Главная / Новости / Новости района
31.03.2024

Велікодныя традыцыі сям’і Блашко з аграгарадка Турэц

 Велікодныя традыцыі падобныя ў кожнай сям’і хрысціян. Яны аб’ядноўваюць, прыносяць радасць і дарослым, і дзецям, — лічаць у вялікай сям’і Блашко з аграгарадка Турэц.

—  Свята светлага Вялікадня люблю яшчэ з дзяцінства, —  расказвае Ганна Блашко, якая нарадзіла і выхавала пецярых дзяцей. —  Вее ад яго дабром, святлом і цяплом. У гэтае свята заўсёды свеціць сонейка. Для ўсіх хрысціян гэтае свята самае галоўнае ў годзе. Усе радуюцца: і дарослыя, і дзеці. Калі я была маленькая, то не разумела сэнсу таго, што адбываецца ў гэты дзень з пункту гледжання рэлігіі, але заўсёды чакала яго. Гэта заўсёды было сямейнае свята з добрай традыцыяй пячы кулічы і фарбаваць яйкі. Гэтыя стравы загадзя неслі ў храм і там асвячалі напярэдадні свята. На Вялікдзень бацькі будзілі нас раненька, падводзілі да акна і казалі: «Паглядзіце, дзеткі, як сонейка танцуе, радуецца, што Езус уваскрос».

Сёння на Вялікдзень ва ўтульным доме збіраецца ўся сям’я Блашко, а менавіта тры пакаленні: бацькі, дзеці і ўнучка. Накрываюць на стол, абавязкова на стале тры стравы: кулічы, яйкі і тварожная пасха. Ганна з нявесткай пякуць кулічы, а малодшыя дзеці Аня і Юра фарбуюць яйкі. Унучка Ева прыклейвае на іх налепкі.

—  Калі сядаем за святочны стол, то, вядома, традыцыйна разбіваем яйкі ўдарам адно аб аднаго, —  з усмешкай раказвае пра сямейныя традыцыі жанчына. —  Дзеці спаборнічаюць, хто разаб’е першы. У мяне такое ўражанне, што гэтая традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне. Гэтаму ніхто не вучыў, але ўсе гэта ведаюць. Чамусьці фарбаваныя яйкі маюць асаблівы смак, яны нейкія іншыя —  самыя смачныя.

Дарослыя ў сям’і прытрымліваюцца Вялікага паста і лічаць, што галоўнае ў гэты перыяд нават не захаванне паста ў харчаванні, а кантроль над сваімі намерамі і дзеяннямі, ачышчэнне духоўнае. Абавязкова хоць бы адзін раз у пост трэба схадзіць паспавядацца. Споведзь —  гэта як збавенне ад трывожачых душу думак, пакаянне за свае грахі. Споведзь дае палёгку, а часам і шляхі вырашэння. Зрабіць гэта вельмі важна менавіта перад светлым Вялікаднем, каб у само свята адчуваць поўнае ачышчэнне душы.

Сямейныя традыцыі вялікіх святаў умацоўваюць сям’ю, аб’ядноўваюць яе агульнымі ідэямі і памкненнямі. Сем’і, якія маюць добрыя традыцыі, больш дружныя і моцныя. Вельмі важна перадаць гэтыя традыцыі сваім дзецям, каб і іх сем’і аб’ядноўвала вера. Як вядома, чалавек без яе жыць не можа.