Главная / Новости / Новости района
17.10.2023

В Кореличском районе прошел День призывника

 Служба ў арміі — ганаровы абавязак кожнага грамадзяніна. Радзіма паклікала — і 36 юнакоў з Карэліччыны ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі павесткі на абарону міру ў Беларусі. Зусім хутка для іх пачнецца новы этап: яны пройдуць курс маладога байца, прымуць прысягу і пачнуць асвойваць новыя для сябе воінскія веды і ўменні.

Са словамі віншавання да прызыўнікоў звярнуўся намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан:

— У арміі вы будзеце вучыцца абараняць не толькі Радзіму, але, у першую чаргу, саміх сябе, сваю сям’ю, бацькоў. Сучасная абстаноўка ў свеце сведчыць аб тым, што мы павінны быць гатовымі абараніць нашу краіну. Беларусы — міралюбівая нацыя, мы не збіраемся ні на каго нападаць. Але калі будуць парушаны нашыя межы, мы павінны адказаць.

Яўген Мікалаевіч пажадаў прызыўнікам, каб час, праведзены ў арміі, прайшоў з карысцю.

На добрую службу благаславіў юнакоў іерэй Андрэй Абрамовіч:

— Віншую ўсіх вас з пачаткам вельмі сур’ёзнага этапу ў вашым жыцці. Сёння вы станеце салдатамі, пачнеце сваю богаўгодную справу абароны Айчыны. Таму мне хочацца пажадаць вам моцы духу, дапамогі Госпада, каб вашы сэрцы былі напоўнены любоўю да Радзімы.

Перад прызыўнікамі выступіў начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін:

— Служба ва Узброеных сілах — школа мужнасці для кожнага юнака. Як казаў Кіраўнік нашай дзяржавы, кожны мужчына павінен умець трымаць у руках зброю, каб абараніць у першую чаргу сваю сям’ю, родны дом. У арміі вы знойдзеце сапраўдных надзейных сяброў, пра якіх будзеце памятаць праз доўгія гады. Армейскія сябры, з якімі будзеце сядзець у акопе плячо да пляча, застануцца ў памяць надоўга.

Сённяшні дзень хвалюючы не толькі для прызыўнікоў, але і для іх бацькоў. Зразумела, што ім, асабліва матулям, складана прывыкнуць да думкі, што іх сын паўтара года будзе жыць у казарме, жыць па раскладзе, выконваць загады камандзіраў. Вольга Ведзянеева з г.п. Мір праважае ў армію сына Максіма. Жанчына кажа, што вельмі ганарыцца, што ён будзе служыць на мяжы:

— Я дачка афіцэра, мой дзядуля быў афіцэрам, мой дзядзька таксама афіцэр, таму я з гонарам буду гаварыць аб тым, што мой сын служыць на мяжы, абараняе наш спакой. Сын заўжды быў гатовы служыць. Ён займаўся цяжкай атлетыкай, мог трапіць у спецназ, але не атрымалася, таму ён папрасіўся служыць на мяжу. Зразумела, што я як маці, перажываю за яго, але мой сын — сапраўдны патрыёт, у яго ніколі не было думкі пазбегнуць службы.

У Лідскім пагранічным атрадзе будзе служыць і Мацвей Адамушка з агр. Цырын. Хлопец кажа, што службы ў арміі не баіцца і ідзе туды з гонарам:

— Пагранічнік — чалавек, які першым сустрэне непрыяцеля, таму іду служыць на мяжу з пачуццём адказнасці і гонару. Фізічна я гатовы служыць, настройваюся маральна. Ведаю, што будуць складанасці, але я ўпэўнены, што годна перанясу іх і служба прынясе мне задавальненне.