Главная / Новости / Новости района
04.11.2023

В Кореличах к 106-летию Октябрьской революции провели митинг «Эхо революции»

 

3 лістапада, напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, у скверы Мікалаю Арцюху ў райцэнтры карэліччане сабраліся з нагоды гэтай важнай падзеі. Вядучы мітынгу адзначае, што 106 гадоў таму ў Петраградзе адбылося ўзброенае паўстанне, якое закончылася ўзяццем Зімовага палаца, арыштам Часовага ўраду і абвяшчэннем улады Саветаў. На пасяджэнні Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года Уладзімір Ільіч Ленін сказаў: «Таварышы! Рабочая і сялянская рэвалюцыя, аб неабходнасці якой увесь час гаварылі бальшавікі, адбылася!»
Нашы ўраджэнцы знаходзіліся ў самым эпіцэнтры рэвалюцыйнага руху. У штурме Зімовага палаца ўдзельнічаў Міхаіл Васільевіч Лаўровіч з вёскі Турэц, удзельнікамі кастрычніцкага ўзброенага паўстання былі Уладзімір Пятровіч Наумовіч з вёскі Сіняўская Слабада, Георгій Андрэевіч Сыч з вёскі Кайшоўка, Сымон Кірылавіч Шэга з вёскі Малюшычы. На крэйсеры «Аўрора» служылі нашы землякі Антон Данілавіч Гарбач з вёскі Востухава, Аляксандр Паўлавіч Гіль з вёскі Шчонава.


Слова прадастаўляецца старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шкадаву:
— Паважаныя ўдзельнікі ўрачыстага мітынгу, дарагія сябры! Мы знаходзімся напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі — адной з найбольш значных і маштабных падзей ХХ стагоддзя, якая змяніла ход сусветнага гістарычнага працэсу, усяго чалавецтва, лёс беларусаў.
Наша краіна адна з нямногіх на планеце, якая да гэтага часу на дзяржаўным узроўні адзначае 7 лістапада.
Захоўваючы гэты дзень сярод іншых памятных дат, мы аддаём даніну павагі мільёнам людзей, нашым дзядам і нашым прадзедам, для якіх многія гады гэта было адно з галоўных дзяржаўных свят.


Спрэчкі аб прыродзе гэтай даты не сціхаюць і дагэтуль. Прычым ацэнкі падзеі векавой даўнасці часта дыяметральна процілеглыя. Несумненным застаецца адно: Кастрычніцкая рэвалюцыя адкрыла новую эпоху. Адмысловую актуальнасць падзеі 1917 года набываюць ва ўмовах фарміравання сучаснага шматпалярнага свету, калі сацыяльныя працэсы выступаюць фактарамі нацыянальнай бяспекі. Менавіта Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у поўнай меры адпавядае крытэрыям «вялікай рэвалюцыі». У выніку кастрычніцкіх падзей адбылася адначасовая трансфармацыя эканамічнай і сацыяльнай структур дзяржавы, былі кардынальна зменены палітычныя інстытуты, а краіна пачала будаўніцтва прынцыпова новай сістэмы свету.
Немагчыма за такі невялікі час прайсціся па ўсіх гістарычных эпізодах цэлай эпохі нашай дзяржаўнасці, але немагчыма не акрэсліць самыя яркія падзеі векавой даўнасці, якія паўплывалі на лёс Беларусі.


Мы ганарымся тым, што БССР стала адной з заснавальніц Савецкага Саюза, стагоддзе якога адзначылі ў мінулым годзе. У гэтай вялікай дзяржаве беларусы адчувалі сябе паўнапраўнымі грамадзянамі.
Беларусь стала лакаматывам саюзнай эканомікі. У 1980 гады ў не самых простых умовах вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 30 працэнтаў, сабекошт знізіўся на 18, прадукцыйнасць працы павялічылася на 34 працэнты. Рэнтабельнасць аграпрамысловага комплексу ўзнялася з 3 да 36 працэнтаў. Зарплата ў вёсцы вырасла ў 1,5 раза, дасягнуўшы 93 працэнты ад сярэдняй па рэспубліцы. Па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ў 1983-1987 гадах Беларусь была прызнана безумоўным пераможцам.
Прамоўца адзначыў, што сямідзясятыя і васьмідзясятыя гады сталі сапраўды «зорнымі» гадамі і для нашага Карэліцкага раёна, які не раз выходзіў пераможцам усесаюзнага, рэспубліканскага і абласнога сацыялістычнага спаборніцтва, узнагароджваўся Пераходнымі Чырвонымі сцягамі, дыпломамі першай ступені ВДНГ. 8 Герояў Сацыялістычнай Працы, 4 Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР, больш за 900 ардэнаносцаў — гэта наш залаты фонд.
А Вялікая Перамога! Пераадолець фашызм удалося ў значнай ступені дзякуючы арганізатарскай ролі Камуністычнай партыі і камсамола. Сотні тысяч камуністаў праяўлялі цуды адвагі і самаахвярнасці. А які вялікі эфект зрабіў выхад у падполле «Звязды», партыйнай газеты! Не менш значным рупарам выступіла і наша газета «Сцяг свабоды», рэдактарам якой быў Янка Брыль.
7 лістапада навечна ўпісана ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Парад, які прайшоў у гэты дзень на Краснай плошчы ў Маскве, стаў сімвалам нязломленай волі народа, прадвеснікам Парада Перамогі ў 1945 годзе.


Дзякуючы бяспрыкладнаму подзвігу нашага народа БССР, застаючыся часткай Савецкага Саюза, стала краінай-заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў нашай краіне не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы. І толькі пасля рэвалюцыі развіццё навукі і адукацыі набыло небывалы раней маштаб. У 1921 годзе ва ўмовах захаванага ваеннага становішча быў заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мінск становіцца адной з навуковых сталіц вялікай савецкай краіны. Больш за тое беларускія навукоўцы ўнеслі вялікі ўклад у стварэнне акадэмгарадка ў Новасібірску. Ліквідацыя непісьменнасці стала сапраўдным подзвігам савецкай улады. І гэта ў той час, калі многія жыхары планеты, у тым ліку і еўрапейскіх дзяржаў, не ўмелі чытаць і пісаць.
Аляксандр Шкадаў звярнуў увагу на тое, што ў гады савецкай улады адбылася сапраўдная культурная рэвалюцыя. Разам з працягам сваёй творчасці Купалы і Коласа расцвіў талент Куляшова і Лынькова, Быкава і Шамякіна, Макаёнка і Панчанкі, Левіна, Савіцкага, Турава. З-пад пяра Янкі Брыля, натхнёнага нашымі маляўнічымі прынёманскімі крыніцамі, выходзілі творы, якія сталі класікай беларускай літаратуры. Алесь Бажко, Алесь Мілюць, Уладзімір Калеснік, Мікалай Бусько, Тармола-Мірскі, Аляксандр Ільінскі… Гэты спіс вялікіх творцаў нашай краіны, якіх узгадавала ў тым ліку і наша Карэліцкая зямля, можна працягваць і працягваць.
У нашай гісторыі было ўсё, чым можна ганарыцца і што нельга не асуджаць. Можна гаварыць і пра памылкі, цяжкія і крывавыя старонкі гісторыі, складанасці калектывізацыі, рэпрэсіі, барацьбу з рэлігіяй. Але ўсё гэта не павінна зацяняць дасягненні, здзейсненыя за гады савецкай улады. Бо менавіта імі жылі некалькі пакаленняў беларусаў.
Нашы продкі працавалі, ваявалі ў імя тых ідэалаў, якія абвясціла Кастрычніцкая рэвалюцыя. І яны верылі ў іх. Ставіць гэтую веру пад сумненне азначае быць раўнадушным да ўласнай гісторыі, не разумець свой народ.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў адзначыў, што беларусы беражліва ставяцца да гістарычнай памяці. Скажам упэўнена, сучасная беларуская дзяржаўнасць стаіць на савецкім падмурку. І ён трывалы. Як і тыя традыцыі, якія звязаны з савецкім вопытам.
Адной з прыкмет нашага сучаснага жыцця з’яўляецца ўвод да 7 лістапада новых аб’ектаў. Менавіта такі падыход вельмі дакладна адлюстроўвае дух той рэвалюцыі, якая імкнулася да пераўтварэння свету і стварэння. Яе ідэі сацыяльнай справядлівасці, павагі правоў народаў, усеагульнага міру блізкія нам, з’яўляюцца часткай нацыянальнай ідэі.
Аляксандр Віктаравіч адзначыў і ўклад землякоў у агульную скарбонку. Працягваючы добрыя справы мінулых пакаленняў, працоўныя калектывы Карэліччыны мэтанакіравана працуюць па вырашэнні задач эканамічнага і сацыяльнага развіцця раёна, умацаванні яго вытворчага патэнцыялу, стварэнні дастойных умоў для жыцця нашых людзей. Выказаў упэўненасць, што слаўны летапіс Карэліцкага краю, дзякуючы таленту, працавітасці, адказнасці і жыццёвай мудрасці яго жыхароў будзе прымнажацца.
Прадстаўнік раённай улады выказаў глыбокую ўдзячнасць ветэранам вайны і працы, усім, хто ўносіць важкі ўклад ва ўмацаванне эканамічнага, адукацыйнага і культурнага патэнцыялу краіны і нашага раёна. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў павіншаваў усіх тых, каму дарагая гісторыя нашай Радзімы, з надыходзячым Днём Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, яе 106-й гадавінай. Пажадаў міру і дабрабыту, шчасця і аптымізму, новых поспехаў у працы і грамадскай дзейнасці на карысць роднай Беларусі.


У сваім выступленні сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Беленава сказала, што дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі наш народ набыў дзяржаўнасць, змог зберагчы і ўзбагаціць нацыянальную культуру. Вялікі Кастрычнік паклаў пачатак новай эпосе. Савецкая краіна стала надзеяй усіх прыгнечаных планеты. Многія краіны сталі будаваць новае грамадства, сусветная каланіяльная сістэма распалася. Захаваўшы лепшыя дасягненні савецкай эпохі, мы пабудавалі суверэнную дзяржаву.
Марыя Уладзіміраўна адзначыла, што падчас Вялікай Айчыннай вайны Камуністычная партыя Беларусі была арганізатарам і кіраўніком барацьбы. Героямі былі многія камуністы і камсамольцы, якія ішлі ў авангардзе і паказвалі прыклад. Раённая арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі налічвае ў сваіх радах 31 камуніста. Трэцяга лістапада яе рады папоўніліся — на мітынгу партыйныя білеты ўручылі Аляксандры Крупец і Вользе Несцер.
Да падножжа помніка рэвалюцыянеру-падпольшчыку Мікалаю Арцюху і памятнага знака з нагоды 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ўскладваюцца вянок і кветкі.
Вядучы мітынгу  пажадаў карэліччанам, каб светлае свята Кастрычніка стала для іх сімвалам дабра і справядлівасці, міру, міласэрнасці, цярпення, зямных даброт. Заклікаў ушаноўваць і паважаць гістарычнае мінулае, без якога немагчыма жыццё будучых пакаленняў.