Главная / Новости / Новости района
09.12.2023

В Кореличах выбрали лучшего «Молодого специалиста XXI века»

 Конкурс працоўнай моладзі “Лепшы малады спецыяліст ХХІ стагоддзя” стаў традыцыйным на Карэліччыне. Гэта вечар, калі юнакі і дзяўчаты, першым працоўным месцам для якіх стаў Карэліцкі раён, могуць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, заявіць пра сябе і завесці новыя знаёмствы. 

У конкурсе прынялі ўдзел самыя лепшыя і самыя актыўныя. Гэта не дзіўна. Толькі людзі, апантаныя сваёй справай, сярод працоўнай руціны могуць знайсці час, каб падрыхтавацца да такога адказнага конкурсу.

Да пачатку шоў атрымалася пагутарыць з некаторымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Тэхнік-тэхнолаг, эколаг СВК “Свіцязянка-2003” Наталля Сіманава прыехала на Карэліччыну з суседняга Навагрудскага раёна пасля таго, як скончыла Навагрудскі каледж тэхналогіі і бяспекі. Дзяўчына расказвае, што калектыў гаспадаркі сустрэў яе вельмі добра:

— Тут працуюць вельмі цёплыя і шчырыя людзі. Рэдка сустракаю такіх спагадлівых людзей. Усе вельмі добра да мяне адносяцца, дапамагаюць, калі ўзнікае патрэба — падказваюць. Не было такога, каб мне адмовілі ў дапамозе. Вельмі добры кіраўнік гаспадаркі.

Наталля кажа, што ў конкурсе вырашыла прыняць удзел, бо вельмі любіць выступаць:

— З малых гадоў на сцэне, прывыкла да яе, таму калі мне прапанавалі прыняць удзел у конкурсе, з задавальненнем згадзілася.

Урач-псіхіятр-нарколаг УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Вольга Шостка прыехала ў Карэлічы з Гродна, дзе пражыла ўсё жыццё і скончыла медыка-псіхалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— Калектыў сустрэў максімальна прыязна. Знаёмства з калегамі пачалося з сустрэчы з галоўным урачом. Зразумела, я вельмі хвалявалася, аднак усё прайшло цёпла, па-сямейнаму.

У конкурсе Вольга прымае ўдзел, бо з малых гадоў яе жыццё звязана з творчасцю. Дзяўчына займалася танцамі і вакалам, іграе на гітары, вяжа, малюе:

— Вопыт удзелу ў такіх мерапрыемствах у мяне ёсць — ва ўніверсітэце я прымала ўдзел у конкурсе “Студэнт года”. Галоўнае, за чым я іду на конкурс, — новыя знаёмствы. Карэліцкі раён мне пакуль мала вядомы, а такія мерапрыемствы — выдатная нагода завесці новых сяброў, больш даведацца пра Карэліччыну.

Інжынер-цеплатэхнік Карэліцкага РУП ЖКГ Аніта Мацяс нарадзілася ў Ваўкавыску, скончыла Гродзенскі тэхналагічны каледж імя Янкі Купалы.

— Калі я павінна была прыехаць у Карэлічы, узнікла праблема з транспартам. З ЖКГ за мной прыслалі машыну, чым прыемна здзівілі. На працоўным месцы сустрэлі гарачай гарбатай і прысмакамі. Растлумачылі, паказалі працоўнае месца, дапамагаюць, калі ўзнікае патрэба.

Аніта ідзе на конкурс, каб праверыць свае здольнасці, а таксама завесці новыя знаёмствы.

І вось, калі ва ўтульнай глядзельнай зале сабраліся гледачы, якія прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў і калег альбо проста адпачыць і паглядзець конкурс, калі вядучыя прывіталіся з гледачамі, на сцэну, пад гучныя апладысменты выйшлі галоўныя зоркі сённяшняга вечара.

Сёлета ўдзельнікамі раённага конкурса сталі: настаўнік-дэфектолаг ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” Вольга Івашка, інжынер-цеплатэхнік Карэліцкага РУП ЖКГ Аніта Мацяс, бібліятэкар ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” Таццяна Мігун, тэхнік-тэхнолаг, эколаг СВК “Свіцязянка-2003” Наталля Сіманава, ветэрынарны ўрас СВК “Маяк-Заполле” Максім Урбанчук, урач-псіхіятр-нарколаг УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Вольга Шостка і выкладчык УА “Мірскі дзяржаўны каледж” Маргарыта Шэйн.

Дарэчы, кожны ўдзельнік прывёз з сабою каманду балельшчыкаў, якую таксама ацэньвала журы. Плакаты, транспаранты, паветраныя шарыкі, ліхтарыкі мабільных тэлефонаў і, зразумела, крычалкі і апладысменты, з-за якіх часам нават не было чуваць тых, хто выступаў на сцэне.

Акрамя ўдзельнікаў, у кожным конкурсе ёсць тыя, на чыіх плячах няпростая, але важная місія, — ацэньваць выступленні маладых спецыялістаў. Членамі журы сталі: начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш, загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама, старшыня Карэліцкай РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля Шпакоўская, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Саматыя і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан.

Слова трымаў Генадзій Карпаленка:

— Радасна бачыць тут маладых спецыялістаў, якія прадстаўляюць розныя сферы: адукацыю, ахову здароўя, культуру, сельскую гаспадарку, прамысловасць. Прыемна будзе паглядзець на тое, як творча вы раскажаце пра сваю работу, прафесію. Хочацца пажадаць вам поспеху, я думаю, што сёння тут будзе панаваць атмасфера свята, якую створыце менавіта вы. Тое, што вы тут — гэта ўжо перамога, бо бывае вельмі складана перамагчы ў сабе страх сцэны, а ў вас гэта атрымалася.

Сёлета конкурсная праграма складалася з чатырох этапаў. Удзельнікі павінны былі падрыхтаваць відэапрэзентацыю пра дзейнасць і дасягненні сваёй арганізацыі. Наступным этапам стаў конкурс прамоўніцкага майстэрства, дзе канкурсанты выказваліся на тэму: “Чаму мая прафесія лепшая”. Адным з самых цікавых этапаў стаў творчы конкурс, дзе маладыя спецыялісты павінны былі прадэманстраваць свае майстэрства і талент. Таксама члены журы ацэньвалі актыўнасць і крэатыўнасць балельшчыкаў.

Пасля выніковага этапу члены журы накіраваліся на абмеркаванне, падчас якога канцэртны вечар працягнуўся. Артысты Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандр Чарапанаў, Ірына Бондарава, Алеся Рачынская і Аляксей Кудзін не давалі гледачам засумаваць і падарылі ім свае лепшыя нумары.

Пасля абмеркавання члены журы падняліся на сцэну, каб абвясціць вынікі конкурсу. Пераможцамі раённага конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя 2023” сталі:

Дыпломам трэцяй ступені ўзнагародзілі урача-псіхіятра-нарколага УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Вольгу Шостка;

Другое месца журы прысудзіла бібліятэкару ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” Таццяне Мігун;

Пераможцам конкурсу стала інжынер-цеплатэхнік Карэліцкага РУП ЖКГ Аніта Мацяс, чый творчы нумар закрануў сэрцы кожнага.

Уладальнікам першых трох месцаў уручылі грашовыя падарункі, астатнія маладыя спецыялісты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў. Ніхто не застаўся без узнагарод.

— Вельмі прыемна бачыць, што нашы маладыя спецыялісты актыўныя не толькі ў сваёй працоўнай сферы, — дзеліцца начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Саматыя. — Гэты конкурс дапамог бліжэй пазнаёміцца з кожным удзельнікам, убачыць іх ініцыятыву, талент і здольнасці. Нашай дзяржаве патрэбныя не толькі спецыялісты, якія валодаюць пэўнымі ведамі, але і зацікаўленыя, неабыякавыя людзі, якія хварэюць за сваю справу. Маё меркаванне: асноўнае — гэта асабістыя якасці чалавека, спецыяліста, такія як адказнасць, прыстойнасць, ініцыятыўнасць. Разам з тым прафесійныя кампетэнцыі, веды і ўменні, так званыя hard skills, — гэта тое, чаму пры жаданні можна навучыцца. Асабістыя ж якасці залежаць ад характару чалавека, таму развіць іх больш складана.

— БРСМ заўжды гатовы падтрымаць таленавітую моладзь, — кажа першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан. — Сённяшні выдалася выдатная нагода пазнаёміцца з юнакамі і дзяўчатамі, якія пачынаюць свой працоўны шлях на Карэліччыне, не толькі як са спецыялістамі, але і ўбачыць, чым яны цікавяцца, што ім падабаецца. Спадзяюся, што яны і ў будучым будуць актыўна прымаць удзел у конкурсах і мерапрыемствах не толькі раённага, але абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

— Раённы конкурс “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя” стаў традыцыйным на Карэліччыне, — расказаў пасля шоў Генадзій Карпаленка. — Сёлета ён сабраў меней удзельнікаў, чым летась, аднак канкурсанты і групы падтрымкі стварылі сапраўднае свята. Пасля канцэрту засталіся выключна станоўчыя эмоцыі, маладыя спецыялісты падарылі нам зарад пазітыўнай энергіі. Безумоўна, у наступным годзе конкурс будзе праведзены зноў, таму чакаем большай колькасці як удзелькаў, так і балельшчыкаў.

— Мы зрабілі ўсё на 100%, вельмі стараліся, — расказала пасля шоў Вольга Шостка. — Вельмі спадабалася выступаць на карэліцкай сцэне, у мяне была шыкоўная група падтрымкі, за што я вельмі ўдзячна сваім калегам.

— Не думала, што атрымаецца заняць хоць якое-небудзь месца, — кажа Таццяна Мігун. — Вельмі хвалявалася, але ўсё атрымалася лепш, чым чакала. Эмоцыі б’юць праз край. Дзякуй вялікі групе падтрымкі і калегам, якія былі са мной на сцэне ў гэты вечар.

Не чакала такога выніку і пераможца конкурсу, лепшы малады спецыяліст-2023 Аніта Мацяс:

— Думала, што проста выйду, падару гледачам пазітыўныя эмоцыі і добры настрой. Атрымалася заняць першае месца, што стала вялікай нечаканасцю.