Главная / Новости / Новости района
18.08.2022

Все учреждения образования Кореличского района получили сертификаты готовности к новому учебному году

 Два тыдні засталося да дня, калі званок пакліча вучняў за парты. Установы адукацыі раёна наведалі дзве прыёмныя камісіі, праведзена нарада па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. 


Разам з членамі камісіі накіроўваюся ў дарогу. Мае чаканні апраўдаліся: у Палужскім дзіцячым садку тэрыторыя парадавала яркімі фарбамі. Увагу прыцягнула альтанка з беларускім арнаментам, у садку — куток «Гісторыя маёй маленькай радзімы — Палужжа». У групавых пакоях чыста і ўтульна, тут зроблены рамонт гаспадарчым спосабам.

Праведзены рамонтныя работы і ў СПЦ Карэліцкага раёна. У актавай зале, як у святліцы. «Аб’ект прыняты!» — выносяць рашэнне правяраючыя дзвюм установам адукацыі аграгарадка Палужжа, якія месцяцца ў адным будынку.

Дашкольную ўстанову ў Малюшычах будуць наведваць 19 дзяцей. Тут ім вельмі рады: усё зрабілі з душой, як для сваіх, сваімі рукамі. Пафарбавалі сцены будынка, зрабілі адмостку. На тэрыторыі садка ў вочы кінулася рукавічка-церамок — без казкі аніяк. У памяшканні  — беларускі куточак: тут каласкі жыта, кнігі, газеты, сувеніры. Дзіцячы садок атрымлівае сертыфікат гатоўнасці да новага навучальнага года.

Гавораць, што гаспадар пазнаецца па двары. Прышкольная тэрыторыя ў ДУА «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа» вялікая і дагледжаная. Ды сама навучальная ўстанова і спартыўная база таксама дастойныя. У новым навучальным годзе ўстанову адукацыі будуць наведваць 109 вучняў і 29 дашкольнікаў, якім тут будзе камфортна.

Сваёй адметнасцю вызначаецца  ДУА «Цырынскі дзіцячы сад — сярэдняя школа». Наведваючы адзін за адным утульныя класы, у  кабінеце гісторыі ўвагу прыцягнула экспазіцыя  «Жыві і памятай». Больш таго, у школе аформлена тэматычная экспазіцыя музея з гісторыі ўстановы адукацыі «Гадоў імклівы бег — багацце нашай школы». Змешчаны фота настаўнікаў і выпускнікоў розных гадоў. На «Дрэве сённяшняга дня» — здымкі найбольш яркіх масавых падзей. Як высветлілася, школа гатова прыняць вучняў, а настаўнікі даваць ім трывалыя веды і выхоўваць сапраўдных патрыётаў краіны.

Падчас наведвання навучальных устаноў члены камісіі дэталёва і старанна вывучалі пытанні  гатоўнасці іх да новага навучальнага года. У склад камісіі ўваходзілі работнікі ўпраўлення адукацыі райвыканкама, прадстаўнікі райэпідэмстанцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — усе зацікаўленыя ў тым, каб для дзяўчынак і хлопчыкаў былі створаны неабходныя ўмовы для вучобы ў навучальных установах раёна.

У ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы» адбылася нарада па выніках праверкі гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. З інфармацыяй выступілі начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч і яе намеснік Ала Шэўка.
Прыёмка ўстаноў адукацыі раёна да пачатку новага навучальнага года праведзена 11 і 12 жніўня міжведамаснымі групамі. У іх склад  былі ўключаны прадстаўнікі кантрольных і наглядных службаў. Дзве рабочыя камісіі наведалі 21 установу адукацыі. У ходзе работы камісіі звярталі ўвагу на добраўпарадкаванне  прылягаючай і замацаванай тэрыторыі, эстэтыку афармлення вучэбных кабінетаў, групавых, стан інфармацыйных стэндаў, дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь. Падчас сваіх справаздач кіраўнікі рабочых камісій расказалі прысутным аб гатоўнасці навучальных устаноў да новага навучальнага года.

«Аб гатоўнасці харчовых блокаў да новага навучальнага года. Захаванне патрабаванняў СанПіН пры арганізацыі адукацыйнага працэсу» — тэма выступлення намесніка галоўнага санітарнага ўрача ДУ «Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Валянціны Бузюк. Эпідэміёлаг адзначыла, што ў цэлым работа праведзена значная, усе пытанні  своечасова вырашаны.

Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік паведаміў аб наяўнасці і стане супрацьпажарнага рэжыму ва ўстановах адукацыі. «Парушэнняў няма», — адзначыў прамоўца.

«Калектывы аднесліся да падрыхтоўкі вельмі добрасумленна, зроблена вялікая работа», — станоўчую адзнаку даў падрыхтоўцы спартыўнай базы ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Галушка.