Прыярытэтны накірунак
Нягледзячы на значныя перашкоды, гэтыя людзі даказалі грамадству і перш за ўсё самім сабе, што яны ў сілах пераадолець многае. Вялікую павагу выклікае іх актыўная жыццёвая пазіцыя, удзел у грамадска-палітычным жыцці, уменне праявіць сябе ў творчасці, спорце і іншых сферах жыцця.
Сацыяльная абарона інвалідаў — адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне іх роўнасці і паўнапраўны ўдзел у жыцці грамадства. У Беларусі рэалізуюцца мерапрыемствы некалькіх дзяржаўных праграм, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця інвалідаў і інтэграцыю іх у грамадства. Працуюць рэабілітацыйныя ўстановы, распрацоўваюцца і ўкараняюцца сучасныя тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, ствараецца даступнае асяроддзе.
У гэты дзень не будзе лішнім нагадаць усім пра тое, што сярод нас жывуць людзі, якія заслугоўваюць не спачування, а найперш за ўсё дапамогі ў забеспячэнні іх правоў на дастойнае жыццё, працу і адпачынак.
Няма калі сумаваць
У нашым раёне на 1 снежня 2023 года жыве 1515 інвалідаў, з іх першай групы — 297 чалавек, другой — 739, трэцяй — 407 і 72 дзіцяці-інваліда. Магчымасць людзям з інваліднасцю весці актыўны лад жыцця, наведваць гурткі па інтарэсах, праводзіць час у гутарцы і карысных справах, захапляюча і з карысцю прадастаўляе аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў дзяржаўнай установы «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна», якое функцыянуе вось ужо 16 гадоў. У аддзяленні працуюць 5 гурткоў па розных накірунках дзейнасці: «Умелыя рукі», «Чароўны аловак», «Камп’ютарная грамата», «Мы пазнаём свет», «Арт-тэрапія».
З 2016 года функцыянуе рэабілітацыйна-працоўная майстэрня па накірунках: «Пунсовая кветачка» і «Гаспадынька». У летні перыяд працуе лагер «Сонейка ў далонях».
На базе аддзялення створаны і функцыянуюць тры клубы: «Шанс», «Мы разам» і «Спорт для ўсіх» — сумесна са спартыўнай школай.
У аддзяленні наладжана культурна-адукацыйная дзейнасць. Праводзяцца святочныя мерапрыемствы для інвалідаў да Дня сям’і, Дня маці, навагоднія і калядныя акцыі. Стала традыцыйным правядзенне Масленічнага тыдня, 23 лютага і 8 Сакавіка. Рэгулярна праводзяцца сумесныя мерапрыемствы з бібліятэкай і раённым краязнаўчым музеем.
Актыўная жыццёвая пазіцыя
Штогод з раённага бюджэту выдзяляюцца фінансавыя сродкі для арганізацыі экскурсійных паездак інвалідаў. Карэліччане штогод прымаюць удзел у абласным фестывалі творчасці маладых інвалідаў «Калі мы разам — мы мацней».
У 2023 годзе праведзена 49 культурна-масавых мерапрыемстваў: канцэртныя праграмы, сустрэчы, вечары адпачынку, выставы работ наведвальнікаў, экскурсіі і іншае.
Рэгулярна маладыя людзі прымаюць удзел у міжрэгіянальных анлайн-марафонах рознай тэматыкі. Сярод найбольш актыўных наведвальнікаў можна назваць Руслана Ганчарова, Іну Клаўсуць, Аксану Хвасько, Анастасію Азаданаву, Ліяну Дзіско.
Стала традыцыяй сумеснае правядзенне мерапрыемстваў з РАГА «БелТІ», РАГА «БелТІЗ», аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, а таксама ў рамках работы гурткоў і клубаў з выхаванцамі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Увагу і клопат — інвалідам
У будынку Цэнтра створаны камфортныя ўмовы для знаходжання людзей з інваліднасцю. Даступнае асяроддзе забяспечана на 100 працэнтаў. Для падвозу інвалідаў маецца спецыяльны аўтатранспарт з пад’ёмнікам.
У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ажыццяўляецца забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, а таксама выдача ў пракат тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі для інвалідаў і грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
За 11 месяцаў 2023 года 74 інваліды забяспечаны 112 новымі тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.
Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, хто дорыць цяпло і ўвагу інвалідам: сацыяльным работнікам, настаўнікам, урачам. Словы асаблівай павагі людзям, якія клапоцяцца пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дапамагаюць ім вырасці, нягледзячы на абставіны, адукаванымі, запатрабаванымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні.