Главная / Новости / Новости района
24.10.2024

В Кореличской центральной районной больнице состоялось торжественное открытие обновленного рентген-кабинета

 У Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага рэнтгенаўскага кабінета, удзел у якім прынялі старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Гардзей, міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь Юрый Селіверстаў, начальнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Павел Ашурык, галоўны ўрач УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Данута Скварада, прадстаўнікі райвыканкама.

       Юрый Селіверстаў павіншаваў кіраўніцтва раёна, медыцынскіх работнікаў з такой выдатнай нагодай і адзначыў, што прыемна ўсведамляць той факт, калі ў рэгіёне рацыянальна выкарыстоўваюцца матэрыяльныя сродкі, якія выдаткоўвае дзяржава.
Андрэй Гардзей, адрасуючы словы медыцынскім работнікам адзначыў, што раённая бальніца атрымала ў карыстанне сучаснае рэнтгенадыягнастычнае абсталяванне, якое істотна павысіць камфорт працы і якасць абслугоўвання пацыентаў. Але якім бы ні быў гэты цуда-апарат, без працавітых і ўважлівых медыкаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы – гэта проста набор дэталяў. Кіраўнік раёна выказаў упэўненасць, што медработнікі працягнуць выконваць свае абавязкі на сумленне і далей будуць дапамагаць людзям умацоўваць здароўе.

Больш 570 тысяч бюджэтных сродкаў было выдзелена на рамонтна-аднаўленчыя работы. На іх праведзены рамонт самога рэнтген-кабінета і сумежных памяшканняў. Новы рэнтгенаўскі дыягнастычны лічбавы апарат “Космас 535” ў складзе з праграмна-тэхнічным комплексам “Медыцынская дыягнастычная станцыя” для бальніцы фінансавала Міністэрства аховы здароўя. Пастаўленае рэнтгенаўскае абсталяванне на 3 працоўныя месцы прызначана для правядзення медыцынскіх дыягнастычных рэнтгенаграфічных і рэнтгенаскапічных даследаванняў.
Дзякуючы новай тэхналогіі атрымання рэнтгенаўскага малюнка цалкам выключаецца неабходнасць выкарыстання і фотахімічнай апрацоўкі плёнкі.
Удасканалены кабінет і новае абсталяванне дапамогуць урачам райцэнтра забяспечыць больш якасную дыягностыку захворванняў рэнтгеналагічнымі метадамі даследаванняў, а таксама павысіць якасць абслугоўвання і скараціць час чакання пацыентаў.
Пасля ўрачыстасці госці азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай раённай установы аховы здароўя, якая, дзякуючы дзяржпадтрымцы, пастаянна абнаўляецца, а ў медыцынскую практыку ўкараняюцца самыя перадавыя распрацоўкі.

Кацярына КУКАНАВА

фота аўтара