Главная / Новости / Новости района
24.12.2024

В Мирском замке провели вторую сессию Молодежного парламента при Кореличском районном Совете депутатов

 На пасяджэнне былі запрошаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Замкавай выбарчай акрузе Аляксандр Сонгін, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 29 склікання па Карэліцкай выбарчай акрузе № 45 Аляксандр Лойка, дэпутат Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Сяргей Столяр і старшыня раённага аддзялення ГРА «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Куляка.

У складзе Маладзёжнага парламента Карэліччыны 19 чалавек — прадстаўнікі вучнёўскай і працоўнай моладзі.

— Наша дзейнасць накіравана на павышэнне прававой культуры і стварэнне ўмоў для ўключэння моладзі ў сацыяльна-палітычнае жыццё грамадства, стварэнне спрыяльнага асяроддзя для рэалізацыі творчага патэнцыялу і амбіцый маладых людзей, — нагадаў у пачатку сустрэчы старшыня Маладзёжнага парламента Карэліччыны Юрый Юрчык.

Ва ўрачыстай атмасферы былі ўручаны дэпутацкія пасведчанні прадстаўнікам вучнёўскай палаты.

Маладыя парламентарыі раёна актыўна прымаюць удзел у разнастайных мерапрыемствах: дыялогавых пляцоўках, дыскусіях, акцыях, прысвечаных памятным датам і святам, і многіх іншых. Распрацаваны эколага-турыстычны веламаршрут “Сэрца Карэліччыны”,  аб якім расказала інжынер па ахове працы ДП “Племзавод Карэлічы” Валянціна Сшыўнова. Вядзецца работа па добраўпарадкаванні помнікаў прыроды.

У ходзе пасяджэння была наладжана дыскусійная платформа «Беларусь будучага».

На пасяджэнні таксама прадставілі праекты, якія рэалізуюцца ў СШ г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай і Турэцкай сярэдняй школе.

Пра значэнне і этапы выбарчага працэсу, пра поспехі і дасягненні за 30 гадоў суверэннасці Беларусі нагадала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ДУДА “Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Юлія Бында: ад голасу і правільнага выбару кожнага з нас залежыць, якой стане будучыня нашай краіны.

— Маладым парламентарыям важна праяўляць сябе, быць актыўнымі, ініцыятыўнымі і рабіць усё, каб памножыць дасягненні роднай Беларусі, — рэзюмаваў Аляксандр Сонгін. — Вы прадстаўляеце свае ўстановы адукацыі, карыстаецеся даверам у вучняў вашых школ, таму вы павінны данесці да іх думку аб тым, наколькі важна быць карысным, авалодваць ведамі, атрымаць добрую прафесію па душы і шчыраваць на карысць усяго грамадства. А дзяржава гарантуе вам якасную адукацыю, магчымасць стаць добрым спецыялістам, працаўладкавацца і развівацца як прафесіянал.

Пасля пасяджэння маладыя парламентарыі накіраваліся на экскурсію па Мірскім замку.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара і Крысціны ЛАЎРУШЧЫК