Главная / Новости / Новости района
06.03.2023

В Кореличах подвели итоги работы сферы культуры за 2022 год

 У актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў работнікі культуры раёна падвялі вынікі работы за 2022 год і вызначылі задачы на 2023-і. З гэтай нагоды ў фае былі арганізаваны выставы: «Беларусь — краіна міру і стварэння» (Карэліцкая раённая бібліятэка), «Музыка гучыць усюды» (Карэліцкі раённы краязнаўчы музей), выстава работ навучэнцаў Мірскай ДШМ, мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога аддзяленняў Карэліцкай ДШМ.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка напачатку прамовы адзначыла, што для работнікаў культуры раёна 2022 год быў паспяховым, і ёсць чым ганарыцца. Нэлі Аляксандраўна прааналізавала становішча спраў у кожным падраздзяленні. На працягу ўсяго года дзейнасць клубных устаноў культуры раёна была накіравана на арганізацыю вольнага часу насельніцтва, далучэнне да культурных каштоўнасцей, захаванне і развіццё культурнага патэнцыялу, гістарычнай спадчыны раёна. У клубных установах працуе 99 творчых фарміраванняў, якія наведвае 1131 чалавек. Праведзена 1435 мерапрыемстваў, з іх на платнай аснове — 763. 14 творчых калектываў раёна маюць ганаровае званне «народны», «узорны».

Вядзецца работа па прыцягненні дзяцей, якія стаяць на розных відах уліку, у клубныя фарміраванні: 18 непаўналетніх з 71 наведваюць іх.

Для падлеткаў і моладзі ў раёне створаны і працуюць два праекты патрыятычнага зместу. З мэтай павышэння эфектыўнасці работы з насельніцтвам пажылога ўзросту ў практыку работы ўкаранены пяць праектаў. Працуе 21 фарміраванне для пажылых людзей, дзе ўдзельнічае 257 чалавек. У аграгардках раёна традыцыйна на высокім мастацкім і арганізацыйным узроўні прайшлі брэндавыя мерапрыемствы.

Аналізуючы работу аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў», прамоўца адзначыла, што на базе ўстановы актыўна працуе клуб народных майстроў «Карэліцкія вытокі», члены якога з’яўляюцца ўдзельнікамі шматлікіх рэспубліканскіх і абласных фестываляў і выстаў. У лістападзе мінулага года з мэтай папулярызацыі традыцыйных відаў рамёстваў Карэліцкага краю адкрыта выставачная зала. Створана рэпліка дзіцячага святочнага касцюма канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя.

Адзначана работа са сродкамі масавай інфармацыі: за 2022 год у газетах «Культура», «Звязда», «Гродзенская праўда», «Советская Белоруссия» размешчана 19 артыкулаў, выйшла два тэлерэпартажы, у раённай газеце «Полымя» — 165. Важнай падзеяй для раёна наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «Б» «Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра (Мірская батлейка)» у г.п.Мір Карэліцкага раёна.

Што датычыць функцыянавання дзейнасці дзіцячых школ мастацтваў раёна, навучэнцы і педагогі прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў і фестываляў, дзе становяцца пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў і грамат. Атрымана 165 узнагарод: у міжнародных — 76, рэспубліканскіх — 4, рэгіянальных — 68, абласных — 15, раённых — 2, 4 Гран-пры. На базе школ праходзяць раённыя конкурсы.

Асноўны фонд Карэліцкага раённага краязнаўчага музея налічвае 9645 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны фонд — 3582. Абслужана ўсімі формамі навукова-асветніцкай дзейнасці 5690 чалавек, з іх — 2146 індывідуальных наведвальнікаў, 2860 — з экскурсійным абслугоўваннем, 684 наведалі культурна-адукацыйныя мерапрыемствы. Праведзены 182 экскурсіі.

Бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва раёна ажыццяўляюць 13 устаноў. Паслугамі бібліобуса карысталіся 383 чытачы, кнігавыдача склала 10869 экземпляраў. У кніжным фондзе — 302329 экземпляраў, новыя паступленні ў бібліятэчны фонд раёна — 6173 экземпляры.

Карэліцкая раённая бібліятэка актыўна выкарыстоўвае ў рабоце сайт і групы ў сацыяльных сетках. За справаздачны перыяд распрацавана і размешчана на сайце 39 відэапрэзентацый.

Бібліятэкі прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх значных мерапрыемствах раёна, праводзілі акцыі, працавалі на адкрытых дзіцячых пляцоўках. Разам з клубнымі ўстановамі прымалі ўдзел ва ўсіх райнных святах и брэндавых мерапрыемствах раёна.

У сваёй прамове намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан звярнуў увагу на змены, якія адбыліся ў падраздзяленнях культуры, і сфера стала больш насычанай і змястоўнай. Неабходна ў далейшым пашыраць і паглыбляць праводзімыя мерапрыемствы, працягваць работу гурткоў з дзецьмі і дарослымі. Заклікаў падтрымліваць парадак на прылягаючых тэрыторыях і ва ўстановах культуры, захоўваць працоўную дысцыпліну на рабочых месцах. Яўген Чычкан выказаў словы ўдзячнасці за зробленыя справы.

На нарадзе са справаздачамі выступілі кіраўнік народнага ансамбля песні «Вечарынка» аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры» Аляксандр Колб, загадчык аддзела культуры і вольнага часу «Лукскі Дом культуры» Іна Башко, загадчык Жухавіцкага філіяла Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Малышчык, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Несцер, бібліятэкар Турэцкай сельскай бібліятэкі Ганна Клімаш.

Была адзначана работа лепшых работнікаў галіны культуры раёна. Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана Наталля Шпакоўская (Карэліцкі РЦКіНТ), Граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Вярбіцкая (Карэліцкая раённая бібліятэка) і Аксана Басюк (Карэліцкі РЦКіНТ). Падзяка аб’яўлена Наталлі Гаркавай (Аюцавіцкая сельская бібліятэка), Васілію Навумовічу (народны ансамбль народнай музыкі і песні «Цырынскія музыкі»), Рыце Ганікевіч (Карэліцкі РЦКіНТ), Юрыю Сенька (Баранавіцкі сельскі клуб-бібліятэка), Аляксею Аляшкевічу (Карэліцкі РЦКіНТ), Таццяне Мамончык (Жухавіцкі філіял Карэліцкай ДШМ), Наталлі Дасько (Мірская ДШМ), Вользе Ляўковіч (Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна). Прафсаюзны лідар установы культуры Наталля Казарэз уручыла ўзнагароды Дзмітрыю Малышчыку (Жухавіцкі філіял Карэліцкай ДШМ), Марыне Бондар (Карэліцкая раённая бібліятэка), Ганне Андрэевай (Карэліцкі РЦКіНТ).

У ходзе правядзення нарады работнікі культуры абмеркавалі і вызначылі задачы на 2023 год.