Главная / Новости / Новости района
13.06.2024

Жители Кореличского района рассказали, как прошел их выпускной вечер

 Хутка адзінаццацікласнікі ў апошні раз пераступяць школьны ганак у якасці вучняў і атрымаюць адзін з галоўных дакументаў у сваім жыці: атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы. За іх спінамі — адзінаццаць школьных гадоў, поўных радасных і вясёлых момантаў, школьныя сябры, а ў кагосьці і першае каханне. Наперадзе — апошнія іспыты, хваляванне перад паступленнем і новае, цікавае жыццё. Напярэдадні выпускнога вечара мы пацікавіліся ў карэліччан, як яны сустрэлі дарослае жыццё.

— Мой выпускны прайшоў у 2016 годзе і выдаўся ён на славу! Да гэтага часу з трапятаннем і хваляваннем успамінаю той час, які пакінуў у душы адчуванне завяршэння дзяцінства, — расказвае метадыст ДУ “Карэліцкі раённы метадычны кабінет” Надзея ВЯНСКЕВІЧ. — Школа пакінула самыя цёплыя ўспаміны. Вось парадокс: з ёй было звязана шмат, і не самых светлых эмоцый, нервовага напружання. Але як толькі ўрокі, настаўнікі і экзамены засталіся ў мінулым, з’явілася вельмі-вельмі моцная настальгія па ўсім гэтым. І лёгкі страх: што ж будзе далей?

Жадаю выпускнікам не баяцца ў гэтым жыцці: хто ўваходзіць у яе ўпэўнена, у таго ўсё атрымліваецца! Трэба дзейнічаць. Хай у вас будзе, як у прыказцы: «Вочы баяцца, а рукі робяць»! Калі бачыш перад сабой мэту, страху не бывае.

— У 2018 годзе я скончыла 11 класаў у ДУА «Жухавіцкая сярэдняя школа», — успамінае настаўніца беларускай мовы ДУА “Лукская СШ” Дзіяна МАРЦІНЕЎСКАЯ. — Нас было пяцёра таленавітых, вясёлых і энергічных выпускнікоў. Наш класны кіраўнік Генадзій Уладзіміравіч Крупко з 5 класа прывучыў нас кожнае лета хадзіць у паходы і палатачны лагер, таму свой выпускны мы таксама вырашылі адзначыць на прыродзе. Выбралі месца, запрасілі сваіх аднакласнікаў, якія паступілі пасля заканчэння 9 класа, настаўнікаў, прыдумалі з бацькамі забаўляльную праграму. Свежае паветра, лес, світанак, песні пад гітару — усё, што трэба для яркіх уражанняў і доўгіх успамінаў.

Як жа хочацца вярнуць час назад, сабрацца разам і яшчэ раз праспяваць каля кастра пад гітару нашу любімую песню:

Дым костра создает уют,

Искры гаснут в полете сами,

Пять ребят о любви поют,

Чуть охрипшими голосами.

— Мой выпусны прайшоў у 2019 годзе, — расказвае тэхнік-тэхнолаг Карэліцкага ўнітарнага прадпрыемства “Камбінат бытавога абслугоўвання” Крысціна ЛАЎРУШЧЫК. — Спачатку быў урачысты баль на цэнтральнай плошчы райцэнтра, а потым мы адзначалі выпуск у сценах роднай СШ №1 г.п. Карэлічы. Бацькі зладзілі для нас сапраўднае свята: замовілі вогненнае і азотнае шоу, а самым прыемным сюрпрызам стаў танец нашых бацькоў.

Выпускны вечар запомніўся на ўсё жыццё. У той момант прыйшло разуменне, што дзяцінства скончылася, і пачынаецца новы, больш складаны і адказны, але ў той жа час і цікавы перыяд нашага жыцця.