Урачыстасць на беразе вадаёма пачалася святочнай літургіяй, якую адслужыў настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы Ігар Пірог. Пасля святар правёў чын асвячэння купелі.
— 19 студзеня ўвесь праваслаўны свет адзначае адно з самых шануемых святаў — Вадохрышча. Дзень, калі хрысціяне праводзяць ачышчэнне душы і цела, купаючыся ў святой вадзе. Лічыцца, што вадохрышчанская вада прыўносіць у дом мір і спакой, змываючы ўсё негатыўнае. Святая вада не толькі матывуе нас да новых здзяйсненняў, але і нагадвае нам пра маральныя каштоўнасці, міласэрнасць і спагаду. Я шчыра жадаю шчодрай Божай ласкі, духоўнага натхнення, цвёрдасці душэўных і цялесных сіл на доўгія гады. Моцнага здароўя, міру і згоды ў жыцці, — павіншаваў прысутных святар.
Каля возера была разгорнута палатка для пераапранання. Работнікі СВК “Маяк-Заполле” і ДП “Малюшычы” арганізавалі палявую кухню з гарачай кашай і гарбатай.
Бяспеку правядзення мерапрыемства забяспечылі супрацоўнікі Карэліцкага РАНС, работнікі вадалазна-выратавальнай і медыцынскай службаў раёна, а падбадзёрвалі прысутных святочныя мелодыі.
На Вадохрышча ў сваё прафесійнае свята аднымі з першых здзейснілі абрад акунання выратавальнікі Карэліцкага РАНС. У кожным з іх моцны дух, мужнасць і адвага, падмацаваныя высокай фізічнай і прафесійнай падрыхтоўкай.
– Да акунання падрыхтаваны. Першы раз акунуўся, калі служыў у арміі, практыкую ўжо на працягу дзесяці годоў. Сімвалічна і тое, што гэта адбываецца ў наша прафесійнае свята,– падзяліўся эмоцыямі супрацоўнік Карэліцкага РАНС Арцём Лапата.
Са слоў Дзмітрыя Куліцкага з райцэнтра, ён сёлета ўпершыню вырашыў акунуцца, і калі зайшоў у ледзяную ваду, то адкрыў для сябе зусім новыя пачуцці, якія складана паддаюцца апісанню:
– Рэзка адольвае люты холад, дыханне сціскае, з’яўляецца адчуванне, што паветра ў лёгкіх няма, а калі выйшаў, хутка апрануўся, то рэзка стала цёпла, быццам я дзве секунды таму і не быў у ледзяной вадзе. Гэта трэба адчуць самому.
За імі парадку дзесяці ахвотнікаў з малітвай трохразова апускаліся ў «крыніцу нятлення, збаўлення хвароб, ачышчэння душ і целаў».
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара