Главная / Новости / Новости района
25.07.2024

В Кореличском районе продолжаются восстановительные работы после урагана

 Дзесяць дзён мінула са страшнай навальніцы, якая 13-14 ліпеня гвалтам накрыла тэрыторыю краіны. Стыхія разгулялася ні на жарт — шквалісты вецер, хуткасць якога дасягала 29 метраў у секунду, лівень, навальніца, град. На Карэліччыне былі пашкоджаны дахі будынкаў, лініі электраперадач, дрэвы. Найбольш пацярпеў ад стыхіі Лукскі сельвыканкам.


У аграгарадку Лукі працягваюцца работы па аднаўленні пацярпелых будынкаў. Уздоўж платоў ляжаць акуратныя кучкі галля і разбітага шыферу — дбайныя гаспадары пачысцілі свае надворкі ад будаўнічага смецця. То там, то тут на дахах можна заўважыць светлыя плямы новага шыферу. Праязджаеш па знаёмых вуліцах і не пазнаеш іх: не хапае прывычных ліп і бяроз, якія раслі ўздоўж дарог, месцамі ззяе дзіркамі зламаны ўраганам плот.

— У першую чаргу аднаўляем дахі на жылых дамах, — расказвае выканаўца работ ДП «Лукі-Агра» Генадзій Бузук. — На сённяшні дзень аднавілі дахі на зернясховішчы ў вёсцы Вышкава, цалкам скончылі рамонт дахаў двухпавярховікаў і катэджа на вуліцы Юбілейнай. Цяпер працуем на жылых дамах на вуліцы Школьнай, аднаўляем дах на зернесушыльным комплексе ў в. Унехава. Работы яшчэ шмат. Будаўнікі ад раніцы да вечара на вышыні, стараемся зрабіць усё як мага больш якасна, каб у людзей не было нараканняў.

Цалкам адноўлены дах у пенсіянеркі Ганны Максімовіч. Жанчына ўспамінае, што ў час буры ад страху амаль нічога не бачыла:

— Да навальніцы паспела ўскочыць у хату. Вельмі страшна было — трымалася за галаву, бачыла толькі, як шыфер круціла. Малілася, каб нас у доме не заваліла і не павыбівала вокны.

Ганна Іванаўна расказвае, што наступствы непагадзі ўбачыла адразу ж пасля навальніцы: сарваны шыфер, вырваныя з франтона дошкі. У хаце разбухла столь, цалкам сапсавана сцяна, па якой цякла вада.

— Адрамантавалі хату сіламі будаўнічай брыгады гаспадаркі. На чацвёрты дзень пасля непагадзі прыехалі хлопцы і за дзень усё зрабілі, за што ім вялікі дзякуй. Таксама выказваю падзяку кіраўніцтву сельвыканкама і ДП “Лукі-Агра” за тое, што не пакінулі ў бядзе.

Для аднаўлення пашкоджаных дахаў гаспадаркай было закуплена 1500 лістоў шыферу, ужо выкарысталі 930. Аднак гэтага, як адзначае Генадзій Бузук, недастаткова:

Генадзій Бузук

— Толькі для таго, каб перакрыць мехмайстэрні ў Луках, спатрэбіцца каля чатырох тысяч лістоў. Жыхарам аграгарадка шыфер прадастаўляецца па зніжаным кошце.

Набыць шыфер луччане могуць і ў магазіне “Родны кут”. Яго загадчык Марыя Ваўчок  кажа, што ў наяўнасці ёсць усё, неабходнае для рамонту:

Загадчык магазіна “Родны кут” Марыя Ваўчок

— На мінулым тыдні прывезлі 250 лістоў шыферу. Калі разабралі, хутка даставілі яшчэ 200. Засталося прыкладна 80 лістоў, людзі ўсё разбіраюць. Калі хтосьці браў шмат, тады дастаўлялі на машыне спажыўтаварыства. У наяўнасці маюцца таксама шыферныя цвікі.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара