Главная / Новости / Новости района
21.07.2023

В деревне Бережно прошел сельский сход по вопросам безопасности

 Сельскія сходы па-ранейшаму застаюцца адной з самых эфектыўных форм узаемадзеяння органаў улады і грамадзян. Вяскоўцы маюць магчымасць агучыць актуальныя для іх вёсак праблемы, вырашэнне якіх ім самім часта не пад сілу. Такі сход адбыўся ў вёсцы Беражна Мірскага сельсавета.

Першым на сходзе выступіў старшыня Мірскага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Маркевіч, які звярнуў увагу прысутных на найбольш актуальных пытаннях, што тычацца падрыхтоўкі пячнога абсталявання да зімовага ацяпляльнага сезона.

— Усе, хто сабраўся тут, разумеюць, што печы ў вашых дамах не павінны мець расколін, таму што любыя, самыя маленькія адтуліны могуць стаць прычынай трагедыі.

Аляксандр Лявонцьевіч таксама звярнуў увагу на купанне дзяцей у вадаёмах:

— Цяпер вельмі гарачая пара. У вёску прывозяць унукаў, і яны хочуць купацца. Памятайце, што плаваць дазволена толькі ў вадаёмах, дзе ёсць пасты выратавальнікаў. Таксама варта памятаць, што дзеці павінны знаходзіцца ў вадзе пад пільным наглядам старэйшых.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан заклікаў прысутных не саромецца задаваць пытанні:

— Кожнае пытанне, якое нам задаюць, мы стараемся вырашыць.

— Большасць пажараў, няхай гэта будуць пажар ў жыллі, надворных пабудовах, на транспарце або прыродныя вогненныя здарэнні, — узнікаюць з прычыны парушэння чалавекам правілаў пажарнай бяспекі, — адзначыў Яўген Мікалаевіч.

Яўген Чычкан таксама нагадаў, што апошнім часам актывізаваліся тэлефонныя ашуканцы, якія пастаянна ўдасканальваюць прыёмы падману даверлівых грамадзян. Калі раней яны прадстаўляліся работнікамі службы бяспекі банка, то цяпер злодзеі «змянілі прафесію» на прадстаўнікоў спецслужбаў:

— Тэлефануюць і просяць узяць крэдыт, каб дапамагчы арыштаваць тэлефонных махляроў, альбо паведамляюць, што сваяк ахвяры трапіў у аварыю і яму патрабуецца матэрыяльная дапамога. Першае, што трэба рабіць у такім выпадку, — патэлефанаваць «сваяку ў бядзе», спытаць, што здарылася насамрэч.

Звярнуў увагу Яўген Мікалаевіч і на праблему з небяспечнай раслінай — баршчэўнікам Сасноўскага:

— Калі вы заўважылі ўчастак, дзе расце баршчэўнік — патэлефануйце старшыні сельсавета, паведаміце аб праблеме. Але самае галоўнае — папярэдзьце дзяцей, што гуляць з раслінай вельмі небяспечна, бо яе сок можа выклікаць хімічныя апёкі.

Пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў, тычыліся стану мясцовых дарог і даступнага медыцынскага абслугоўвання. Большасць жыхароў Беражна —пенсіянеры, якім складана дабірацца ў пасёлак. Таксама на сходзе цікавіліся устаноўкай электраацяплення ў дамах. На гэтае пытанне адказаў галоўны інжынер Карэліцкага раёна электрычных сетак Ігар Самалюк:

— Падстанцыя, усталяваная побач з вёскай Беражна, не разлічана на такое высокае напружанне. У бліжэйшы час плануецца рэканструкцыя падстанцыі ў вёсцы Крынічнае. Пасля гэтага павялічаць напружанне і ў Беражна.

Таксама на сходзе выступіў начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік, які распавёў пра рэспублікансую акцыю «Канікулы без дыму і агню», накіраваную на папярэджанне ўзнікнення пажараў з прычыны дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей. Распавёў кіраўнік выратавальнага ведамства і аб мабільнай праграме МНС «Дапамога побач», якая працуе без Інтэрнэту, і дзе сабраны парады па дзеяннях у надзвычайных сітуацыях.

Таксама была звернута ўвага на маленькі, але важны прыбор, які дазваляе захаваць жыццё падчас пажару, — аўтаномны пажарны апавяшчальнік, што павінен стаяць ва ўсіх дамах. Дзяніс Стадольнік паказаў, як прыбор павінен размяшчацца на столі, як праверыць яго працаздольнасць і замяніць батарэйку