Главная / Новости / Новости района
28.11.2022

В Кореличах на диалоговой площадке с молодежью обсудили вопросы устройства государственной власти

 У глядзельнай зале Карэліцага маладзёжнага цэнтра адбылася дыялогавая пляцоўка “Моладзь у сучасных палітычных працэсах”, на якой пагутарылі аб уладзе і Усебеларускім народным сходзе.

Па словах загадчыка сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзія Карпаленкі, галоўная задача сустрэчы — расказаць моладзі аб палітычных працэсах, якія адбываюцца ў краіне і свеце, падрабязней пазнаёміць са структурай дзяржаўнай улады, палітычнай сістэмы, якая існуе ў рэспубліцы.
На сустрэчу былі запрошаны Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока і намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан.

Эльвіра Аляксееўна ў пачатку свайго выступлення адзначыла, што вельмі любіць дыялогавыя пляцоўкі, дзе прысутнічае моладзь.
— Вы толькі на пачатку свайго працоўнага шляху, — звярнулася парламентарый да маладых людзей. — У вас усё яшчэ наперадзе, перад вамі вельмі шмат перспектыў. Будучыня ў вашых руках, вам яе будаваць.

Эльвіра Аляксееўна расказала прысутным аб дзейнасці Палаты прадстаўнікоў і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, растлумачыла розніцу паміж імі, і запэўніла, што кожны з прысутных можа трапіць на яе месца:
— У кожнага ёсць шанц заняць гэтае месца і стаць дэпутатам Парламента, добрасумленна працуючы на сваіх месцах, праявіўшы сябе як добры спецыяліст і грамадзянін.
Таксама парламентарый расказала маладым спецыялістам аб Парламенце, яго ролі, структуры, функцыях, паўнамоцтвах і аб тым, як ён фарміруецца; пазнаёміла моладзь з працэсам прыняцця новых законаў і змен у існуючыя законы.
— Жыццё не стаіць на месцы, пастаянна нешта змяняецца. Любы закон таксама не можа быць пастаянным, — сказала Эльвіра Аляксееўна.
Так, гэты працэс складаецца з некалькіх этапаў: спачатку законапраект уносіцца ў Парламент, дзе адбываецца яго папярэдні разгляд у першым, а затым і ў другім чытанні, затым адбываецца разгляд і прыняцце законапраекта ў Савеце Рэспублікі. Калі праект быў прыняты ў Савеце Рэспублікі, ён накіроўваецца на праверку адпаведнасці Канстытуцыі ў Канстытуцыйны суд і пасля праходжання праверкі разглядаецца Прэзідэнтам. Маладых спецыялістаў цікавіла, што адбываецца з законапраектам, калі яго не падпіша Прэзідэнт. Эльвіра Аляксееўна адказала, што ў такім выпадку законапраект накіроўваецца на дапрацоўку.

Наступным перад маладымі спецыялістамі выступіў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, які адзначыў, што праводзіць такія сустрэчы вельмі важна:
— Важна абмяркоўваць змены ў законах, тлумачыць іх, адказваць на пытанні, каб не ўзнікала фэйкаў, каб людзі ведалі праўду.
Яўген Мікалаевіч нагадаў прысутным аб рыхтуючыхся зменах у Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь і аб стварэнні Усебеларускага народнага сходу, спыніўся падрабязней на яго функцыях, на тым, як ён будзе фарміравацца, і хто будзе ўваходзіць у яго склад.

Нагадаў Яўген Мікалаевіч прысутным і аб сістэме ўлады ў нашай краіне, якая мае тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
Апошнім трымаў слова Генадзій Карпаленка, які прадэманстраваў прысутным прэзентацыю, у якой расказвалася пра Рэспубліку Беларусь, пра яе нацыянальныя сімвалы, рэлігію і прадстаўнікоў улады.
Важна адзначыць, што на сустрэчы быў наладжаны сапраўдны дыялог. Маладыя спецыялісты актыўна задавалі пытанні, якія іх цікавілі, а выступоўцы стараліся даць вычарпальныя адказы. Так, напрыклад, прагучала пытанне аб тым, навошта ўвогуле ставараць народны сход, калі ў нас у краіне добра працуюць названыя вышэй галіны ўлады. Яўген Мікалаевіч адказаў, што новы орган будзе значна вышэй існуючых, бо ён будзе гаварыць ад імя народа, які, згодна з Канстытуцыяй, з’яўляецца асноўнай крыніцай дзяржаўнай улады.

Пасля сустрэчы маладыя спецылісты выказалі свае меркаванні аб дыялогавай пляцоўцы.
— Я лічу, што моладзі трэба ведаць аб сістэме ўлады ў краіне, — кажа ветэрынарны ўрач СВК “Маяк-Заполле” Максім Урбанчук. — Сам даведаўся шмат новага, цікавага. Лічу гэтую сустрэчу патрэбнай.
— Сустрэча была своечасовай, бо актуальным застаецца пытанне пра Усебеларускі народны сход, — лічыць старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Аляксей Караян. — На частку сваіх пытанняў я сёння пачуў адказ, але аб усіх нюансах мы даведаемся толькі, калі Закон аб Усебеларускім народным сходзе будзе прыняты.