Главная / Новости / Новости района
20.11.2023

Животновод СПК «Свитязянка-2003» Владимир Жигалко: «Если работать, то по-настоящему»

 Сёння на фермах і жывёлагадоўчых комплексах раёна часцей за ўсё можна сустрэць жанчын. Аператары машыннага даення, цялятніцы, заатэхнікі, загадчыкі фермаў – асноўны груз паўсядзённых клопатаў ляжыць на далікатных плячах прадстаўніц слабога полу. Але, на шчасце, ёсць выключэнні: усё часцей даглядаць жывёлу прыходзяць мужчыны, бо гаворка ідзе пра складаную працу, якая часта патрабуе фізічнай сілы.

Ва Уладзіміра Жыгалкі, жывёлавода СВК “Свіцязянка- 2003”, сёння шмат спраў. Зрэшты, як і заўсёды. Мужчына гаворыць, што праца ў сельскай гаспадарцы пастаянна патрабуе ад чалавека максімум намаганняў. Хоць шматгадовым вопытам у гэтай сферы не можа пахваліцца, але адказнага стаўлення да работы жывёлавода яму не займаць. Асаблівых складанасцяў у працы Уладзімір Аркадзьевіч не адчувае. Вядома, бывае, за дзень і стоміцца, але, як кажа сам, “да працы душой прыкіпеў”, а адпачынак дазваляе хутка прыйсці ў форму.

– Я чалавек вясковы, родам са Скрышава. Шмат у чым просты. Да ўсяго звыклы. Лічу, што працу кожны павінен выбіраць, перш за ўсё тую, да якой душа ляжыць, тады і асаблівых цяжкасцяў не ўзнікае, – дзеліцца суразмоўца.

Шлях да прафесіі быў доўгім. Пачаў сваю працоўную дзейнасць у 1984 годзе ў г. Баранавічы, дзе 33 гады прастаяў на заводзе ля станка, быў токарам. Але так склалася жыццё: прыйшлося вярнуцца ў родную вёску, каб выканаць сыноўні абавязак, дагледзець старасць самага роднага чалавека, матулі. З 2015 года працуе ў гаспадарцы. Тут па вартасці ацанілі прыстойнага, адказнага мужчыну, які старанна выконвае працоўныя абавязкі.

– Вось так, і працую, і жыву ў сельскай мясцовасці. Была б галава на плячах… калі чалавек разумна жыве, усё ў яго будзе, толькі працаваць трэба па-сапраўднаму: старанна і з жаданнем, – гаворыць ён.

Зараз Уладзімір Аркадзьевіч – жывёлавод фермы па адкорме і дагадоўванні маладняку БРЖ “Францішкова”. У яго “падначаленні” – 101 галава, даглядае цялят ад пяці да дзесяці месяцаў. Галоўным паказчыкам прафесійнай паспяховасці з’яўляецца сярэднясутачная прыбаўка ў яго групе. У нашага суразмоўцы гэты паказчык самы лепшы ў раёне і складае 1102 г. Даглядчык свой поспех з удзячнасцю дзеліць на ўсіх, адзначаючы, што вялікая роля ў высокіх паказчыках належыць своечасова нарыхтаванаму якаснаму корму, дружнаму калектыву, зацікаўленасці ў агульнай справе адміністрацыі гаспадаркі.

Сёння свой працоўны дзень жывёлавод пачаў у 7 гадзін раніцы. Пералічыў жывёлу, звярнуў увагу на стан яе здароўя, пачысціў кармушкі, праверыў наяўнасць кармавога мелу і саляных камянёў, якія абавязкова павінны быць у жывёлы. А затым панеслася… Кормараздатчык, уборка загонаў – усё паўтараецца па некалькі разоў за дзень. Наш суразмоўца прызнаецца, што аднатыпнасць працы не палохае, таму што кожны чалавек сам можа разнастаіць свой дзень. Сваімі адчуваннямі, эмоцыямі і асаблівым падыходам да справы.

Пра кожнага сельскага работніка, не важна, адпрацаваў ён шмат гадоў або толькі пачаў свой працоўны шлях, хочацца пісаць і расказваць, бо штодня вяскоўцы здзяйсняюць працоўны подзвіг. Гэтыя людзі здзіўляюць сваёй невычэрпнай энергіяй і аптымізмам, любоўю да сваёй нялёгкай справы і прыхільнасцю да малой радзімы.

І па вялікім рахунку, усе яны і ёсць тая апора, дзякуючы якой наша краіна працягвае развівацца і застаецца моцнай дзяржавай.