Главная / Новости / Новости района
11.12.2024

В Кореличах проведена спартакиада для людей с инвалидностью

У фае Карэліцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці сабраліся наведвальнікі аддзялення рэабілітацыі, абілітацыі ЦСАН Карэліцкага раёна. Для іх была арганізавана спартакіяда, у якой удзельнікі змаглі паказаць свой спрыт і кемлівасць.
Адкрываючы спаборніцтвы, адна з арганізатараў, інструктар-метадыст па аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце дзяржаўнай установы «Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб» Вольга Рэкун адзначыла, што правядзенне спартакіяды стала добрай традыцыяй, і тут галоўнае — удзел, пазітыўныя эмоцыі, захаванне здароўя, а на працягу яе правядзення — настрой на перамогу.


У спаборніцтвах прынялі ўдзел дзве каманды: «Ёлачкі» і «Мандарынкі». Для іх былі арганізаваны конкурсы: «Павяжу я шаўковую хусцінку», «Перанясі мяч», «Кенгуру», «Збор гароху», «Бег з трыма мячамі», «Хакеісты», «Выратавальнае кола», «Дартс», «Гора бульбяное», «Перанос шарыкаў на ракетцы». У кожным з іх удзельнікі выкладваліся спаўна пад гучныя словы арганізатараў: «Малайцы, рабяты!».


Журы падвяло вынікі спаборніцтваў: пераможцай выйшла каманда «Мандарынкі».
Дырэктар ДУ «Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб» Наталля Галушка ўручыла ўдзельнікам спартакіяды Дыпломы за ўдзел і грашовыя прызы.

Слова — капітану каманды «Мандарынкі»
Аксане Хвасько:
— Спаборніцтвы прайшлі цікава. Усе конкурсы спадабаліся. Вялікае ўражанне на мяне аказаў «Дартс». Гэта мой любімы від спорту. Удзельнічаючы ў розных спаборніцтвах, займаю прызавыя месцы.
Спартакіяды патрэбны — такія спаборніцтвы яшчэ больш збліжаюць нас. Пераканана, што трэба сябраваць са спортам, бо спорт — гэта здароўе.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА