Главная / Новости / Новости района
30.04.2024

В Кореличах заложена Аллея Памяти

 Закладка сімвалічнай  Алеі Памяці ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ў г.п. Карэлічы каля возера Быкава 29 красавіка  дала старт святкаванню Свята працы. Арганізатарамі  мерапрыемства выступілі Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў,  Карэліцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Напярэдадні чырвонага дня календара тут сабраліся героі працы Карэліччыны: Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ларыса Васільеўна Яроцкая,  узнагароджаныя медалём «За працоўныя заслугі» Іван Пятровіч Гавака, Андрэй Мікалаевіч Штэйн, Мікалай Сяргеевіч Сялецкі, Ніна Міхайлаўна Грыгілевіч, Ірына Аляксандраўна Кергет, Іван Мікалаевіч Шыш, Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі, Віктар Канстанцінавіч  Саўко, Аляксандр Аляксандравіч Мяцеліца, Мікалай Аляксандравіч Гавіна, Міхаіл Міхайлавіч Штыцько, дэпутацкі корпус раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, сельгаспрадпрыемстваў раёна, устаноў адукацыі. Яны пасадзілі 45 кедраў і  55 вербаў.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош адзначыў:

— Сённяшняе мерапрыемства сугучна вядомаму крылатаму выразу: “Медаль за бой, медаль за працу з аднаго металу льюць.” Закладка Алеі Памяці — гэта даніна павагі і тым, хто змагаўся за нашу перамогу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і хто, абараніўшы яе, ствараў яе ў мірны час. Сёння тут сабраліся Паважаныя людзі. Гэта добры прыклад нашаму маладому пакаленню, якім мы перадаем эстафету беражліва стаўлення да роднай зямлі, міру і дабра.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, аператар машыннага даення  племзавода “Карэлічы” Ларыса Васільеўна Яроцкая адзначыла:

—  Калі мяне запрасілі прыняць удзел у такім цудоўным мерапрыемстве, я адразу згадзілася, бо пасадзіць дрэва — гэта выдатная магчымасць пакінуць свой след у гісторыі роднага краю. Дрэўцы прыжывуцца, вырастуць і падораць радасць жыхарам  роднай Карэліччыны, а для нас гэта жывы напамін аб нашай працы, нашым свяце, на доўгую памяць маладому пакаленню, будучаму нашай краіны.