Навуковы супрацоўнік музея Данііл Бабоўскі расказаў аб Афганістане, падзеях страшнай вайны, яе ўдзельніках з Карэліцкага раёна. Памяць аб загінулых была ўшанавана хвілінай маўчання.
На сустрэчу прыехаў Васілій Балабановіч з аграгарадка Турэц, які прайшоў дарогамі вайны ў Афганістане.
Напачатку аповеду ён выказаў словы ўдзячнасці раённай уладзе і краязнаўчаму музею за тое, што запрашаюць на мерапрыемствы воінаў-інтэрнацыяналістаў. "Каму, калі не нам, несці Сцяг Перамогі і расказваць аб падзеях гэтай вайны, — адзначыў прамоўца. — Я выхаваны на фільмах і кнігах савецкага часу. Пайшоў добраахвотна, ад пачатку да канца адбыў. Спачатку было нялёгка, але рэчаіснасць ёсць рэчаіснасць.".
Васілій Балабановіч з удзячнасцю ўспамінаў бацькоў, настаўнікаў, землякоў, саслужыўцаў. "Юнакі служылі з гонарам, Радзіма ў нас была адна — Савецкі Саюз", — адначыў воін-інтэрнацыяналіст. Успаміны былі хвалюючымі, а песні ў яго выкананні краналі да глыбіні душы.
— Не дай Бог вайны! — сказаў наш зямляк, які бачыў яе на свае вочы ў маладым узросце, і дадаў: "Дзякуючы нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, пакуль ён будзе кіраваць краінай, вайны не будзе".
У мерапрыемстве прынялі ўдзел наведвальнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і вучні сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Вольга Жук назвала дадзенае мерапрыемства дыялогавай пляцоўкай двух пакаленняў — старэйшых і моладзі. "Першыя сваімі жыццямі і ўчынкамі заўсёды служылі прыкладам для дзяўчат і юнакоў. Трэба ўшаноўваць памяць аб мужнасці і гераізме савецкіх салдат, якія аддалі свае жыцці на афганскай вайне", — сказала Вольга Сяргееўна.
Старшы навуковы супрацоўнік музея Марыя Беленава зазначыла, што ўспаміны аб вайне - гэта свайго роду ўрокі мужнасці і адвагі, і падрастаючаму пакаленню ёсць у каго вучыцца.
У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў арганізавалі выставу "Рэха афганскай вайны".
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА