Главная / Новости / Новости района
29.01.2024

В Кореличском районе почтили память жертв Холокоста

 У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту тысячы людзей у розных месцах  нашай краіны прыходзяць да маўклівых манументаў, каб успомніць аб нявінных ахвярах самай страшнай у гісторыі чалавецтва вайны. У гэты дзень у г.п. Мір прайшоў мітынг-рэквіем, на якім ушанавалі памяць мірных жыхароў, расстраляных ля сценаў старажытнага замка.

79 гадоў таму Чырвоная Армія вызваліла вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Асвенцым”. Менавіта таму 27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Найбуйнейшая фабрыка смерці нацыстаў у Еўропе – так называлі гэта месца нацысцкіх зверстваў у Польшчы. Людзей жыўцом спальвалі, катавалі, забівалі ў газавых камерах. Паводле дакументаў Нюрнбергскага працэсу,  страшную смерць там сустрэлі амаль тры мільёны чалавек.  Большасць іх былі яўрэямі. Усяго ж ахвярамі генацыду падчас вайны сталі шэсць мільёнаў яўрэяў па ўсім свеце. З іх больш за 800 тысяч – у Беларусі. На тэрыторыі нашай краіны нацысты стварылі 250 гета, каб знішчаць людзей.

Ушанаваць памяць тых, хто пацярпеў ад фашысцкага генацыду, сабраліся кіраўніцтва Карэліцкага райвыканкама, сельгаспрадпрыемстваў раёна,  Мірскага сельвыканкама, Карэліцкага РАУС, Следчага камітэта, прадстаўнікі раённых арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў,  навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір  імя Г.І. Сташэўскай” і “Мірскі дзяржаўны каледж”, усе неабыякавыя грамадзяне.

Праз тры месяцы пасля акупацыі немцы, выконваючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў,  арганізавалі гета ў г.п. Мір. У яго перасялілі ўсіх яўрэяў мястэчка. У першай “акцыі” па знішчэнні яўрэйскага народа ў ліпені 1941 года было забіта 20 яўрэяў. Падчас другога масавага расстрэлу ў лістападзе 1941 года расстралялі больш чым 1600 яўрэяў.

Урачыстае мерапрыемства адкрыла тэатралізаванае выступленне работнікаў культуры, якое яскрава акрэсліла трагічнасць тых далёкіх падзей.

Перад прысутнымі выступіла  намеснік дырэктара па навукова-асветніцкай рабоце ўстановы  “Музей “Замкавы комплекс” Мір“ Вольга Навіцкая:

— Дзень памяці ахвяр Халакосту — час успомніць усе жахі вайны. У брацкіх магілах дзясяткі тысяч мірных жыхароў — мужчын і жанчын, старых і дзяцей, бязвінна забітых фашыстамі. Трагедыя ў г.п. Мір стала адной з сумных старонак у гісторыі Халакосту Карэліччыны. Сёння як ніколі важна дакладна захаваць і перадаць нашым нашчадкам памяць аб тых страшных падзеях. Мы абавязаны беражліва захоўваць у памяці тых, хто стаў ахвярай гітлераўскага тэрору, увекавечыць подзвігі нашых продкаў і выхоўваць падрастаючае пакаленне так, каб гэта ніколі не было забыта.

– Урокі гісторыі не праходзяць бясследна. Мы разам з нашчадкамі ахвяр фашызму падзяляем смутак і робім высновы, – заявіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама  Генадзій Карпаленка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу. –– Знаходзячыся на гэтым месцы, мы схіляем галовы перад памяццю жорстка забітых людзей. Наша задача – перадаць падрастаючаму пакаленню гістарычную праўду аб ахвярах і злачынствах нацызму. Няхай сённяшняе мерапрыемства паслужыць усім нам напамінам, наказам аб тым, што кожны павінен зрабіць усё магчымае, каб не паўтарыўся Халакост, каб не паўтарылася трагедыя Другой сусветнай вайны.

Да помніка былі ўскладзены кветкі, завяршыўся мітынг хвілінай маўчання.

Пасля мітынгу  адбыўся аўтапабег па месцах увекавечання ахвяр Халакосту ў г.п. Мір і  ўрочышча “Яблонаўшчына”.

Сёння ў   нашай краіне робіцца ўсё, каб захаваць памяць аб ахвярах Халакосту, гарантаваць роўнасць перад законам кожнаму чалавеку, незалежна ад расы, колеру скуры, нацыянальнага або этнічнага паходжання. Акрамя таго, наша краіна салідарная з намаганнямі дзяржаў, міжнародных арганізацый, яўрэйскай супольнасці па ўвекавечанні памяці ахвяр Другой сусветнай вайны і подзвігу ветэранаў.