Штогод карэліччане прыходзяць да мемарыяльнага комплексу “Зорка”, каб пакланіцца і ўспомніць тых, хто не вярнуўся з поля бою ў гады Вялікай Айчыннай вайны, хто вызваляў Карэліччыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, хто загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак.
22 лютага на мітынг ”Айчыну мужнасцю славім”, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прыйшлі старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Яўгеній Гарлуковіч, прадстаўнікі сілавых структур, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, навучэнцы раёна.
— Сёння, напярэдадні 23 лютага, мы ўшаноўваем абаронцаў нашай Айчыны: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў ваеннай службы, тых, хто прайшоў дарогамі Афганістана, быў у іншых «гарачых кропках», хто сёння ў радах беларускай арміі выконвае воінскі і грамадзянскі абавязак перад Радзімай, – такімі словамі адкрыў урачыстасць Яўгеній Гарлуковіч. – У нашай краіне гэта свята ўжо многія дзесяцігоддзі адзначаецца як усенароднае. З пакалення ў пакаленне перадаецца глыбокая павага да тых, хто пад сцягам Радзімы стойка і мужна абараняў свабоду і незалежнасць на палях бітваў. Абарона Айчыны заўсёды была справай гонару, доблесці і геройства. Так было, так ёсць і так будзе. Час паказаў, што, самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці, – гэта спакой і стабільнасць у грамадстве і дзяржаве. Умацаванне бяспекі Беларусі, упэўненае яе развіццё, аўтарытэт на міжнароднай арэне шмат у чым залежаць ад боегатоўнасці Узброеных Сіл, ад прафесіяналізму салдат, афіцэраў і грамадзянскага персаналу.
Сёння наша армія дасягнула высокіх паказчыкаў на ўсіх напрамках баявой жыццядзейнасці. У выніку мэтанакіраванай работы сфарміравана сістэма камплектавання арміі салдатамі і сяржантамі. Акрамя тэрміновай ваеннай службы і службы па кантракце, у нашай краіне ўведзены такі від службы, як служба ў рэзерве, якая зрабіла магчымай падрыхтоўку дадатковага ваеннанавучанага рэзерву без адрыву спецыялістаў ад вытворчасці.
Найважнейшым складальнікам абаронных мерапрыемстваў і эфектыўным сродкам павышэння магчымасцяў ваеннай арганізацыі дзяржавы стала тэрытарыяльная абарона. Штогод у нашай краіне адпрацоўваюцца пытанні ўдасканалення тэрытарыяльных войскаў як сумесна з узброенымі сіламі, так і з іншымі сілавымі структурамі РБ.
Начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята выказаў шчырыя віншаванні ветэранам і ўсім, хто з гонарам выканаў і выконвае свой воінскі абавязак, пажадаў здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту і мірнага неба над галавой.
Абарона свайго дома, сваёй Айчыны – галоўны абавязак, выкананне якога для сапраўднага мужчыны справа гонару. Кожны беларус, ці знаходзіцца ён на баявым пасту, ці займаецца мірнай справай, перш за ўсё – абаронца Радзімы. Сімвалізуючы непарыўную сувязь пакаленняў, пераемнасць патрыятычных традыцый, гэтае свята сведчыць аб тым, што адвага, доблесць і мужнасць па-ранейшаму застаюцца вечнымі каштоўнасцямі для нашага народа і дзяржавы.
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна” Мікалай Гавака ў сваёй прамове адзначыў, што ў гэты дзень мы ўшаноўваем усіх, хто прайшоў франтавымі дарогамі, абараніў свабоду і незалежнасць у гады вайны, мацаваў баявую моц у пасляваенны час, хто сёння мае дачыненне да ваеннай службы. Гэта свята стала сімвалам пераемнасці гераізму і подзвігу воінаў многіх пакаленняў. Сёння слаўныя традыцыі працягвае кожны, хто ў наш неспакойны час па закліку сэрца выбірае высакародную прафесію – служыць Айчыне, хто гатовы стаць на абарону міру і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
– Самае каштоўнае ў жыцці – гэта мір, спакой і стабільнасць. Мы глыбока ўдзячныя ўсім, хто на справе праяўляе любоў да Радзімы і гатоўнасць яе абараняць. Ганарымся ветэранамі, якія адстаялі свабоду роднай зямлі, і шануем іх подзвіг. Беражліва захоўваем у сэрцах памяць аб тых, хто не вярнуўся з поля бою ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наш грамадзянскі абавязак сёння – сваёй працай служыць нацыянальным інтарэсам і бяспецы Беларусі, – падкрэсліў Мікалай Гавака.
Хвілінай маўчання, трохразовым салютам прысутныя ўшанавалі памяць загінулых. Кожны ўспамінаў сваіх самых родных і блізкіх, хто абараняў Айчыну ў розныя перыяды яе гісторыі. Кветкі і вянкі былі ўскладзены да мемарыялу.
Пасля мітынгу ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся святочны канцэрт.
Адкрыў урачыстасць старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, які адзначыў, што гісторыя нашага народа поўная цяжкіх выпрабаванняў, войнаў і ўзрушэнняў, таму вобраз мужнага абаронцы Айчыны заслугоўвае бязмернай павагі і пашаны:
— Гэты год праходзіць пад знакам 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем гераічныя подзвігі пераможцаў, усіх тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Беларускі народ — мужны народ, які перажыў мноства выпрабаванняў і заўсёды выходзіў з іх пераможцам. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі доблесным воінам, якія ўпісалі гераічныя старонкі ў гісторыю роднага раёна. Памяць аб іх подзвігах і вялікіх справах будзе жыць вечна!
Айчына — паняцце аб'ёмнае. Гэта малая радзіма і краіна ў цэлым, гэта бацькі і дзеці з унукамі, гэта любімыя і дарагія нам людзі. Таму кожны мужчына, калі ён сапраўдны, нічога не пашкадуе і знойдзе спосаб, каб абараніць свой дом, адвесці бяду ад сям'і, зберагчы блізкіх і сяброў ад небяспекі, прадухіліць няшчасце і дапамагчы слабым якія жывуць у нястачы людзям. Адны робяць гэта са зброяй у руках, іншыя, выкарыстоўваючы іншыя сродкі і метады.
Мы ўсе нясем адказнасць за Айчыну, за яго паспяховае развіццё. Але для тых, хто абраў для сябе ваенную справу, гэта пачуццё набывае асаблівы сэнс. На першы план усяго вашага жыцця выходзіць забеспячэнне стабільнасці, суверэнітэту і нацыянальнай моцы Рэспублікі Беларусь, абарона грамадства і кожнага грамадзяніна.
Сёння мы з упэўненасцю кажам, што ў краіне створана прафесійная, добра абсталяваная армія, здольная не толькі забяспечыць бяспеку нашай краіны ад знешняга агрэсара, але і з'яўляецца унутраным стрыжнем дзяржаўнасці. Адпавядаць такім высокім патрабаванням вельмі няпроста. Таму ратная прафесія заўсёды была доляй валявых, адважных і моцных духам. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца прыкладам для фарміравання высокага маральнага духу ўсіх грамадзян краіны. Дасягненне пазітыўных вынікаў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл непасрэдна звязана з кіраўніцтвам і асабістым удзелам у гэтым працэсе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Цяперашняе пакаленне салдат і афіцэраў беражліва захоўвае і памнажае слаўныя традыцыі сваіх бацькоў і дзядоў, з'яўляючыся іх годнымі пераемнікамі. Упэўнены, што для нашых землякоў, якія сёння нясуць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і каму трэба будзе ўмацоўваць абараназдольнасць нашай краіны, галоўнымі арыенцірамі ў жыцці застануцца патрыятызм і беззапаветнае служэнне свайму народу.
Дзякуй абаронцам Айчыны, хто з годнасцю і гонарам выконваў і выконвае свой воінскі абавязак, забяспечвае мір і стабільнасць нашага агульнага дома.
Асаблівыя словы ўдзячнасці і падзякі мы адрасуем нашым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Іх доблесць і адвага заўсёды будуць служыць прыкладам для ўсіх, хто сёння выконвае свой воінскі абавязак. Шанаваць памяць аб гераізме і стойкасці пакаленняў абаронцаў Айчыны — наш святы абавязак, які мы не дазволім сказіць і перакрэсліць.
На жаль, сёння мы зноў бачым, як людзі гінуць ад зброі, пакутуюць на сваёй роднай зямлі ад бесчалавечных дзеянняў з боку тых, хто шукае выгады для сябе нягледзячы ні на якія чалавечыя каштоўнасці і прынцыпы гуманізму. Мы ўсё больш разумеем, як важна захоўваць мір, паразуменне, сяброўства паміж народамі і суверэнітэт сваёй краіны.
Беражыце мір, абараняйце сваю Радзіму і будзьце верныя ідэалам дабра, чалавечнасці і добрасуседства!
Няхай і ў далейшым рашучасць кожнага з нас абараняць сваю краіну гарантуе свабоду, незалежнасць і росквіт любімай Рэспублікі Беларусь! — пажадаў старшыня райвыканкама.
Абаронцаў Айчыны павіншавалі з надыходзячым святам юныя каратысты з клуба “Белы тыгр”, удзельнікі ўзорнай дзіцячай студыі мастацкага слова “Эксперымент”, вучні і выкладчыкі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, маленькія танцоры з вакальнага калектыву “Юнацтва”, артысты культуры.
Кацярына КУКАНАВА, Сяргей СТОЛЯР
Фота Сяргея СТОЛЯРА