Карэспандэнт газеты “Полымя” пагутарыла з дырэктарам Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Сяргеем Саўко.
– Уся дзейнасць спажыўкааперацыі накіравана на дабрабыт жыхароў раёна, – адзначае Сяргей Аляксандравіч. – І для гэтага ў нас ёсць прафесійныя калектывы, якія штогадзінна і штохвілінна працуюць на карысць людзей. Структура філіяла даволі развітая. Напрыклад, у гандлі ў нас працуе 31 магазін “Родны кут”, 136 населеных пунктаў абслугоўваюцца сямю аўтамагазінамі. Тэмп росту тавараабароту гандлёвых кропак за шэсць месяцаў бягучага года склаў 104,7%. У сферы грамадскага харчавання ёсць рэстаран “Колас” і кафэ “Рагнеда”. Галіна нарыхтовак працуе і з фермерамі, і з фізічнымі асобамі, нарыхтоўваючы свежую плодаагароднінную прадукцыю, якую мы потым прадаём жыхарам або адпраўляем на перапрацоўку. Нарыхтоўваем другасныя матэрыяльныя рэсурсы.
Усяго штат Карэліцкага філіяла складае 155 чалавек. У раёне добра ведаюць работнікаў спажыўкааперацыі і шануюць іх за шматгадовую працу, паважаюць за сумленнасць, спагадлівасць, разуменне, цярпенне, тактоўнасць.
Сёлета за добрасумленную працу ў галіне гандлю Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў узнагароджана прадавец магазіна “Родны кут” з аграгарадка Варонча Алена Мялешка.
Прафесіі прадаўца жанчына прысвяціла 24 гады. За гады працы ў сферы абслугоўвання Алена Міхайлаўна выпрацавала ў сабе ўменне мець зносіны з людзьмі ў любой сітуацыі, захоўваючы спакой, ветлівасць і тактоўнасць, бо савецкі лозунг “Пакупнік заўсёды мае рацыю!» ніхто не адмяняў.
– Сёння ў гандлі працаваць не проста, таму што вялікая колькасць прыватных і дзяржаўных магазінаў стварылі значную канкурэнцыю, але спажывецкая кааперацыя не стаіць на месцы, не страціла свае пазіцыі, развіваецца і ідзе ў нагу з часам. Зараз нават самы патрабавальны пакупнік знойдзе ў гандлёвых кропках шырокі асартымент прадукцыі, прыгожую выкладку, даступны сэрвіс, сучасны дызайн і можа разлічыцца пластыкавымі банкаўскімі карткамі. І спажывецкая кааперацыя робіць усё магчымае, каб адпавядаць запытам пакупнікоў і трэндам часу, – лічыць суразмоўца.