Людзі сталага ўзросту — гэта наш гонар. У свой час яны выхавалі нас, працавалі на карысць сваёй краіны і грамадства, дзеля дзяцей і ўнукаў. Мы ў неаплатным даўгу перад людзьмі старэйшага пакалення, і ў нашых сілах напоўніць іх жыццё цяплом, святлом, павагай. Вось такую мэту ставяць перад сабой бібліятэкары, калі пачынаюць рыхтавацца да мерапрыемстваў для пэўнай катэгорыі чытачоў.
Дарэчы, каля 60 цікавых імпрэз праведзена ў мінулым годзе. Ладзіліся мерапрыемствы па здаровым ладзе жыцця, праваслаўнага і прававога характару. Разам адзначылі юбілеі Якуба Коласа і Янкі Купалы. Больш падрабязна пагаварылі пра жыццё і творчасць нашых землякоў Янкі Брыля і Ігната Дамейкі. Падзяліліся ўспамінамі, як раней святкавалі Каляды, Вялікдзень, Купалле, Спас. У Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці ўспаміналі сваіх дзядоў, бацькоў і братоў, якія змагаліся за мір і шчасце на зямлі. За кубачкам гарбаты з дамашнім печывам сустрэліся ў Дзень жанчын і Дзень маці. Адбылася сустрэча і перад Новым годам, каб павіншаваць і пажадаць моцнага здароўя, даўгалецця і дабрабыту. Кожнае мерапрыемства суправаджалася цікавымі кніжнымі навінкамі, тэматычнымі падборкамі літаратуры і музычнымі нумарамі.
Працягвалі працаваць і аматарскія аб’яднанні пры бібліятэках. І, вядома, першую пазіцыю займае жаночае аб’яднанне “Надзея” Цырынскай СБ.
У аграгарадку Цырын адбылося раённае свята “Бульбяны разгуляй”. Удзельніцы аматарскага аб’яднання “Надзея” славяцца сваім кулінарным майстэрствам, таму гасцей свята і землякоў яны запрашалі ў бульбяное кафэ “Пальчыкі абліжаш”, дзе можна было паспрабаваць стравы толькі з бульбы. Смаката!..
У наступную сустрэчу ўдзельніцы па чарзе расказвалі пра свае агароды, што вырасла добра, а што не вельмі. Дзяліліся рэцэптамі, шукалі новыя ў часопісе “Сваты на дачы”, частаваліся дамашнім печывам і абмяркоўвалі вясковыя навіны.
Вераснёўскае пасяджэнне мела назву “Возраст осени чудесный” і прысвячалася Дню пажылога чалавека. Успаміналі сваю маладосць, бацькоў, спявалі песні, расказвалі цікавыя гісторыі з асабістага жыцця…
Не надта адстала ад “Надзеі” і “Алеся”, аматарскае аб’яднанне Ярэміцкай сельскай бібліятэкі. У ліпені адбылася пазнавальная гадзіна “Лячэбныя травы: карысць і шкода”; у жніўні — сустрэча ля самавара пад назвай “Гарбатавыя пасядзелкі”, а ў верасні арганізавалі выставу мясцовых майстрых “Шыем, вяжам, вышываем”, дзе прадставілі і свае асабістыя вырабы. І гэта зусім не ўсе мерапрыемствы, якія адбыліся ў аматарскіх аб’яднаннях.
Сёння бібліятэкі служаць для пажылых людзей цэнтрам прававой і псіхалагічнай падтрымкі. Бібліятэка для іх – гэта сустрэчы з цікавымі людзьмі і кнігамі, атрыманне новых уражанняў і цікавай інфармацыі. Таму праца з пажылымі людзьмі – адзін з важных напрамкаў у дзейнасці бібліятэк Карэліччыны.