. У час няўдалага паходу рускай арміі ён трапіў у нямецкі палон. Пасля Брэст-Літоўскага міру летам 1918 г. ён вярнуўся ў родную вёску, амаль адначасова са сваёй жонкай Зосяй, якая таксама прыехала на радзіму пасля закрыцця прадпрыемства летам 1917 года. Перад яе ад’ездам матросы 2-га флоцкага экіпажа  Кранштадта Іосіф Каспяровіч і Васіль Марушэўскі, ураджэнцы Мінскай губерніі, перадалі жанчыне Чырвоны сцяг, які ў будучым стаў сцягам камуны “Праца” імя У. І. Леніна. Разам з ёю ў Лукі вярнуўся і сын Бучацкага Сямён.

У пачатку 1917 года становішча ў Петраградзе ўскладнілася – значна выраслі цэны на прадукты харчавання, асабліва на хлеб. Урад не прадпрымаў ніякіх мер для паляпшэння сітуацыі. Рабочыя, даведзеныя да адчаю, вырашылі адстойваць свае правы. Пачынальнікамі забастовачнага руху сталі рабочыя Іжорскага завода. 8-9 лютага яны забаставалі, патрабуючы павышэння заработнай платы. Дырэктар завода Іван Міканоравіч Вазнясенскі не толькі адмовіўся выслухаць законныя патрабаванні рабочых, але вызваў з Петраграда роту салдат. Вось тут і спатрэбіўся вопыт Бучацкага па стварэнню і кіраўніцтву баявымі дружынамі, набыты на Абухоўскім заводзе ў гады першай рускай рэвалюцыі. Рабочыя пабудавалі барыкады і заблакавалі ўваход на прадпрыемства. Салдаты пасля шматгадзіннага стаяння павярнулі назад. 13-14 лютага па прызыву Петраградскага савета РСДРП(б) у цахах Іжорскага завода, дзе працавала каля 13 тысяч рабочых, як і на іншых заводах Расійскай сталіцы, адбыліся мітынгі. Мітынг у гарматным цэху распачаў Васіль Іосіфавіч Бучацкі, які зачытаў лістоўку Пецярбургскага камітэта РСДРП, у якой сцвярджалася, што іншага выхаду, акрамя народнай барацьбы, няма. Рабочы клас і дэмакратыя не павінны чакаць, калі царская ўлада і капіталісты пажадаюць памірыцца, трэба цяпер жа весці барацьбу супраць гэтых драпежнікаў, каб узяць у свае рукі лёс краіны і пытанні міру. У лістоўцы было ўказана, што першай умовай сапраўднага міру павінна быць звяржэнне царскага ўрада і ўстанаўленне Часовага рэвалюцыйнага ўраду для ўладкавання: Расійскай дэмакратычнай рэспублікі; правядзення 8-гадзіннага рабочага дня; перадачы ўсіх памешчыцкіх земляў сялянам.

14 лютага 1917 года адкрывалася чарговая сесія Дзяржаўнай думы Расіі. Далейшыя падзеі добра вядомы: прадстаўнікі ўлады не прыслухаліся да жаданняў народа, што прывяло да Лютаўскай, а затым і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Васіль Іосіфавіч пасля лютаўскіх падзей застаўся на заводзе, прымаючы актыўны ўдзел у партыйным жыцці. Вялікую ролю ў перамозе Кастрычніцкай рэвалюцыі адыгралі рабочыя Іжорскага завода. У ноч з 24 на 25 кастрычніка яны перадалі ў распараджэнне Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта 17 браневікоў. Адным з іх кіраваў Бучацкі. 2 лістапада 1917 года Петраградскі савет прыняў пастанову аб працягу работы на Іжорскім заводзе. Васіль Іосіфавіч як вопытны спецыяліст, падпарадкоўваючыся партыйнай дысцыпліне, вярнуўся на завод у той жа цэх. У лістападзе 1918 года, пасля дэнансацыі Савецкім урадам Брэсцкага міру, Петраградскі камітэт накіроўвае Бучацкага на вызваленыя ад акупантаў землі Беларусі. Разам з ім на радзіму вяртаецца і Андрэй Тананка, які летам 1917 года ўступіў у рады РСДРП(б).

1 студзеня 1919 г. у Смаленску быў абвешчаны Маніфест аб утварэнні ССРБ. 11 студзеня гэтага ж года загадам № 7 Навагрудскага павятовага камісарыята па ваенных справах Навагрудскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт быў абвешчаны вышэйшым органам Савецкай улады г. Навагрудка і яго павета. Старшынёй ВРК быў абраны А. Валескі, намеснікам — В. Назаранка, сакратаром — Шостак. Менавіта Валескі даручыў Васілю Бучацкаму ўзначаліць камітэт беднаты ў Луках. Васіль Іосіфавіч распаўсюджваў сярод землякоў ідэі роўнасці і калектывізму. Ён пераканаў былых батракоў маёнтка Цетра і ўладальнікаў бяднейшых гаспадарак не дзяліць застаўшуюся маёмасць былых уладальнікаў, а арганізаваць сумесную гаспадарку. Яму ўдалося пераканаць аднавяскоўцаў. Вось як пісала аб гэтым Карэліцкая раённая газета “Полымя” ў № 65 ад 2 чэрвеня 1979 г.:

«Пачатак 1919 года. У вёсцы Лукі, Наваградскага павета, у хаце Васіля Бучацкага лютаўскім вечарам сабраліся бяднейшыя вяскоўцы. Ідзе шумная гамонка: як жыць далей. Гаспадар хаты — былы піцерскі рабочы, удзельнік трох рэвалюцый, член РСДРП з 1904 года — горача даказвае сялянам: самы лепшы шлях для беднякоў — стварыць працоўную камуну. Тым больш, што і магчымасці для гэтага ёсць, непадалёку ад вёскі знаходзіцца памешчыцкі маёнтак.

І вось у Навагрудскі павятовы земаддзел падаецца заява. “Жадаем утварыць камуну, — гаворыцца ў ёй. — Прыкладаем статут камуны з чатырма яго копіямі, завераны і падпісаны намі і мясцовым Саветам. Прыкладаецца пасямейны спіс членаў камуны, указваецца іх узрост, род заняткаў і месца пражывання. Просім зарэгістрыраваць нашу камуну і зрабіць распараджэнне аб адводзе нам патрэбнай колькасці зямлі”. Падпісалі заяву ўпаўнаважаныя В. Бучацкі, Т. Крапіўніцкі, Я. Крапіўніцкая, А. Булдык.


Так у лютым 1919 года ў Луках была створана першая ў тутэйшай мясцовасці камуна. Далі ёй назву “Праца” імя Ульянава-Леніна. Старшынёй камуны выбралі Васіля Бучацкага, сакратаром — Андрэя Тананку».

Статут камуны “Праца” ім. Ульянава-Леніна быў зацверджаны органамі ўлады. У гэты час пачалося наступленне польскіх войскаў. Вораг набліжаўся да Навагрудка. 29 красавіка ў Мірскім замку праходзіла пасяджэнне Навагрудскай партыйнай канферэнцыі, галоўным пытаннем якой была арганізацыя абароны. У гэты час да Міра падыйшоў атрад салдат, апранутых у чырвонаармейскую форму, якім камандаваў былы афіцэр Паўлючэнка. Па яго загаду атрад увайшоў у замак і расстраляў усіх дэлегатаў. Па звестках, прыведзеных у кнізе “Памяць. Карэліцкі раён», 2000 г. (“Засталася спадчына”, с. 108), ворагі асабліва здзекаваліся з Бучацкага. “Ужо мёртвага штыкамі калолі”. Цела Васіля Іосіфавіча знайшлі толькі на восьмы дзень у зарасніках парка.

За апісаннем гэтых падзей звяртаемся да старонак Карэліцкай раённай газеты “Полымя” (№ 65 ад 2 чэрвеня 1979 г.):

«Быў красавік 1919-га. У Мірскім замку сабраліся камуністы Навагрудскага павета на партыйную канферэнцыю. Удзельнічаў у ёй і старшыня Луцкай камуны Васіль Бучацкі. Канферэнцыя пачалася, і ніхто не падазраваў бяды. Па Міры хадзілі людзі ў чырвонаармейскай форме, аддаваў загады іх камандзір, былы царскі камандзір Паўлючэнка. Ён і стаў арганізатарам контррэвалюцыйнага мецяжу, які ўчыніў жорсткую расправу над удзельнікамі канферэнцыі.

На пахаванне Бучацкага выйшлі ўсёй вёскай. Са смерцю яго справа не загінула. У ёй заставалася ядро — былыя рабочыя. Па прыкладу яе ў навакольных вёсках узніклі яшчэ чатыры камуны.

Але нядоўга папрацавалі разам камунары. У канцы красавіка прыйшлі белапалякі. Працоўны люд не стаў на калені перад захопнікамі…».

Сына Васіля Бучацкага Сямёна разам з Фёдарам Крапіўніцкім і яшчэ 15 камуністамі пасадзілі ў турму. Многія члены камуны прайшлі праз польскія засценкі, але не скарыліся. Яны бралі прыклад са свайго старшыні.

У 1979 годзе ў гонар 60-годдзя камуны ў вёсцы Лукі быў урачыста адкрыты памятны камень.

На жаль, у вірлівых падзеях пачатку ХХ стагоддзя, у ліхалеццях абедзвюх сусветных войнаў зніклі імёны многіх змагаўшыхся за свабоду і незалежнасць роднага краю. Наша задача — па крупіцах знайсці і аднавіць гісторыю іх жыцця, захоўваць і перадаваць нашчадкам памяць пра іх.