Главная / Новости / Новости района
29.04.2024

В честь Дня труда в Кореличах прошел велопробег и заложена Аллея Памяти

 

Велапрабег,  прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 120-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі, прайшоў 29 красавіка на Карэліччыне. Арганізатарамі  мерапрыемства выступілі Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў,  Карэліцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Цёплае сонечнае надвор’е, пярэдадзень Першамая сабраў прафсаюзных актывістаў пярвічных прафсаюзных арганізацый гаспадарак і прадпрыемстваў раёна, БРСМ і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый каля   мемарыялу “Зорка” ў райцэнтры,   дзе быў дадзены старт велапрабегу.

Удзельнікі накіраваліся да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Тударава Красненскага сельскага Савета. Яны ўсклалі  кветкі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых.

– Я сёння далучылася да велапрабегу па памятных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны. Нам,  цяпер жывучым,  наканавана захаваць гістарычную памяць ў імя продкаў і нашчадкаў. Нам мір завешчана берагчы! Немагчыма забыць страшныя падзеі 1941-1945гг.,  пра іх нам заўсёды будуць нагадваць помнікі загінулым воінам і невядомым салдатам, брацкія пахаванні і абеліскі, – сказала старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Наталля Казарэз.

– Сённяшні маршрут не выпадковы. У юбілейны 80-ы год вызвалення  Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэта своеасаблівы  знак павагі да подзвігу воінаў-вызваліцеляў,  людзей  працы, якія зрабілі ўсё і для перамогі над фашызмам, і для мірнага жыцця сённяшняга пакалення.  Памятаючы мінулае, ствараем,  – адзначыў  інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Карэліцкага РАНС Павел Купрас.


Закладка сімвалічнай  Алеі Памяці ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ў г.п. Карэлічы каля возера Быкава 29 красавіка  дала старт святкаванню Свята працы. Арганізатарамі  мерапрыемства выступілі Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў,  Карэліцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Напярэдадні чырвонага дня календара тут сабраліся героі працы Карэліччыны: герой Сацыялістычнай Працы Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ларыса Васільеўна Яроцкая,  узнагароджаныя медалём «За працоўныя заслугі» Іван Пятровіч Гавака, Андрэй Мікалаевіч Штэйн, Ніна Міхайлаўна Грыгілевіч, Ірына Аляксандраўна Кергет, Іван Мікалаевіч Шыш, Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі, Віктар Канстанцінавіч  Саўко, Аляксандр Аляксандравіч Мяцеліца, Мікалай Аляксандравіч Гавіна, Міхаіл Міхайлавіч Штыцько, дэпутацкі корпус раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, сельгаспрадпрыемстваў раёна, устаноў адукацыі. Яны пасадзілі 45 кедраў і  55 вербаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, аператар машыннага даення  племзавода “Карэлічы” Ларыса Васільеўна Яроцкая адзначыла:

—  Калі мяне запрасілі прыняць удзел у такім цудоўным мерапрыемстве, я адразу згадзілася, бо пасадзіць дрэва — гэта выдатная магчымасць пакінуць свой след у гісторыі роднага краю. Дрэўцы прыжывуцца, вырастуць і падораць радасць жыхарам  роднай Карэліччыны, а для нас гэта жывы напамін аб нашай працы, нашым свяце, на доўгую памяць маладому пакаленню, будучаму нашай краіны.

Кацярына КУКАНАВА