Свята “#МоладзьЁсць!”, якое прайшло на сцэне летняга амфітэатра ў парку г.п. Карэлічы, аб’яднала не толькі маладых людзей, але і тых, хто малады душой.
На пляцоўцы каля летняга амфітэатра ў гэты дзень сабраліся не толькі тыя, хто па ўзросце прылічае сябе да моладзі, але і тыя, хто проста малады душой і гатовы да новых уражанняў. Шмат на свяце было маладых сем’яў з маленькімі дзецьмі, для якіх таксама былі прадуманы розныя забавы, працавалі атракцыёны.
Госці свята перш за ўсё траплялі на інтэрактыўныя пляцоўкі, якія падрыхтавалі з гэтай нагоды спецыяльныя праграмы.
З цікавасцю карэліччане затрымліваліся каля выставы-продажу сувеніраў ручной работы ад Карэліцкага Дома рамёстваў, а таксама рабілі дзецям аквагрым.
Была арганізавана работа гандлёвых кропак індывідуальных прадпрымальнікаў.
Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся намеснік старшыні Савета працоўнай моладзі Карэліцкага раёна Юрый Юрчык:
-Сёння мы адзначаем асаблівае свята – Дзень моладзі і студэнцтва. У гэты дзень ушаноўваем тых, хто з’яўляецца рухаючай сілай нашага грамадства, хто поўны энергіі і новых ідэй.
Маладосць – гэта не проста перыяд жыцця, гэта стан душы, час бесперапыннага росту, пошуку і адкрыццяў. Гэта час, калі кожны дзень прыносіць новыя веды, знаёмствы і магчымасці. Дзякуючы нашым смелым марам і амбіцыйным планам свет мяняецца да лепшага.
Вітала ўдзельнікаў свята і дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік:
– Маладосць – бясцэнны час, калі закладваецца трывалы падмурак будучыні, на якім трэба будзе будаваць шчасце для сябе і родных. Жадаю ўсім шанаваць кожнае імгненне, беражліва захоўваць лепшыя ўспаміны і, марачы пра большае, радавацца ўсяму добраму, што ёсць у нашым жыцці! Быць актывістам – гэта значыць валодаць асаблівай энергіяй, жывой і непаўторнай, пры гэтым несці яе іншым, умець прыцягнуць і зацікавіць.
На свяце былі ўзнагароджаны ўдзельнікі раённага конкурсу “Горад без наркотыкаў”.
Пасля афіцыйнай часткі гледачы атрымалі асалоду і зарад пазітыўных эмоцый ад канцэртнай праграмы артыстаў беларускай эстрады Кацярыны Гаўрылюк, Аляксандра Салаўёва і тэатра мыльных бурбалак.
Пад заслону свята адбыўся розыгрыш у намінацыях «Самае крэатыўнае віншаванне», “Самыя модныя акуляры”, “Самая яркая футболка”, “Самы запальны танец”.
Завяршылася мерапрыемства святочнай дыскатэкай.